Ня так даўно прыдбаў у сваю калекцыю такую нямецкую паштоўку часоў Першай сусьветнай вайны. На ёй выява баранавіцкага вайсковага гарадка тых часоў. Відаць драўляная альтанка (зьлева) і праваслаўная званіца (капліца), каля гарнізоннай царквы (храм месьціўся ў бараку побач).
Сёньня і сьледу не засталося ад той капліцы, а былы храм паціху зьнішчаецца часам і людзьмі. Толькі дзякуючы нямецкім паштоўкам да нас і дайшлі выявы той каплічкі.
У дзяцінстве я часта гуляўся на месцы той капліцы, мой сябра жыў у бараку, дзе (я даведаўся значна пазьней) была гарнізонная царква.
Хутка гарадзкія ўлады пабудуюць на месцы баракаў шматпавярховікі. Зразумела, што ніхто і словам не абмовіўся пра аднаўленьне гэтай званіцы, якая была адной з нешматлікіх перлінаў горада. Зрэшты, хто пра тую сьвятыню цяпер наогул памятае?
Усе паштоўкі паходзяць з маёй калекцыі.