Życie Nowogródzkie
1 сакавіка
У Баранавічах пачынаюць будаваць віядук
27 лютага ў кабінеце начальніка Дарожнага аддзела PKP (польскай дзяржаўнай чыгункі) адбылася канферэнцыя з удзелам старасты, магістрата, гарнізона і чыгункі. Абмяркоўвалася справа пабудовы віядука (пешаходнага маста), які злучыць Новыя Баранавічы і казармы з вакзалам. Вайскоўцы праектавалі пабудову віядука з паўднёвага боку. Камісія, аднак, ухваліла яго пабудову з паўночнага боку, кіруючыся патрэбамі не толькі войска, але і жыхароў Новых Баранавіч. Будаўніцтва віядука ў нашым горадзе ліквідуе небяспечнае хаджэнне праз рэйкі і разгрузіць вуліцу Шасовую (цяпер Брэсцкая) ад прывязкі да чыгуначнага руху.
Будаўніцтва віядука дазволіць працаўладкаваць частку беспрацоўных.
8 сакавіка
Рэха бунту ў Сталовіцкай гміне
Пракурор накіраваў да Акруговага суда акт аб пакаранні жыхароў вёскі Альсевічы Сталовіцкай гміны: Паўла, Якуба, Аляксандра, Уладзіслава, Вінцэнта і Пятра Шылава, Якуба Сявіцкага, Дзмітра і Андрэя Бузаў, Лукаша Пуханта, Тэадора Макавіка, Стэфана, Тэадора і Андрэя Раманоўскіх, Яна Слобыша, Аляксандра Чарнагорскага, Аляксандра і Макара Селіванаў і Піліпа Долмата, якія летась былі героямі гарачай сутычкі з паліцыянтамі.
Пералічаныя вышэй асобы падгаворвалі іншых да самавольнага разбурэння маста, збудаванага на балоце на мяжы вёсак Якімовічы і Альсевічы. Пры гэтым яны прынялі ўдзел у публічным сходзе, перашкаджалі дзейнасці паліцыі, валілі паліцыянтаў на зямлю і адбіралі ў іх карабіны, пасы ды патроны. Акрамя таго, абвінавачаныя напалі на солтыса, які прыехаў на дапамогу паліцыянтам, сарвалі з яго значок солтыса. Эпагеем усяго было прымусовае этапаванне паліцыянтаў і солтыса ў вёску Альсевічы ды пазбаўленне іх на некалькі гадзін свабоды, пакуль туды на дапамогу не прыбыў атрад паліцыі.
11 сакавіка
Падрабязнасці сялянскага бунту
Мы ўжо пісалі пра сутычку жыхароў Альсевічаў з паліцыяй. Апішам падрабязней тыя падзеі.
Вялікае балота, что знаходзіцца каля вёсак Альсевічы і Якімавічы, перашкаджала нармальнай камунікацыі людзей у ваколіцах. Летась збудавалі там мост, які адначасова размежаваў землі тых вёсак. Гэта прывяло да розных непаразуменняў, напрыклад, хто павінен пільнаваць мост, а хто яго рамантаваць і г.д.
На тле гэтага нарэшце ў ліпені дайшло да моцных хваляванняў. Жыхары Альсевічаў, падбухтораныя некалькімі авантурнікамі, сабраліся каля маста і пачалі яго знішчаць, спрабуючы потым падпаліць.
З пастарунка паблізу было накіравана туды шэсць паліцыянтаў. Распаленыя пратэстоўцы атакавалі з косамі паліцыянтаў і, атачыўшы шчыльным колам, раззброілі. Солтыса, які абараняў паліцыю, ледзь не забілі, і ён вымушаны быў ратавацца ўцёкамі. Раззлаваныя сяляне, забыўшыся пра міласэрнасць, вярнуліся ў вёску разам з «палоннымі» паліцыянтамі і солтысам, якога злавілі на дарозе ў Баранавічы.
Вязняў яны размясцілі ў адным з дамоў пад аховай парабкаў.
Толькі праз пару гадзін, са стараства, дзе даведаліся пра бунт, прыехаў узмоцнены атрад паліцыі, на чале з афіцэрамі, які вызвалі закладнікаў. Супакоеныя сяляне пачалі перакідваць віну ў адбыўшыхся падзеях, адзін на аднаго, але сапраўдных падбухторшчыкаў хутка выявілі і арыштавалі.
Пад ключом апынуліся дваццаць жыхароў вёскі Альсевічы на чале з вядомым у ваколіцах авантурнікам Паўлам Шылам.
12 сакавіка
Новы змены ў Магістраце
Калі раней даводзілася трапляць у баранавіцкі Магістрат, кідалася ў вочы задуха і тлум ад наведвальнікаў, якія таўкліся ў цесным калідорчыку. Цяпер у магістраце адбыліся змены да лепшага. Адноўлены вялікі пакой для залы-чакальні, якая так добра размешчана, што адразу тут ёсць праход да пакояў пана бурмістра і яго намеснікаў. Наведвальнікі сядзяць і чакаюць сваёй чаргі, не перашкаджаючы чыноўнікам і не пакутуючы ў невыносных умовах, стоячы на калідоры. А сама зала-чакальня такая вялікая, што можа падысці для невялікіх паседжанняў розных арганізацый.
14 сакавіка
Пра стварэнне музея
У зале павятовага музея імя Рэйтана ў Баранавічах адбылося паседжанне музейнай суполкі на чале з дырэктарам – прафесарам Турскім.
Было разгледжана некалькі пытанняў: ухвалены бюджэт музея і ўхвалены час урачыстага адкрыцця музея, якое адбудзецца на імяніны маршала Пілсудскага (18 сакавіка, а 16.30). Пасля да апошніх дробязей абмеркавалі цырымонію адкрыцця музея і спосабы яго папулярызацыі. Адбылася праца над артыкуламі Статута музея. Вырашана запрасіць рэвізійную камісію, якая б ацаніла зборы маладога, але ужо досыць заможнага каштоўнымі прадметамі музея.
Ухвалена, што Баранавіцкі павятовы музей імя Рэйтана будзе працаваць тры разы на тыдзень: у нядзелю з 14 да 19 гадзін, у суботу з 15 да 19 гадзін, а ў чацвер з 12 да 17 гадзін. Уваход – 25 грошай з адной асобы.
Сябры суполкі агледзелі экспазіцыю музея, падзівіўшыся тытанічнай працай куратара – пана прафесара Турскага.
18 сакавіка
Нешчаслівы выпадак
14 сакавіка, а 16-й гадзіне, жыхары вёскі Анісімавічы – 8-гадовы Пётр Швед, 11-гадовы Андрэй Ваніцкі і 10-гадовы Павел Бугай – у полі каля вёскі знайшлі пакінутую вайскоўцамі на вучэннях вучэбную гранату. Падчас гульні хлопчыкаў з ёю адбыўся выбух, у выніку якога ўсе трое атрымалі раненні і апаленне твару. Параненых хлапцоў адвезлі ў баранавіцкі павятовы шпіталь.
Забойства дзіцяці
16 сакавіка ў студні, якая належыць Нахіму Валахвянскаму, на вуліцы Нарутовіча, 26 (цяпер Камсамольская) быў знойдзены труп хлопчыка, прыкладна двух месяцаў ад нараджэння. Дзіцё было апранутае ў кашульку і белую шапачку. На трупе хлопчыка на галаве пад правым вокам ёсць след ад удару. Цела перавезена ў морг пры гарадскім шпіталі. Забойства пакуль не раскрытае.
Высокая ўзганарода
Дэкрэтам прэзідэнта Рэчы Паспалітай баранавіцкі стараста Жыгмунт Пжэпалкоўскі быў узнагароджаны Крыжам Незалежнасці.
24 сакавіка
Парад у Баранавічах
У гонар імянінаў маршала Пілсудскага 18 сакавіка ў горадзе прайшоў шэраг урачыстасцяў, сярод якіх быў і парад. Перад помнікам Невядомаму салдату (цяпер клумба насупраць гатэля «Гарызонт») да пачатку сабраўся тлум з некалькіх тысяч чалавек. Паліцыянты ў гранатавых мундзірах ледзь стрымлівалі натоўп. Усе спрабавалі заняць найвыгоднейшае месца, каб усё пабачыць. Нарэшце калона паказалася на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкай).
Маршыруючым з трыбуны салютуе генерал Крок-Пашкоўскі, віцэ-ваявода Гадлеўскі, генерал Скатніцкі і стараста Пжэпалкоўскі. Перад сабранымі роўным крокам рушаць падраздзяленні 78 пяхотнага палка, 26 уланскага палка, 9 дывізіёна коннай артылерыі, 20 дывізіёна лёгкай артылерыі, вайсковай падрыхтоўкі, дзяржаўных гімназій, гімназіі Барбары Радзівіл, школы гандлёвай, школы будаўніча-дарожнай, пажарнікаў Старых і Новых Баранавічаў (апошняя першы раз прымае ўдзел у парадзе, бо толькі нядаўна была створаная), урэшце, чыгуначнікі, паштальёны і грамадскія арганізацыя, такія як Аб’яднанне стральцоў і Лігі супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны.
27 сакавіка
Тэндар на брукаванне вуліц у Баранавічах
Пры паданні прапановы ў магістрат патрэбна напісаць цану аднаго квадратнага метра за выкананую работу, а менавіта: выкананне земляных работ згодна з тэхнічным рэгламентам, падсыпка пяском таўшчынёй 20 см, выкладка бруку як на дарозе, так і на рыштоўку (канаўка для сцёку вады каля ходніка), умацаванне і моцнае ўбіццё камення ў зямлю, падсыпка выкладзенага бруку пяском таўшчынёй 2 см, планаванне ходніка шырынёй 3 метры, вываз рэшткаў зямлі і смецця пасля заканчэння работ.
Напярэдадні ўдзелу ў тэндары заяўнік уносіць заклад на суму 1000 злотых. Аб’ём работ можна паглядзець у Тэхнічным аддзеле Магістрата ў працоўныя дні.
Разгляд прапаноў адбудзецца 10.04.1931 года, а 12-й гадзіне. Прапановы трэба падаваць у заклееных капэртах у сакратарыят Магістрата.
Магістрат пакідае за сабой права выбару прапановы, незалежна ад вынікаў тэндару і можа зменшыць ці павялічыць аб’ём работы.
31 сакавіка
Смяротная бойка
26 сакавіка, а 8-й гадзіне, жыхар вёскі Дубава, 80-гадовы Ян Чупрык, вёў карову дарогай у Баранавічы ды сустрэў 23-гадовага Андрэя Рошчанку, які вёз з горада гной. Абодва не пажадалі саступіць адзін аднаму дарогу, з-за чаго пачалася бойка. Падчас яе Рошчанка некалькі разоў ударыў Чупрыка віламі ў галаву і нанёс вельмі цяжкія пашкоджанні. Стары страціў прытомнасць, і яго ў цяжкім стане адвезлі ў баранавіцкі шпіталь. Рошчанка арыштаваны.
Глядзіце агляды газэт за іншыя гады і месяцы