Kurjer Wileński wraz z Kurjerem Wileńsko-Nowogródzkim
12 красавіка
Апавяшчэнне аб арганізацыі таргоў
Прыстаў-выканаўца баранавіцкага гарадскога суда Станіслаў Гладкі, які мае канцылярыю ў Баранавічах па вуліцы Каперніка, 36 (цяпер Халасцякова. – Аўт.), паведамляе грамадскасці, што 17 красавіка а 9-й гадзіне ў Баранавічах, на вуліцы Сенатарскай, 12 (цяпер Горкага) адбудзецца першы аўкцыён па продажы маёмасці, якая належыць Беніяміну Бурыншгайдэру.
Яна складаецца з 108 пар порткаў, 99 мужчынскіх касцюмаў рознай якасці, 14 пінжакоў, 1 скураной курткі, 80 жаночых паліто, 1 паліто на футры, па папярэдніх падліках на агульную суму 4641 злоты. Маёмасць можна пабачыць у дні аўкцыёну на месцы і часе вышэйназваным.
(6 красавіка 1939 года. Судовы прыстаў Станіслаў Гладкі )
19 красавіка
«Бунд» заклікае да байкоту Рады іўдзейскай рэлігійнай абшчыны
Габрэі правялі мітынг у Баранавічах, скліканы габрэйскай арганізацыяй «Бунд». Прамаўлялі Гірш Дабкоўскі і Леў Вараблеўскі. Прамоўцы выступілі з вострай крытыкай дзейнасці цяперашняй Рады габрэйскай абшчыны ў Баранавічах. Па іх словах, кіраўніцтва Рады не дбае пра інтарэсы габрэйскіх рабочых і падтрымлівае толькі заможнае купецтва. У адрас кіраўніка абшчыны пана Цукерберга Вараблеўскі выставіў шэраг абвінавачанняў і заявіў, што будзе дабівацца новых выбараў на гэтую пасаду.
27 красавіка
Два вагоны сышлі з рэек
У выніку неасцярожнасці машыніста Адама Васюкевіча падчас манеўровых работ на чыгуначнай станцыі «Баранавічы-Цэнтральныя» лакаматыў наехаў на чыгуначную платформу. У выніку два вагоны саскочылі з рэек. Пашкоджаны бампер і ліхтары паравоза.
Рамізнік наехаў на раварыста
На вуліцы Нарутовіча (цяпер вул. Камсамольская) рамізнік Ёсел Каплан наехаў на Мікалая Півошку (жыхара вёскі Дубава), які ехаў на ровары. У выніку Півошка атрымаў траўмы, а ровар быў пашкоджаны.
Гэтага прадпрыемства ўжо няма. Але ў 150-гадовай гісторыі гораду 80 гадоў існаваў мясакансервавы камбінат.
Камбінат пабудавалі на ўзгорку
Гісторыя Баранавіцкага мясакансервавага камбіната пачалася ў 1924 годзе. Тады Баранавіцкі магістрат сваёю пастановаю забараніў забой жывёлы на тэрыторыі горада. Для гэтых мэтаў была выдзелена пляцоўка на горцы Галынка – у той час за кіламетр ад мястэчка Баранавічы (на гэтым узвышшы з забытай назвай Галынка дагэтуль знаходзяцца будынкі забойнага і каўбаснага цэхаў).
Аднак толькі ў 1927 годзе гэта невялікае прадпрыемства пачало сваю дзейнасць. Для забою буйной рагатай жывёлы быў пабудаваны цагляны бокс, а для забою свіней – выкапана 10 ям (цяпер на іх месцы ўзвышаецца халадзільнік).
Разбудова новай рэзні (бойні) працягвалася да 1933 года. Як пісаў “Kurier Nowogródzki”, 13 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё рэзні, пабудаванай на сродкі магістрата. Паведамлялася, што на гэта пайшло 73 000 злотых з гарадскога бюджэта.
Нашы кансервы пастаўлялі ў Францыю
Прыкладна ў 1935 годзе кампанія з Прусіі падпісала з польскім урадам кантракт на адкрыццё сумеснай вытворчасці па выпуску тушанай свініны і кансерваванай гародніны. Дзякуючы намаганням бургамістра Баранавічаў Людвіка Вольніка, месцам заснавання прадпрыемства быў абраны наш горад.
Гэта рашэнне дало штуршок развіццю будучага Баранавіцкага мясакансервавага камбіната. Бургамістр Людвік Вольнік (па адукацыі інжынер) сам заняўся распрацоўкай праекту і будаўніцтвам кансервавага цэха.
Новая вытворчасць і рэзня падзяляліся вуліцай Нарутовіча (сучасная Камсамольская). Сучасная вуліца Лермантава яшчэ ў 1947 годзе называлася Рэзьніцкая. 19 снежня 1936 года адбылося асвячэнне і адкрыццё “экспартовай рэзні і механічнай фабрыкі кансерваў “Kresexport”, пісала “Zycie Nowogródzkie”.
Агульны кошт рэзні і кансервавага камбінату склаў 492 071 злоты. Была перабудавана сама рэзня, збудавана новая фабрыка кансерваў, “узорная салярня скуры быдла”, 4 асобныя халадзільныя камеры і адна перадхаладзільная з механічным астужваннем паветра (падзеленыя на 22 аддзяленні). Таксама зроблена вытворчасць штучнага ільду, вялікая сушылка экспартовай вяндліны і вяндлярня.
Як пісалі ў газеце, у цэнтральнай частцы новага будынку і яго паўночным крыле размясціліся фабрыка кансерваў і мясных прадуктаў фірмы “Kresexport”. Дырэктарам фірмы на момант адкрыцця быў Дудзінскі.
Перабудова дазволіла пашырыць вытворчую плошчу прадпрыемства ў два разы. Мяса пастаўлялася наўпрост з забою ў кансервавы цэх. Кансервы экспартаваліся ў Прусію і Францыю.
Новае прадпрыемства хутка заявіла пра сябе. Баранавіцкая рэзня і кансервавы завод сталі самым магутным мясаперапрацоўчым цэнтрам ва Усходняй Польшчы, абагнаўшы найбуйнейшую на так заваных Крэсах Ваўкавыскую рэзню.
На прадпрыемстве працавала прыкладна 50 чалавек. У сярэднім у месяц Баранавіцкая бойня перапрацоўвала каля 600 свіней. Буйной рагатай жывёлы забівалася трохі – 10-15 галоў у тыдзень, пад заяўку ўладальнікаў мясных крамаў.
У 1939 годзе быў пабудаваны каўбасны цэх. Бо мясакамбінат у той час знаходзіўся за горадам, гараджан не турбавалі непрыемныя пахі. Каналізацыя прадпрыемства ўяўляла сабой выкапаны катлаван бліжэй да вуліцы Узногаўскай (цяпер 50 гадоў БССР). Туды самацёкам з унутранай каналізацыі сцякалі вадкія адходы вытворчасці. У катлаване сцёкі часткова выпараліся ў атмасферу, а большая частка ўбіралася ў грунт.
Пасля верасня 1939 года
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР мясакамбінат быў нацыяналізаваны. Дырэктарам прадпрыемства ў 1940 годзе быў нехта Блажэвіч.
У той год у дзве змены прадпрыемства перапрацоўвала 200 галоў буйной рагатай жывёлы, 200 свіней і вырабляла 2,5 тоны кілбасных вырабаў.
Тады ж, у 1940 годзе, быў створаны праект па адводзе прамысловых сцёкаў у возера Галынка. Карьер ад таго вадаёма знаходзіцца ў раёне сучаснага завулка Саўгаснага. Аднак той праект па невядомых прычынах не быў рэалізаваны. Магчыма, перашкодзіў гэтаму пачатак вайны паміж Германіяй і СССР.
Харчовы бос Баўдзей
Падчас гітлераўскай акупацыі мясакамбінат працягваў працу, пастаўляючы прадукцыю як для патрэб нямецкай арміі, так і для мясцовага насельніцтва. Камбінатам кіраваў у той час Баўдзей, які калісьці працаваў падручным у мясніка Баранцэвіча. Баўдзей адкрыў у горадзе ў той няпросты час сваю сталовую, а таксама актыўна займаўся спекуляцыяй золатам.
Яго называлі “босам харчавання”, і ён меў вялікі ўплыў на нямецкую і мясцовую адміністрацыю горада. Старыя супрацоўнікі мясакамбіната яшчэ у 1980-я гады расказвалі, што ў начны час Баўдзей дапамагаў мясапрадуктамі і перапрацоўкай жывёлы партызанам. Гэта было лёгка рабіць, бо прадпрыемства знаходзілася за горадам.
Пасля вайны…
Вызваленне горада савецкімі войскамі адбылося 8 ліпеня 1944 года. Ужо 27 ліпеня 1944 года быў арганізаваны Баранавіцкі мясакансервавы камбінат, падведамны Наркамату мясной і малочнай прамысловасці. Дырэктарам быў прызначаны Уладзімір Васільевіч Колас.
У 1948 г. на мясакамбінаце была праведзена рэканструкцыя. Мадэрнізаваны тэхналагічныя працэсы, колькасць працуючых узрасла з 50 да 300 чалавек. У 1950 годзе забой жывёлы дасягаў 250 галоў у дзень.
Прадукцыя камбіната экспартавалася не толькі ў краіны сацлагера, але і ў Францыю, ФРГ, Італію і Англію.
У 1960-х быў пабудаваны двухпавярховы адміністрацыйны будынак, чатырох’ярусны халадзільнік. Тут працавала 760 чалавек, з іх 33 чалавекі з вышэйшай і 73 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
З-за дэфіцыту мясапрадуктаў, што ўзнік ў савецкі час, большая частка прадукцыі камбіната ў сярэдзіне 1970-х накіроўвалася ў Маскву і Ленінград. Часам жыхарам Баранавіч лягчэй было сустрэць баранавіцкія каўбасныя і кансервавыя вырабы на прылаўках сталіцы СССР, чым у сваіх гарадскіх крамах.
У атачэнні гораду
Імклівы рост горада Баранавічы прывёў да таго, што мясакамбінат у пачатку 1980-х апынуўся ледзь не ў цэнтры. Для пашырэння вытворчых плошчаў, а таксама вынасу вытворчасці забою за межы горада быў зацверджаны праект, а ў канцы 1980-х пачата будаўніцтва новага мясакамбіната на Слонімскай шашы. Было закуплена найноўшае на той час абсталяванне, баранавіцкіх абітурыентаў накіравалі на вучобу ў Маскоўскі ўніверсітэт мясной і малочнай прадукцыі.
Аднак у сувязі з распадам СССР з 1991 года фінансаванне будаўніцтва было замарожана, як потым высветлілася, назаўжды. Гэта прывяло да таго, што прадпрыемства, застаўшыся ў цэнтры горада, не мела магчымасці пашыраць свае магутнасці.
У пачатку 1990-х камбінат набыў адзіную ў СССР лінію па вырабу кансервавай банкі з ламінефальгі. Гэтая банка лёгка дэфармавалася, але захоўвала трываласць і гэрметычнасць. Навінку планавалася пастаўляць у вайсковыя спецпадраздзяленні. Выпуск кансервавай банкі ў ламінефальзе пачаўся ў 1995 годзе. Аднак з-за коштаў на матэрыял для банкі яе вытворчасць зрабілася нерэнтабельнай.
У 2000 годзе была праведзена рэканструкцыя каўбаснага цэха, устаноўлена новае імпартнае абсталяванне. У 2005 годзе пачаліся работы па пашырэнні кулінарнага ўчастка. Планавалася павялічыць вытворчыя магутнасці па выпуску пельменяў, а таксама асвоіць выпуск блінцоў з мясам.
Канец незалежнасці
Аднак абмежаваны межамі горада камбінат не мог нармальна працягваць пашырэнне сваіх магутнасцяў, а значыць – і павялічваць выпуск прадукцыі. У гэты час Саветам Міністраў было прынята рашэнне аб вынасе забойнага цэха за тэрыторыю горада. Кіраўніцтва вобласці прапанавала ідэю пераносу забою жывёлы з усіх мясакамбінатаў Брэстчыны на Бярозаўскі мясакансервавы камбінат.
У выніку рашэннем Брэсцкага аблвыканкама Баранавіцкі мясакансервавы камбінат у снежні 2007 года быў далучаны да Бярозаўскага мясакансервавага камбіната. Само прадпрыемства было перайменавана ў вытворчы цэх г. Баранавічы. Практычна адразу была ліквідавана кансервавая вытворчасць. А праз год, у верасні 2009-га, у Баранавічах быў спынены забой жывёлы.
У 2013 годзе адбылося пашырэнне каўбаснай вытворчасці за кошт былых памяшканняў забойнага цэха.