Томаш Вітольд Шалевіч (Tomasz Witold Szalewicz) нарадзіўся 6 лістапада 1890 у маёнтку Калдычэва, Баранавіцкага павету.
Польскі грамадзка-палітычны дзеяч, зьвязаны з Наваградчынай. Пасол Сойму IV скліканьня (1935—1938).
Шалевіч скончыў земляробчы факультэт Ягелонскага Ўнівэрсытэту. У 1918—1920 ваяваў у 1 Палку Ўланаў Краховецкіх польскага войска. Пасьля заканчэньня вайны з бальшавікамі вярнуўся на радзіму. Стварыў Земляробчае Таварыства i Аб’яднаньне землеўласьнікаў Баранавіцкага павету. Таксама займаўся каапэрацыяй. Засядаў у Гміннай Радзе ў Гародні, кіраваў Рэвізыйнай Камісыяй Баранавіцкага Павету. У 1935 абраны ад Баранавіцкай акругі паслом Сойму.
Быў жанаты з Геленай Брахоцкай, меў двух дзяцей — Кшыштафа і Зоф’ю.
У яго маёнтку ў 1942 годзе немцы заснавалі Калдычэўскі канцэнтрацыйны лягер.
Сам Томаш Шалевіч памёр 24 сьнежня 1961 у Варшаве (па іншай інфармацыі – у Лёндане).