Жыды пачалі сяліцца ў Баранавічах ад пачатку яго заснаваньня. Да вайны яны складалі значную частку насельніцтва гораду. Большасьць зь іх загінула пад час вайны. На сёньня гэтая значная частка гісторыі Баранавічаў забытая і мала каму вядома.
За царскім часам
Баранавіцкія грабары на жыдоўскіх могілках. Нямецкая паштоўка часоў 1 сусьветнай вайны.
Афіцыйны дазвол на жыльлё жыдам быў дадзены толькі ў 1903 годзе – яны маглі сяліцца толькі ў Старых Баранавічах (цяпер ваколіцы станцыі Баранавічы-Цэнтральныя).
Але амаль ад заснаваньня станцыі Развадава (Баранавчіы-Цэнтральныя) побач стаяла карчма Шаі, які збудаваў тут дом найперш сабе, а потым некалькі будынкаў для здачы ў наём. Побач з карчмою Шаі пачалі будавацца дамы іншых жыдоў, сярод якіх вядомасьць набыў Ізраэль Вялікі. У карчме затрымліваліся жыдоўскія рамізьнікі, званыя балаголамі, што вазілі галоўным чынам чыгуначныя шпалы. У гэты час пашыраўся гандаль коньмі, якіх везьлі за граніцу. Карчмар Шая, быў майстрам апавяданьня, затрымліваліся ў яго ахвотна таксама і дзеля таго каб паслухаць. Штораз часьцей пачалі заглядаць сюды купцы збожжа і дрэва.
У 1886 годзе ў Баранавічы прыбыў з Быценя Капялёвіч — рэзьнік для выкананьня забойства кашэрнай жывёлы. У 1887 годзе да гораду прыбыў рабін Любчанскі, а ў 1888 годзе паўсталі жыдоўскія могілкі пры вуліцы Графскай (Чарнышэўскага), тады акурат за мястэчкам. Да іх узьнікненьня спрычынілася трагічнае ўтапленьне ў тым годзе двух хлапцоў, сярод якіх быў і сын прыехаўшага нядаўна рабіна. Прыкладна тады ж была збудавана і першая сынагога.
Баранавіцкі жыд, нямецкая паштоўка часоў 1-й сусьветнай вайны.
У 1898 годзе зь Менску прыехаў Зімл Мінц (Zimł Minc), прадстаўнік Усежыдоўскай Канфэрэнцыі Сыяністаў. Да 1906 году ён узначальваў баранавіцкую філію, пасьля чаго зьехаў ў ЗША, а адтуль да Палестыны. Сыяністычнаму руху процістаялі артадаксальныя жыды. У 1899 годзе была заснаваная жыдоўская бібліятэка, а пры ёй чытальня пад кіраўніцтвам Лімана. Толькі значна пазьней пачалі стварацца сыяністычныя прамілітарыстычныя арганізацыі.
У 1899 годзе да Баранавіч прыехаў Разэнбойм (Rozenbojm) — чалавек, што зьбіраўся далучаць жыдоў да ідэі сыянізму. У 1906 годзе ён нават быў абраны ў расейскую Дзяржаўную Думу. Была пабудаваная сыяністычная школа.
Іншай палітычнай плыньню у жыдоўскім асяродку былі сацыялісты, рэпрэзэнтаваныя галоўным чынам праз Бунд.
У 1908 годзе Баранавічы наведаў Шалом-Алейхем, які атруціўся ў мясцовым гатэлі і ледзь не памёр. Пасьля мястэчка было згадана ў апавяданьні «Баранавічы». Будынак на вуліцы Камсамольскай цяпер мае памятную дошку пра тую падзею.
Першая сусьветная вайна
Пад час знаходжаньня ў горадзе Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага баранавіцкія жыды пастаўлялі туды прадукты. Аднак пасьля паразаў расейскага войска габрэйская грамада была абвінавачаная ў віжоўстве і аддаленая ад Стаўкі. Некалькі чалавек было арыштавана. Толькі пасьля прыезду з Масквы галоўнага рабіну Расеі й гутарак з вайсковымі ўладамі былі адноўлены разарваныя кантракты. Напружаньне ўзьнікла на нейкі час ізноў, калі ў праяжджаючы царскі аўтамабіль выпадкова трапіў мяч гуляючых побач жыдоўскіх дзяцей. У першы момант з гэтага зрабілі справу аб замаху, узьнялі на ногі ворганы бясьпекі. Аднак пасьля на гэтае здарэньне забыліся.
Пасьля адыходу расейскага войска і выгнаньня ў бежанства праваслаўнага насельніцтва ў Баранавічах сярод жыхароў жыды склалі 90%. Раніцай 24 верасьня 1915 жыхары выйшлі на вуліцы паглядзець на нямецкае войска. Сярод кайзераўскіх жаўнераў таксама было шмат жыдоў. Гэта спарадзіла аптымізм, але адзін нямецкі габрэй-афіцэр папярэдзіў: «Жыды, ня цешцеся. Гэта яшчэ не Мэсыя!».
Працяг тут