Kurjer Warszawski
9 жніўня
Эпідэмія пад Баранавічамі
Эпідэмія сібірскай язвы ў Навамышскай гміне падцверджана пасля даследванняў ветэрынараў у Вільні трупаў кароў. Сітуацыя вельмі напружаная, бо сібірскай язвай заразіліся тры жыхары вёскі Небыты, якіх змясцілі ў шпіталь у Баранавічах. Санітарныя службы задзейнічалі ўсе сродкі, каб спыніць распаўсюд заразы.
Вялікая рыба
10-кілаграмовага ласося злавілі ў Шчары ў Дабрамысльскай гміне, каля маёнтка пана Варанцова. Рыбу выкупіў пан Варанцоў. Ласось прыплыў сюды каналамі з Балтыкі.
Ziemia Lubelska
4 жніўня
Трагедыя пад Баранавічамі
У мястэчку Гарадзішча спалохаўся конь, які цягнуў воз, на якім ехаў Захар Белзоўскі. Конь наскочыў на 30-гадовую Хаю Наўманоўскую, якая пераходзіла вуліцу, і цяжка яе параніў. Белзоўскі ж зваліўся з воза і атрымаў моцныя пашкоджанні. Абедзве ахвяры здарэння ў безнадзейным стане прывезены ў павятовую баранавіцкую бальніцу.
Kurjer Wileński
14 жніўня
Бура над Баранавічамі
Учора над Баранавічамі прайшла вельмі моцная бура, якая бушавала каля 12 гадзін. Падчас яе была перарваная тэлефанічная сувязь з горадам. Бура нанесла шмат шкоды, якая пакуль не падлічана.
28 жніўня
Папаўся злодзей равароў
У сувязі з некалькімі выпадкамі крадзяжоў равароў у Баранавчіах, следчыя затрымалі Юзіка Каянка, жыхара хутара Жалезніца, у якога знайшлі ровар, скрадзены 14 жніўня ў Эльяша Мэера. Каянка даставілі ў гарадскі суд у Баранавічах.
Замах на забойства
На днях Андрэй Калоша, жыхар вёскі Галынка Вальнянскай гміны, падаўся ў поле ў пошуках згубленага каня. За 1 км ад вёскі ён быў затрыманы гаёвым (лесніком) маёнтка Ніжняе Чэрніхава Аляксандрам Хінчыкам, які без дай прычыны стрэліў у Калошу з дубальтоўкі. Калоша быў цяжка паранены ў галаву з пашкоджаннем правага вока. Яго перавезлі ў павятовы шпіталь у Баранавічах.
29 жніўня
Разарвалі дамову з Nobel
На днях гарадская рада Баранавіч разарвала непрадукцыйную дамову, падпісаную на 10 год з фірмай Nobel, на працу бензінавай станцыі, што прыносіла гораду каля 200 злотых прыбытку ў год. Новая дамова падпісана на 10 год таксама з той самай фірмай Nobel. Яна прынясе гораду 2250 злотых штогадовага прыбытку. Акрамя таго, фірма абавязуецца пабудаваць яшчэ адну бензінавую станцыю ў Баранавічах.
Крадзяжы
У Сабіны Швіранскай, якая жыве на вуліцы Шасовай, 10 (цяпер Брэсцкая), невядомы злачынца скраў шаўковую бялізну вартасцю 100 злотых. У Канстанціна Несцяровіча, жыхара вёскі Жлобін, каля Баранавічаў, невядомыя скралі 100 кг жыта з незачыненага гумна.
30 жніўня
Інцыдэнт на палігоне
Учора на полі пад Лясной праходзілі вучэбныя стрэльбы артылерыі. Стралялі з цяжкіх гармат. Нечакана адзін снарад выбухнуў у люфе гарматы і цяжка пакалечыў паручніка Чапельскага і кананіра Кардэльца. Выбухі і абломкі зброі пашкодзілі ім тулава, пакалечылі рукі, ногі і твары. У вельмі цяжкім стане іх адвезлі да шпіталя.
Па папярэдніх дадзеных, выбух адбыўся з-за пэўных хібаў у канструкцыі гарматы. Акрамя таго, сам снарад мог мець нейкія дэфекты.
Баранавіцкі гандляр трапіў пад колы
Нядаўна прадаўцы свіней з Баранавіч везлі на грузавіку ў Варшаву свой жывы тавар. За некалькі кіламетраў ад Варшавы адна свіння выскачыла з аўто і пачала ўцякаць у поле. У гэты момант адзін з гандляроў, Салтынец, у пагоні за свіннёй выскачыў на хаду з грузавіка і трапіў пад колы ды атрымаў цяжкія траўмы ўсяго цела. У безнадзейным стане яго прывезлі ў варшаўскі шпіталь.
Крадзяжы
Уночы з 27 на 28 жніўня невядомы злодзей спрабаваў уламацца ў кіёск на вуліцы Міцкевіча (цяпер вуліца Леніна), які належыць Отану Лапіну. Злодзей здолеў сарваць замок з дзвярэй, але відавочна быў нечым напалоханы і ўцёк, нічога не забраўшы з кіёска.
У тую ж ноч у падвал дома на вуліцы Міцкевіча, 51 (цяпер Камсамольская) уламаўся невядомы злодзей і скраў на шкоду Вінцэнта Паплаўскага 100 кг бульбы і шэсць банак марынаванага шчаўя.
Ilustrowany Express Wieczorny
1 жніўня
Скарачэнні ў магістраце
У сувязі са скарачэннем ураднікаў магістрат Баранавічаў з учарашняга дня звольніў усіх супрацоўнікаў магістрата з выплатай трохмесячнай дапамогі. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, з 1 кастрычніка, супрацоўнікі будуць прынятыя на працу на новых умовах.
Kurjer Lwowski
13 жніўня
Забойства нарачонай
У Малой Каўпеніцы падчас танцаў на вечарыне жыхар гэтай вёскі Васілевіч у прыступе рэўнасці ўдарыў нажом у грудзі сваёй 18-гадовай нарачонай Вераніцы Васілеўскай. Цяжка параненая Васілеўская выбегла з крыкам на двор, і праз некалькі хвілін яе жыццё скончылася. Забойца, карыстаючыся мітуснёй, збег у бліжэйшы лес. Паліцыя арганізавала за ім пагоню.
Słowo Częstochowskie
21 жніўня
Рэйд польскіх самалётаў
У сувязі з маючым адбыцца 26 і 27 верасня рэйдам лёгкіх самалётаў польскага тыпу, між іншым праз баранавіцкі павет, камітэт LOPP (Ліга супрацьгазавай і супрацьпаветранай абароны) у Баранавічах актыўна прыступіў да заканчэння працы на новым аэрадроме (знаходзіўся паміж сучаснымі вуліцамі Тэльмана і Першукевіча). Тэрыторыя ў 38 га была абсеяная аўсом дзеля зручнасці пры пасадцы лёгкіх самалётаў. Камітэт працягвае падрыхтоўчыя працы для прыняцця самалётаў, што ўдзельнічаюць у рэйдзе.
Kurjer Wileński
Футбол
4 жніўня
«Макабі» (Вільня) – «Макабі» (Баранавічы) – 1:1. Гульня ў Баранавічах з адной с самых слабых камандаў прынесла для гульцоў з Вільні кампраментуючы вынік.
Глядзіце агляды газэт за іншыя гады і месяцы