Выявілася, што я, разам з беларускім народам дэстабілізую фінансавы
рынак краіны. Прызнаюся, я таксама
скупляю валюту на ашчаджаныя беларускія рублі са свайго заробку. А гэта як сказалі ў “Панараме” можа прывесьці да новага дэфолту.
Усё ж кіраўніцтва нашай краінаю жыве ў нейкім асобным сьвеце, які
спрабуе прывязаць, ці навязаць і нам. Мы ж проста побач з тымі гучнымі
заявамі прачытаем іншыя загалоўкі навінаў: “У Беларусі зь 5
кастрычніка даражэе на 10% хлеб” , “Газ і ацяпленьне даражэе з 1
кастрычніка”, “З 1-га кастрычніка даражэее праезд у грамадзкім
транспарце”, “За гарадскім транспартам даражэе і прыгарадны”, “З 1
кастрычніка вырастуць цэны на імпартныя цыгарэты”, “Інфляцыя ў
Беларусі ў 20,5 разоў перавысіла сярэднеЭўрапейскую”… і г.д.
Скажу шчыра, як і шмат хто з нашых людзей, (думаю, што падпішацца пад
гэтымі словамі большасьць беларусаў): валюту мы скупаем не таму, што
хочам абваліць шматпакутны беларускі рубель. Мы проста неяк спрабуем
выратаваць свой заробак ад інфляцыі.
Што было, калі мы б не куплялі валюты з
пачатку году, адкладалі лішкі ў беларускіх рублях? Гэта неяк
паўплывала на падаражэньне паліва, электрычнасьці ці прадуктаў? Кожны
смаркаты двоешнік скажа, што не.
Таму – мы проста ратуем сваё. Колькі б я купіў бы кілбасы ці хлеба на мільён
у студзені і колькі ў кастрычніку? Мой знаёмы з зайздрасьцю глядзіць
на Ўкраіну і Літву – іх грошы трымаюцца дзясяткі гадоў на адным
ўзроўню да эўра і даляра. Нашым суседзям скупка валюты сапраўды не патрэбная. А мы ж
ужо забыліся – колькі разоў і колькі нулёў адразалі ад “зайца” з
пачатку 1991 года? Дадайце да курсу даляра 4 нуля! Атрымаецца, што даляр сёньня каштуе -92 мільёны савецкіх рублёў!
Хаця, у нас жа адрозная ад іншых краінаў эканамічная мадэль разьвіцьця і нам трэба спадзявацца, што ўсё ў нас будзе добра…