Życie Nowogródzkie
1 красавіка
Падсудны памёр у судзе
28 сакавіка, а 12-й гадзіне, у Гарадскім судзе Ляхавічаў падчас зачытвання выраку 70-гадовы падсудны Даніэл Стрэльчык у выніку моцнага ўзрушэння самлеў. Пакліканы на месца здарэння доктар канстатаваў смерць.
8 красавіка
Адкрыццё школы рамеснікаў
Мы даведаліся, што неўзабаве ў Баранавічах адкрыецца Рамесніцкая школа. Гэтым займаецца арганізацыя Маці Школьная (Macierz Szkolna), якая ўжо стварыла ў нас Тэхнічную і Гандлёвыя школы. У нашых землях Рамесніцкая школа вельмі патрэбная і пры добрых умовах можа прынесці шмат карысці для сярэдняга класа.
Да ўвагі настаўніц
Напрыканцы сакавіка Таварыства апекі над дзяўчатамі ў Баранавічах адкрыла невялікі прывакзальны гатэлік на пяць ложкаў у доме пані Янчукевіч на вуліцы Зялёная, 3 (назва вуліцы не змянілася дагэтуль). Акрамя таго, што гэтая ўстанова размешчана побач з Палескім вакзалам, цэны там вельмі даступныя. Асаблівую ўвагу звяртаем на настаўніц, якія прыязджаюць на кароткі час у Баранавічы. Няхай жа яго дахам і паслугамі карыстаюцца.
9 красавіка
Труп пры дараўскай дарозе
Жыхар Адахаўшчыны, вяртаючыся 8 красавіка дадому з Дарава, заўважыў недалёка ад шашы труп мужчыны сярэдняга веку. Агляд паказаў, што няшчасны праляжаў там некалькі тыдняў. Хутчэй за ўсё, невядомы мужчына стаў ахвярай снежнай завеі. Асобу памерлага пакуль не атрымалася вызначыць, таму яго труп захоўваецца да прыезду судова-лекарскай камісіі.
Здарэнні
6 красавіка ў асадзе Тосін Сталовіцкай гімны, якая належыць Раману Савіцкаму, яго госць нейкі Уладзіслаў Кжэмінскі з Варшавы пачаў маніпуляваць рэвальверам гаспадара дома. Па неасцярожнасці падвыпіўшы Кжэмінскі стрэліў сабе ў левы бок. Цяжка параненага госця перавезлі ў Вольна ў шпіталь, дзе ім займаецца доктар Малецкі.
У той самы дзень у Баранавічах, на вуліцы Мінскай (з 1971 года – Прытыцкага), работнік чыгункі Назар Махаўчук быў цяжка скалечаны праходзячым цягніком №721, які ехаў з Беластока ў Баранавічы. Як высветлілася, у здарэнні цалкам вінаваты пацярпелы. Ён, нягледзячы на папярэджанне ахоўніка і апушчаныя шлагбаўмы, моцна хацеў патрапіць на іншы бок пераезду і ў гэты самы момант быў збіты цягніком. Пасля першай дапамогі яго перавезлі ў гарадскі шпіталь.
Маем механічную пякарню, але не маем хлеба
У Баранавічах існуе механічная пякарня «Еднасць» (былы хлебазавод на вул. Маякоўскага), якая забяспечвае выпечкай амаль увесь 35-тысячны горад. Пякарня тая, збудаваная паводле найноўшых тэхналогій, павінна даваць гораду хлеб адпаведнай якасці, да таго ж калі некалькі іншых пякарняў, што яшчэ існуюць тут, не могуць канкураваць з «Еднасцю». Пякарня мае некалькі супольных уласнікаў, якія, відаць, перакананыя, што горад павінен прымаць з удзячнасцю тое, чым яны ласкава адорваюць гараджан. Аднак хлеб, які выходзіць з гэтай пякарні, брудны не толькі звонку, але часта і ў сярэдзіне. Белы хлеб, які пякуць з так званай прасеянай мукі, зусім не падобны да яго, а больш да нейкага асаблівага гатунку, які пякуць толькі ў Баранавічах і абліваюць нейкім спэцыфічным растворам, смурод ад якога можа некаму цалкам адбіць ахвоту такое калі-небудзь есці.
Напярэдадні Вялікадня 4 красавіка, ужо 2 красавіка, у Баранавічах было немагчыма наогул купіць хлеба, бо якраз трохі раней пачаліся жыдоўскія святы. Папраўдзе, механічная пякарня мела багата хлеба, але цалкам закарэлага. Людзі вымушаны былі на свята запасацца тым, што цяжка назваць хлебам. А як будзе па святах, аднаму Богу вядома, ну і супольнікам «манапалістам». Падчас побыту пана міністра Складкоўскага пякарня «Еднасць» атрымала пахвалу, але ці заслугоўвае яна яе цяпер, могуць пастанавіць тыя, хто вымушаны душыцца яе прадукцыяй.
Няхай бы мясцовыя ўлады звярнулі ўвагу на пякарню «Еднасць» і яе супольнікаў, каб у будучым гараджане забяспечваліся смачнай і здаровай выпечкай.
16 красавіка
Абвестка
Выканаўца баранавіцкага павятовага суда Лявон Падарэўскі, які жыве на вуліцы Нарутовіча, 57 (цяпер Камсамольская), абвяшчае, што 7 мая, а 10-й гадзіне раніцы, на кірмашы 3 мая (цяпер раён ваенкамата і радзільнага дома) адбудзецца аўкцыён па распродажы рэчаў, якія належаць Хіларыю Віткоўскаму. Будзе прададзена мэбля і 50 кг зерня кавы, ацэненых на 1090 злотых. Са спісам рэчаў можна пазнаёміцца ў дзень аўкцыёну.
18 красавіка
Адрыццё помніка ў Мілавідах
Як мы давелаліся, у дзень Канстытуцыі, 3 мая, у Мілавідах, гміне Дабрамыскай, адбудзецца ўрачыстае асвячэнне помніка паўстанцам 1863 года. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі ўрада, а таксама прадстаўнікі сталічнай эліты.
Павышэнне цаны на хлеб
На апошнім паседжанні Цэннікавай камісіі пры баранавіцкім старастве абмеркавалі справу па ўнармаванні цэнаў на прадукты першай патрэбы. Цэны на свініну, тлушч і кілбасныя вырабы былі трохі зніжаныя, але на некаторых баранавіцкіх складах вэндліны можна купіць тлушч значна танней, за вызначаны 11 красавіка кошты.
Затое цэны на хлеб і булкі былі ўзнятыя, а менавіта за 1 кг пытляванага хлеба (з дробна размолатай і прасеянай мукі) 36 грошай, за 1 кг жытнага хлеба 25 грошай, за кілаграм булкі 1 злоты.
Аб электрыфікацыі Баранавічаў
Усім вядома, што Баранавічы на Крэсах з’яўляюцца самым маладым горадам, што з’явіўся некалькі дзесяцігоддзяў таму. Яшчэ сёння можна сустрэць старажылаў, якія некалі ўласнаручна забілі ваўка на землях, дзе цяпер поўным ходам развіваецца горад. Хаця цяпер надышлі цяжкія эканамічныя ўмовы, аднак Баранавічы ўжо з’яўляюцца самым вялікім горадам, акрамя Вільні, на тэрыторыі Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў.
У параўнанні з суседнімі павятовымі гарадамі, Баранавічы па любым пытанні выглядаюць лепей. Несумненна, тут таксама хапае заганаў, але горад лідзіруе ва ўсіх накірунках па Навагрудскім ваяводстве. Напрыклад, па чысціні. Гэта найлепей можна адчуць цяпер, падчас веснавых разліваў, калі з сухімі нагамі можна абысці ваколіцы горада на адлегласці 7 кіламетраў.
Адзіная значная балячка, якая даецца ў знакі ўсяму гораду, гэта брак асвятлення вуліц і адпаведнага забеспячэння святлом жытла.
Дзе шукаць крыніцу гэтай хваробы? Магістрат горада дагэтуль не меў дастатковых грошай на будаўніцтва ўласнай электрастанцыі. Таму дамовіўся з кіраўніцтвам чыгункі і чэрпае электрычнасць з чыгуначнай электрастанцыі, аплочваючы выдаткі па рахунках канторы электрастанцыі. Апошнім часам па Баранавічах гуляюць чуткі, што чыгуначнікі збіраюцца разарваць дамову з магістратам і прымусіць горад падпісаць новую, якая амаль на 100% павялічыць выдаткі мясцовага бюджэту.
Пры абмеркаванні новай умовы магістрат слушна можа абмяркоўваць ранейшыя хібы і непаразуменні, што адбываліся з кіраўніцтвам чыгункі.
Такі праблемы ўзніклі нават падчас прыезду прэзідэнта Рэчы Паспалітай у Баранавічы, калі падчас урачыстай сустрэчы главы дзяржавы ў памяшканні стараства электрычнасць некалькі разоў згасала па віне чыгуначнікаў, хаця магістрат папярэдзіў і настойліва прасіў кіраўніцтва электрастанцыі забяспечыць стабільнай электрычнасцю горад у гэты час.
Магістрат таксама павінен дамовіцца аб падліку электрычнасці. Кіраўнітва чыгуначнай электрастанцыі ўсталявала дэфектныя лічыльнікі, якія ўвесь час паказваюць у пяць разоў больш спажытай электрычнасці, чым гэта было ў рэчаіснасці. Калі б дырэкцыя чыгункі ў Вільні магла б гарантаваць, што такія выпадкі больш не паўторацца, тады магістрат мог бы заставацца галоўным спажыўцом электрычнасці і надалей.
Да развязвання гэтых праблем, чыгуначныя ўлады павінны падумаць аб зніжэнні коштаў на нестабільную электрычнасць ці наогул не браць грошы. Бо такія паслугі не дазваляюць гораду стабільна развівацца.
Магістрат горада не павінен мірыцца з такім станам справы і ўсё ж такі падумаць пра будаўніцтва ўласнай электрастанцыі, якая б лепей абслугоўвала гараджан. Ужо цяпер улады Баранавіч вядуць перамовы як з айчыннымі, так і з замежнымі прадстаўнікамі адпаведных фірм, што могуць збудаваць электрастанцыю.
19 красавіка
Крадзеж з узломам
На днях у буфет кінатэатра Casino, што належыць Хіндзе Валахнянскай, уламілася некалькі невядомых злачынцаў, які здзейснілі крадеж цукерак розных гатункаў на некалькі дзясяткаў злотых і збеглі ў невядомым накірунку. Справу расследуе камісарыят паліцыі.
22 красавіка
Праект пакупкі гігантафона
Рэгіянальны камітэт на чарговым паседжанні пастанавіў па прапанове старасты Пжэпалкоўскага купіць для Баранавіч гігантафон, праз які ў будучыні можна было б агучваць важныя абвесткі, прамовы, канцэрты і іншыя рэчы, карысныя для жыхароў горада.
Дзеля гэтага быў створаны адмысловы камітэт, які зоймецца зборам грошай.
Глядзіце агляды газэт за іншыя гады і месяцы