Галоўны камісар Касы Хворых Навагрудскага ваяводства ў Баранавічах пан Аляксандр Ржэпецкі дамовіўся з лекарамі, якія пагадзіліся на бясплатную дапамогу беспрацоўным, зарэгістраваным у павятовым Камітэце па справах беспрацоўных.
Акцыі, якія праводзіць гэты Камітэт у Баранавічах, даюць выдатныя вынікі. Штодзённая лічба бясплатных абедаў кухнямі для беспрацоўных узрасла да 1000 абедаў. Падчас навагодніх свят кухні выдавалі павялічаныя порцыі.
Для кожнай кухні звыш ліміту было перададзена па бочцы селядцоў.
Бюджэт павятовага Камітэту ў Баранавічах неспадзявана павялічыўся на 500 злотых. Гэтую суму сабралі жыхары гораду для былога старасты Пжэпалкоўскага і перадалі яму падчас развітальнай сустрэчы. Ён ахвяраваў яе на беспрацоўных.
Крадзеж
Купец з Новай Мышы Ёхель Яфраімовіч купіў розных тавараў у Баранавічах на 140 злотых, а потым паклаў іх на фурманку незнаёмца, якую наняў, каб адвезці ўсё дахаты. Калі купец на кароткі час адышоў, фурман з’ехаў у невядомым накірунку разам з рэчамі Яфраімовіча.
12 студзеня
Віленскі злачынца на турмэ ў Баранавічах
На паштовым аддзяленні ў Баранавічах быў затрыманы на гарачым учынку, падчас кішэннага крадзяжу, нейкі Ян Якімовіч, жыхар Вільні. Схоплены віленскі злодзей вядомы пад рознымі мянушкамі, як Пачэпка, Каплеўскі, Раплеўскі і Фларыян Раўбо. Як выявілася, Якімовіч 9 разоў быў пакараны за кішэнныя крадзяжы і цяпер знаходзіцца ў вышуку следчымі органамі з Гродна.
15 студзеня
Колькасць насельніцтва
Паводле апрацаваных дадзеных другога агульнапольскага перапісу насельніцтва (праводзіўся ў 1931 годзе), у Баранавіцкім павеце жыве 160806 чалавек. У саміх Баранавічах пражывае 22796 чалавек. Гэтыя лічбы могуць нязначна змяніцца пасля выніковых праверак падліку.
17 студзеня
Няшчасны выпадак
Некалькі дзён таму ў дзяржаўным лесе пад Русінамі (Русіно) быў прывалены дрэвам падчас нарыхтоўкі лесу жыхар вёскі Русіны Канстанцін Пятроўскі. Перавезены ў непрытомным стане да павятовага шпіталю ў Баранавічах ён памёр, так і не ачуняўшы. Адбылося праз уласную неасцярожнасць Пятроўскага.
Смерць у студні
У вёсцы Залужжа (Крывошынскай гміны) жыхарка вёскі Марыя Выдрык, падчас калі паіла каня, паслізнулася і звалілася ў студню. З-за таго, што ў гэты час нікога не было на падворку, не атрымала яна своечасовай дапамогі і патанула.
Крадзяжы
За ўчарашні дзень у Баранавічах зарэгістравана 6 дробных крадзяжоў, а таксама крадзеж 6 курэй і 2 пеўняў Ганны Чубровіч (вул. Рынкавая, 34 – цяпер Фралянкова).
21 студзеня
Смяротнае пакаранне шпіёна
Учора пасля абеду на падворку турмы ў Баранавічах быў выкананы смяротны вырак адносна малочніка Стаўпцоў Аляксандра Морды, прызнанага вінаватым у шпіёнстве на карысць Саветаў.
Экзекуцыю выканаў кат Мацэеўскі ў прысутнасці судовай і паліцэйскай улады. Перад смерцю Морда паяднаўся з Богам і дарогу з камеры да месца павешання прайшоў спакойна, без дапамогі аховы турмы.
Пад пагрозай відэльца
Некалькі дзён таму з пастарунка паліцыі прыйшоў Міхаіл Шафт, што жыве на вуліцы Каляёвая, 64 (цяпер Вільчкоўскага), і паведаміў, што на рынку на вуліцы 3 мая ў лаўцы, якая належыць Кадуковай, падышоў да яго невядомы і, пагражаючы відэльцам, хацеў у яго забраць гадзіннік.
Праведзенае следства выявіла наступнае. У сапраўднасці Шафт быў у лаўцы Кадуковай разам з Янам Русаком, які жыве на завулку Свяцілавіцкім, 9 (цяпер вуліца Свяцілаўская). Яны селі за столік і замовілі сабе “моцнай”. У пэўны момант паміж імі адбылася спрэчка, падчас якой Русак ударыў свайго таварыша відэльцам. Потым абодва разышліся ў розныя бакі, праклінаючы адзін аднаго. Міхаіл Шафт вырашыў паведаміць аб няўдалым рабунку ў паліцыю, каб стварыць свайму былому таварышу праблемы. У выніку расследавання пратакол паліцыі быў складзена на абодвух, а Шафта ў дадатак прыцягнулі да судовай адказнасці за ўвод у зман органаў бяспекі.
Крадзяжы
Да Марыі Лапінавай, якая ішла вуліцай Пілсудскага (цяпер Чырвонаармейская) у Баранавічах, падбег адзін тып, выхапіў адну з торбаў, што яна несла, і кінуўся ўцякаць. На лямант абрабаванай мінакі затрымалі злодзея і перадалі яго ў рукі паліцыі. Выявілася, што гэта – жыхар Лясной, 17-гадовы Баляслаў Кобус. Яго перадалі ў распараджэнне судовых уладаў.
23 студзеня
Таямнічае знікненне жанчыны
Вечарам 16 студзеня выйшла з кватэры ў горад 38-гадовая жыхарка Баранавіч Вольга Сямбідава і дасюль не вярнулася. Таямнічым знікненнем жанчыны займаецца паліцыя. Выгляд жанчына наступны: бландзінка з шэрымі вачыма, сярэдняга росту, кульгае на правую нагу. Была апранутая ў зялёны берэт, чорнае паліто і чорныя боцікі.
31 студзеня
Сыход баранавіцкага бурмістра
Учора адбылося ў будынку Магістрата ў Баранавічах надзвычайнае пасяджэнне Гарадской рады, на якім тагачасны бурмістр горада Стэфан Сянкоўскі адмовіўся ад сваёй пасады. Выбары новага бурмістра адбудуцца на працягу лютага.
Некалькі дзён таму мы пісалі пра Мікалая Лешыка з вёскі Падасоўцы Дабромысльскай гміны, які быў застрэлены з карабіну праз акно. Сёння можам паведаміць, што, дзякуючы працы паліцыі, забойца быў выяўлены і арыштаваны.
Горш за ўсё, што вінаваты ў смерці яго зяць Юзік Шахмуць, які замовіў выканаць забойства Юрыю Шымчуку, паабяцаўшы заплаціць 1000 злотых, пасля таго як атрымае ў спадчыну маёнтак.
Шымчук застрэліў Лешыка з абрэзанага карабіну. Абодва вінаватыя цяпер сядзяць і разважаюць аб здзейсненым учынку.
2 лютага
Абакралі старасту
Ноччу з 29 на 30 студзеня з гаража баранавіцкага старасты пана Нэўгебаўэра адарвалі калодку (накладны замок). Адтуль скралі аўчыну, плед і аўтамабільную камеру.
4 лютага
Хто абакраў гараж старасты
З нагоды нашай папярэдняй публікацыі аб крадзяжы з гаража баранавіцкага старасты – паліцыя затрымала злодзея. Гэта Канстанцін Брэчка, у яго знайшлі скрадзеныя рэчы і забралі. Пры гэтым выявіліся і іншыя брудныя справы Брэчкі. Яго перадалі судовым уладам.
Ці можа быць лёд брудным?
Гэтае пытанне мы адрасуем санітарным уладам горада. Штодня назіраючы за тым, як возяць на закладку лёд у горад, пераканаліся, што ён брудны і перапэцканы гноем. Але летам мы будзем яго спажываць з лядоўняў, напрыклад ,для вырабу марожанага і г.д.
Можа трэба, каб гэтым зацікавіліся адпаведныя людзі?
6 лютага
Асвячэнне званоў у Новай Мышы
4 лютага віленскім цягніком прыбыў у Баранавічы Пінскі біскуп Казмір Букраба, які ў той самы дзень паехаў у Новую Мыш. 5 лютага ён асвяціў там новыя званы ў касцёле. Увечары біскуп прыбыў у Баранавічы і накіраваўся на сустрэчу з вязнямі ў турме.
Біскуп Букраба застанецца ў Баранавічах да 6 лютага, ён плануе наведаць пару школ.
Вынікі збораў на Камітэт беспрацоўных
Зладжаныя Камітэтам па справах беспрацоўных 1 і 2 лютага зборы далі выдатныя вынікі – было сабрана каля 1500 злотых.
Гэта вельмі добры вынік, бо нават пры больш спрыяльных умовах раней столькі ў Баранавічах не збіралі. Заслуга камітэта ў належным выкананні сваёй працы.
У сувязі з правядзеннем збораў Камітэт выдаў аднадзённую газету.
Шчасце ў няшчасці
Днём 3 лютага ехала сабе спакойна на санях Марыя Чабатар ды разважала аб нябесных міндалях, як раптам конь напалохаўся і панёс. Чабатар выкінула з саней, але, на шчасце, атрымала толькі лёгкія пашкоджанні.
7 лютага
Сыраварная канферэнцыя ў Баранавічах
4 лютага ў залі стараства адбылася сыраварская канферэнцыя, скліканая Урадам Навагрудскага ваяводства. У ёй прынялі ўдзел вытворцы сыра з шасці паветаў нашага ваяводства, а таксама прадстаўнікі малочных прадпрыемстваў. Прысутнічаў і дэпутат Вішнеўскі, дэлегат Міністэрства сельскай гаспадаркі і рэформаў з Галоўнай школы вясковай гаспадаркі ў Варшаве, дырэктар Рудніцкі, дэлегат Асацыяцыі малочных і яечных кааператываў у Варшаве, дырэктар Ігнатовіч, дэлегат Асацыяцыі польскіх кааператываў і г.д., агулам 37 асобаў.
Напачатку канферэнцыі выступіў Эдвард Бакун, начальнік сельскагаспадарчага аддзелу ва Урадзе Навагрудскага ваяводства. Ён адзначыў значнасць сыраварства ў нашым ваяводстве і падаў шэраг лічбаў, якія тычацца вытворчасці сыра за 1931 год.
Пасля быў агучаны рэферат Конрада Мацкевіча (старшыня Асацыяцыі вытворцаў сыра ў Баранавічах) на тэму “Цяперашні стан сыраварства на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства і яе патрэбы па тэхнічнай і гандлёвай арганізацыі”. Пасля чытання адбылася актыўная дыскусія. План Мацкевіча па развіццю сыраварства быў прыняты большасцю галасоў.
9 лютага
Надакучыла ёй жыццё
5 лютага а 13.30 Ева Анупрэйчык у памяшканні на вуліцы Сенатарскай (цяпер Горкага) паспрабавала скончыць жыццё самагубствам праз піццё воцатнай эсэнцыі.
Падставай для самагубства стала непаразуменне паміж ёй і яе прыхільнікам Асінскім. Анупрэйчык адвезлі ў міжкамунальны шпіталь.
Хацелі гарэлкі
Спакойны абывацель Аляксандар Пятроў спраўляў вяселле. У разгар святкавання да яго зайшлі некалькі шалапутаў, а менавіта двое Дзядовічаў, Дрэка і Асіповіч, ды запатрабавалі пад пагрозай разгрому вяселля тры бутэлькі гарэлкі. Калі гаспадар ім адмовіў, пачалі біць яго жонку і швагерку.
Пасля такіх аргументаў Пятроў выдаў ім тры пляшкі гарэлкі, а таксама паведаміў аб гэтым у паліцыю, якая цяпер праводзіць праверку.
12 лютага
Аб працы бібліятэкі
Публічная бібліятэка Польскага асветнага таварыства (Polskiej Macierzy Szkolnej), размешчаная на вуліцы Шаптыцкага, 55 (цяпер на гэтым месцы праход паміж будынкам каледжа лёгкай прамысловасці і домам №69 па вул. Савецкая ), працуе штодня ад 15 да 18 гадзін, а ў гандлёвыя дні дадаткова з 11 да 12-й.
Дзе грошы?
8 лютага Мойша Гімельфарб паведаміў у камісарыят паліцыі, што ён галіўся ў цырульніка Томкеля і забыўся там 70 злотых. Пасля вяртання ён грошай не знайшоў і падазрае ў крадзяжы вучняў цырульніка.
Але пан Гімельфарб, калі мае такія праблемы з памяццю, магчыма, забыў грошы ў нейкім іншым месцы. Спадзяемся, што камісарыят выявіць, дзе ён забыў тыя грошы.
Біць, так біць
Падчас спрэчкі 8 лютага з-за жыллёвага пытання быў пабіты гаспадаром кватэры Пятром Івашкам яго кватарант Міхаіл Новак, ды так моцна, што беднага кватэранта адвезлі ў мясцовы шпіталь.
13 лютага
Нарэшце яго злавілі
Вельмі часта людзі скардзіліся на гарадскія вагі на кірмашы ў Баранавічах, але нарэшце знайшоўся селянін, які паставіў усё на свае месцы. Жыхар вёскі Стайкі гміны Вольна прывёз 6 лютага ў Баранавічы на продаж парсюка. Прадаў яго як за 129 кг, як паказалі вагі магістрата на кірмашы. Але селянін быў не з гліны злеплены ды ўзважыў парсюка па дарозе другі раз, калі адвозіў яго пакупніку. Выявілася, што ён стаў ахвярай падману, бо свіння важыла 150 кг.
Нічога нікому не кажучы, ён паехаў у баранавіцкае стараства і пра ўсё там расказаў. Разам з ім да гарадскіх вагаў пайшоў паліцэйскі.
Пасля важання выявілася, што парсюк важыць 148 кг, што падцверадзіў доктар Новак, а паліцэйскі склаў пратакол на работніка вагаў – Яна Кухарскага, якога магістрат звольніў з працы. Акрамя таго будзе мець прыкрасць, калі суд яму нагадае, што ашукваць нельга.
Яшчэ адзін падкідыш
Раніцай 6 лютага да брамы прытулку было падкінута немаўля мужчынга полу ўзростам прыкладна 4 месяцы. Супрацоўнікам магістрату яшчэ адзін клопат на галаву – утрыманне падкідыша.
Пасрэдніца па працаўладкаванню
9 лютага Адэля Шычэўская, жыхарка Пастарыння, паведаміла ў камісію, што тры тыдні да таго, калі шукала ў Баранавічах працу, выпадкам зайшла да Ходы Міскін на уліцы Каляёвай, 36 (цяпер Вільчкоўскага). Міскін сказала, што дапаможа знайсці працу, але запатрабавала грошы за пасрэдніцтва. Шычэўская дала ёй 2 злотых, але за 3 тыдні пасады так і не дачакалася. Грошы ёй таксама не вярнулі.
Гэтай загадкавай і арыгінальнай справай давядзецца займацца камісарыяту паліцыі.
Фальшывая манета
Днём 9 лютага Міхал Лапаце прадаваў на кірмашы жыта. Нейкі невядомы жыд даў яму 2 злотых. Манета была фальшывай. Паліцыя распачала пошукі.
Перарваная забава
Кола вясковай моладзі ладзіла ў вёсцы Тартакі гміны Новая Мыш танцы. Падчас забавы туды прыйшоў у нецвярозым стане Стэфан Пераход, які пабіў інструменты музыкам. У сувязі з гэтым арганізатары спынілі танцы і вярнулі наведвальнікам грошы за выкупленыя квіткі.
На авантурніка пададзены скарга ў паліцыю.
16 лютага
Лепей не гуляць
11 лютага Стэфанія Грацкая паведаміла ў паліцыю, што калі была ў кавярні Гарфінкеля на вуліцы Шаптыцкага, 43 (цяпер Савецкая), дык гуляла на шакаладным апараце Suchard. За першыя два разы яны выйграла шакаладкі, а трэці раз вялікую скрыню з цукеркамі. Гарфінкель, бачачы выйгрыш, не захацеў аддаваць ёй скрыню, а ізноў даў шакаладку.
Не жадаючы дараваць свае страты, Грацкая звярнулася ў камісарыят паліцыі.
Чыгуначная катастрофа
14 лютага а 23.59 пасажырскі цягнік №152, які прыбываў са станцыі Баранавічы-Палескія на станцыю Баранавічы-Цэнтральныя, наехаў на пустыя платформы, што знаходзіліся на стрэлцы №96. У выніку моцна пашкоджаныя тры платформы і часткова паравоз пасажырскага цягніка. Людскіх ахвяр не было, а цягнік праз 20 хвілін прастою рушыў у далейшы шлях.
Аварыя адбылася з-за няправільнага размяшчэння на шляхах платформ. Следства вядуць чыгуначныя ўлады.
17 лютага
Ізноў банда на кірмашы?
14 лютага на кірмашы 3 мая (цяпер раён паміж вуліцамі Прытыцкага, Чырвонарамейская, Гагарына і Горкага) у кіёск Паўла Лапы зайшло 2 незнаёмцы, якія, пагражаючы збіццём, запатрабавалі грошы на бутэльку гарэлкі.
Лапа, баючыся біцця, пайшоў з імі да будкі, купіў 2 пляшкі гарэлкі і закуску. Праз пэўны час тыя самы тыпы вярнуліся, жадаючы яшчэ гарэлкі (апетыты растуць). Тады Лапа не вытрымаў і звярнуўся ў паліцыю, якая затрымала аднаго з тыпаў, нейкага Кульбіцкага.
І там знайшлі
Кацярына Шляхцін прыйшла ў слязах 14 лютага ў камісарыят паліцыі і паскардзілася, што ў яе скралі 100 злотых, якія яна схавала так, што ніхто б не знайшоў. Завязала іх у хустачку і прывязала да бэлькі на столі. У паліцыі суцешылі бедную жанчыну, што пачнуць пошук злачынцаў. Шляхцін падазрае ў крадзяжы сваіх служкаў.
18 лютага
Кара смерці для забойцаў палясоўшчыка
Сёння вынесены вырак неадкладнага суда (sąd doraźny –суд у міжвеннай Польшчы, прызначаўся ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы, разглядаў крымінальныя справы ў скарочаным парадку (звычыйна справы шпіёнаў і забойцаў). Звычайна на ім выносіліся смяротныя прысуды, якія выконваліся пра 2-3 дні. Адмяніць іх мог толькі прэзідэнт) супраць трох жыхароў вёскі Волька (Дабромысльскай гміны): Яна Барашкі, Язэпа Хоміча і Антона Карача, абвінавачаных у тым, што 4 студзеня выманілі з хаты палясоўшчыка Яна Мізгера і жорстка забілі яго ў лесе.
Пасля, каб схаваць сляды забойства, прыйшлі ў хату, дзе цяжка паранілі жонку Мізгера Ганну, якая ляжала ў ложку пасля родаў, якія адбыліся за дзень да гэтага, чатырох дзяцей ва ўзросце ад 4 да 9 год, а таксама Кацярыну Касянік, якая выконвала там абавязкі бабкі-павітухі.
Пасля нападу забойцы звонку забарыкадавалі дзверы і вокны хаты і падпалілі будынак.
Толькі дзякуючы супрацоўнікам маёнтку Рудня, а менавіта аб’ездчыка Адамовіча і палясоўшчыка Касяніка, параненых вынеслі з палаючага будынку. Медыкі здолелі выратаваць жыццё жонцы Мізгера і чатыром яго дзецям. Былі яны на судзе галоўнымі сведкамі. Бабка Касянік жа памерла ад ран.
Усе трое падсудных прызнаныя судом вінаватымі. Ім прызначана кара смерці праз павешанне.
Абарона звярнулася да пана прэзідэнта з просьбай аб памілаванні.
19 лютага
Вырак смерці выкананы ў Баранавічах
З-за таго, што пан прэзідэнт Рэчы Паспалітай не скарыстаўся правам памілавання да трох выканаўцаў агіднага забойства на хутары Сосенка, 18 лютага а 12.17 у карна-следчай турме ў Баранавічах вырак смерці праз павешанне быў выкананы. Экзекуцыю правёў кат Браўн і яго памочнік. Найстарэйшы з асуджаных, Карач – плакаў, Барашка і Хоміч трымаліся спакойна.
23 лютага
Узнагарода ветэрана 1863 года
22 лютага баранавіцкі стараста Неўгебаўэр выехаў у Ляхавічы, дзе ўзнагародзіць паўстанцкім крыжам 1863 году ветэрана Райскага.
Мерапрыемства адбудзецца на кірмашы, дзе збярэцца мясцовая грамада з аркестрам.
Знікла дрэва
Тэадор Плець вырашыў пабудаваць сабе дом, закупіў дрэва і склаў яго на сваім падворку на вуліцы Каперніка, 68 (цяпер Халасцякова).
Праз пэўны час ён заўважыў, што знікае па некалькі бярвенняў ды робіцца яго ўсё меней. Паведаміў пра гэта ў паліцыю, якая знайшло дрэва ў Андрэя Сергеля на той самай вуліцы, на падворку №96. Уся драўніна вернута пацярпеламу гаспадару.
24 лютага
Інфармацыя для жадаючых з’ехаць
Людзі, якія жадаюць эміграваць з Польшчы, вымушаны выдаткоўваць грошы, каб з’ездзіць з Баранавіч у Варшаву, дзе яны даведваюцца пра ўмовы бяспечнага выезду за граніцу
Нацыянальнае агенцтва занятасці (Panstwowy Urząd Pośrednictwa Pracy) паведамляе, што людзі, якія жывуць на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства і маюць намер выехаць за граніцу, могуць звяртацца ў філіял Нацыянальнага агенцтва занятасці ў Баранавічах – вул. Сенатарская, 71 (цяпер Горкага), тэлефон – 70. Там можна атрымаць бясплатную і вычарпальную інфармацыю аб выездзе за граніцу і магчымага накіравання да агентаў эміграцыйнага сіндыкату, якія дапамагаюць бясплатна зрабіць загранічны пашпарт і іншыя дакументы для падарожжа.
Выязджаючым эмігрантам Агенцтва выдае даведку на зніжку для пакупкі чыгуначных білетаў і ільготы на правоз багажу да станцыі на граніцы.
Tygodnik Baranowicki
19 лютага, №1
Колькі каштуе будаўніцтва школы
Агульная школа, што будуецца ва ўрадніцкім пасёлку (з 1929 году), ужо каштавала гораду 130 тысяч злотых. На заканчэнне трэба яшчэ 100 тысяч. Горад спрабуе атрымаць крэдыт.
Праца новай рэзні
Па нашых звестках, будаўніцтва гарадской рэзні (бойня, цяпер мясакамбінат) скончыцца на наступным тыдні. Каштавала яна гораду – 200 тысяч злотых. Яе запуск плануецца на сакавік месяц.
Опера ў Баранавічах
Оперу “Жабін кароль” пакажуць выхаванцы жаночай гімназіі імя Барбары Радзівіл. На ёй будзе прысутнічаць каля 90 чалавек. Прадстаўленне адбудзецца ў першыя дні сакавіка.
У гімназіі вучыцца 279 вучаніц. З іх рыма-каталікоў – 149, абраду Майсеевага – 93, праваслаўнага – 46.
Баранавіцкі рынак
На баранавіцкім кірмашы збожжа падаражала на 1 злоты. У мінулы чацвер плацілі за:
1 пуд бульбы – 60 грошай
1 пуд жыта – 2,8 злотых
1 пуд пшаніцы – 3,8 злотых
1 пуд ячменю – 2,2 злотых
1 пуд аўса – 2,10 злотых
За 1 воз бярозавых дроў – 2,5-3,5 злотых
За 10 яек – 80 грошай -1 злоты
За 1 кг масла – 2,8-3 злотых
За 1 кг сыра звычайнага – 50-60 грошай
За 1 кг сыра літоўскага – 1,75 злотага
За 1 курыцу –1,8-3,5 злотых
За 1 гуся – 2,8-3 злотых
26 лютага №2
З фронту змагання з бядою
Лічба беспрацоўных у Баранавічах складае каля 400 чалавек.
Штодня ў горадзе бясплатна кормяць каля 800 дзяцей.
У Баранавіцкім павеце штодня кормяць 160 дзяцей.
Абвестка
Есць пасада САДОЎНІКА Ў МАЁНТКУ. Звяртацца ў дзяржаўную службу занятасці ў Баранавічах.
Сканчэння школьнага года
Школьны год скончыўся 15 чэрвеня. Новы распачнецца 15 жніўня.
Што паказваюць
У кінатэатры “Apollo” ідуць “Невядомы спявак” і “Горад кахання” – нямыя фільмы, агучаныя аркестрам з 10 музыкаў.
1 снежня цягніком з Беластоку прыбыў у Баранавічы вядомы народны паэт Хаім Нахман Бялік, які прыехаў сюды з Палестыны і наведвае па чарзе ўсе гарады ў краіне. У Баранавічах на чыгуначным вакзале паэта сустракаў амаль 2-тысячны тлум народу жыдоўскага, школьны аркестр і ўся баранавіцкая эліта жыдоўскай народнасці.
Увечары ў залі кінатэатра “Apollo” паэт Х.Н. Бялік выступіў з праграмай на тэму “Жыды і іх культура”, на якой прысутнічаў намеснік старасты пан Зажыцкі, які замяняе адсутнага цяпер пана Пржэпалкоўскага. На выступе прысутнічала каля тысячы чалавек.
5 снежня
З жыцця Кола заўзятараў сцэны
2 снежня ў кінатэатры “Apollo” чальцы нядаўна створанага Кола заўзятараў сцэны далі ўжо трэцяе прадстаўленне, прыбытак з якога пайшоў на развіццё гэтай арганізацыі. Яны адыгралі 3-актавую п’есу Балуцкага “Адчынены дом”, пад рэжысурай пана Галагоўскага, старшыні Кола. Чальцы дасканала справіліся са сваімі задачамі, чым выклікалі сімпатыі сярод шырокіх слаёў баранавіцкага грамадства.
Асабліва вызначыліся п. Галагоўскі і п. Папук, якія сваёй дасканалай гульнёй выклікалі ў гледачоў каскады смеху і буру воплескаў. Таксама гульня панн Гайжэўскай, Ляшэўскай і Асечка заслугоўвае асобнай згадкі.
З прыкрасцю аднак трэба адзначыць, што на спектаклі прысутнічала толькі некалькі дзясяткаў асобаў, таму на кожным кроку можна было чуць, што нашыя людзі не заўсёды ўмеюць цаніць культурную вартасць імпрэзаў.
Баранавіцкі люд прызвычаіўся да наведвання нізкавартых рэв’ю і рэўетак, якімі кормяць нашыя правінцыйныя гарады вандроўныя артысты, якія не маюць ужо поспеху ў вялікіх гарадах.
У кожным разе маем надзею, што мясцовае аб’яднанне, што ставіць п’есы ў нашым горадзе, не будзе пераймацца часоваму малому поспеху і будзе далей працаваць над сур’езнымі творамі, тым больш, што ўжо цяпер відаць, складаецца яно з дасканалых актораў, якія б у будучыні мелі вялікі поспех.
8 снежня
Арышт былога дэпутата
Учора, падчас сходу ў Баранавічах Беспартыйнага Блоку Супрацы з урадам Пілсудзкага і прамовы віцэ-маршалка Сенату доктара Багуцкага, меў месца інцыдэнт з былым дэпутатам ад Сацыялістычнай Польскай Партыі, радным Махаем (у наступных нумарах газеты было ўдакладненне, што Юзік Махай ніколі не быў дэпутатам, а толькі кандыдатам у дэпутаты).
Падчас дыскусіі, якая развязалася пасля дакладу Багуцкага (сітуацыя палітычная і эканамічная), Махай спрабаваў справакаваць інцыдэнт, выкрыкваючы розныя абразлівыя воклічы.
Па просьбе прысутнага на сходзе пана старасты Пржэпалкоўскага, паліцыя арыштавала Махая.
10 снежня
Былога дэпутата пасадзілі ў турму
У выніку аб’яднання цэлага шэрагу сведчанняў антыдзяржаўнай дзейнасці былога дэпутата ад Сацыялістычнай Польскай Партыі, раднага Махая, следчы суддзя пастанавіў арыштаваць яго да судовага паседжання. Да акту справы далучаны таксама пратакол аб інцыдэнце, які адбыўся 7 снежня падчас дыскусіі над дакладам віцэ-маршалка Сенату док. Багуцкага.
Крадзяжы з узломам
Пазаўчора ўночы да сталярскай майстэрні Гіршы Лісоўскага (вул. Орля, 28 цяпер Лісіна), уламаліся невядомыя злодзеі і скралі сталярнае абсталяванне на 200 злотых.
У тую саму ноч у гімназію імя каралевы Барбары Радзівіл уламаліся невядомыя злодзеі і разбілі замкі на пісьмовых сталах у трох пакоях. У выніку яны скралі 31 злоты.
На шкоду Самуэля Цукерніка (вул. Уланская, 58 цяпер Пінерская) невядомыя злачынцы ўламаліся ў камору, адкуль скралі рэчы і 3 пуды аўса на агульную суму 300 злотых.
У Яніны Лісакоўскай, што жыве на Графскай, 55 (цяпер Куйбышава паміж Брэсцкай і Камсамольскай), невядомыя злодзеі ўламаліся ў склеп, адкуль скралі слоікі варэння, налівак, марынаваных грыбоў і іншых дробных рэчаў на агульную суму 105 злотых.
Акрамя гэтага, на тэрыторі гораду зарэгістраваны 4 дробных крадзяжа і адно збіццё.
11 снежня
Курсы хатняга вырабу лыж
З ініцыятывы капітана Сікорскага, павятовага камісара Ваеннай падрыхтоўкі (Przysposobienie wojskowe) ў Баранавічах, быў арганізаваны курсы хатняга вырабу лыж, якія праходзілі ў два этапы з 3 па 7 і з 9 па 14 лістапада. На іх навучалася 13 чалавек, чальцоў PW.
Навучэнцы курса ўласнаручна, пад кіраўніцтвам прафесійнага настаўніка, зрабілі некалькі дзесяткаў пар лыж карыстаючыся хатнім інструментам.
Неучцівы каханак
Марыя Анчуковіч, якая жыве на рагу Шасова (цяпер Брэсцкая)-Цэнтральна (цяпер Агранамічная), паведаміла ў паліцыю, што яе каханак Ян Рыхлінскі, з якім яна жыла тры гады, прадаў без яе згоды свінню і іншыя рэчы, што ёй належалі, агулам на 60 злотых. Грошы каханак выдаткаваў на свае патрэбы. Жадаючы адпомсціць свайму каханку, Анчуковіч таксама паведаміла паліцыі, што Рыхлінскі мае і карыстаецца ваенным білетам на імя Яна Загорскага.
12 снежня
Святліца пажарнікаў просіць аб кніжках для новай бібліятэцы
Мала хто з жыхароў горада ведае, што Гарадская пажарная каманда ў Баранавічах мае ўтульны міла абстаўлены свой клуб. Вялікая перавага гэтай святліцы ў тым, што тут пры пажарных будынках чыста, цёпла і нават элегантна.
Ёсць газеты, гульні і нават радыё.
Бракуе кніжак у бібліятэцы, аб чым пажарнікі вельмі-вельмі просяць. Кнігі могуць быць ужываныя і нават без вокладкі, арганізацыя сама зробіць пераплёт. Ахвотных да чытання вельмі шмат, бо заўсёды ў клубе ёсць людзі, якія цягнуцца да кніг. Асабліва цікавяць гістарычныя раманы (Крашэўскі, Сянкевіч, Прус, Асяндоўскі). Амаль у кожным доме нешта такое знойдзецца. Не разважайце доўга, а нясіце свае кнігі ў пажарны клуб.
Стэфанія Баярская
13 снежня
Суд над шпіёнам
12 снежня на лаве Акруговага суда ў Баранавічах сядзеў вядомы ў горадзе Баранавічы Васіль Югаў, які быў арыштаваны яшчэ летась па падазрэнні ў шпіёнстве на карысць Савецкай Расіі. Суд паслухаўшы сведкаў і беручы пад увагу яго век – 62 гады, пастанавіў прызнаць Югава вінаватым і асудзіць на 8 гадоў цяжкай турмы з пазбаўленнем правоў. Трэба адзначыць, што адзін з таварышаў Юдава па гэтай самай справе, быў асуджаны Вайсковым судом у Пінску да растрэла, а вырак быў выкананы сёлета вясной.
Асудзілі бандыта
11 снежня Акруговым судом Навагрудка на выязной сесіі ў Баранавічах была разгледжана справа Дзмітрыя Падрушы, жыхара вёскі Бобкі, Нясвіжскага павету. Яго абвінавачвалі ў рабунковым нападзе летам гэтага года ў мястэчку Заастравечча, дзе стэрарызаваўшы сям’ю аднаго з жыдоўскіх купцоў, забраў 500 румынскіх леваў і некалькі сот злотых гатоўкаю. Падсудны прызнаў сваю віну, у сувязі з чым, беручы пад увагу яго малады ўзрост (20 год), суд пакараў яго на 15 год цяжкай турмы.
Крадзяжы
Марыя Стральчэня (Віленская, 68 – цяпер Гагарына), паведаміла ў паліцыю, што выходзячы з жылля на вуліцы Шасовай, 26 (цяпер Брэсцкая), замкнула там дзверы. Тым часам гаспадар гэтага дому Шмаеўскі выламаў замок ды забраў два крэслы і адзін табурэт, якія належалі Стральчэні.
Зоф’я Рабкова (завулак Траўгута, 13 цяпер завулак Дзімітрава) паведаміла ў паліцыю, што Лявон Васілевіч і Мікалай Нацковіч скралі ў яе адну пляшку гарэлкі.
На школу Саламона Гірвіча (Гувэра, 39 цяпер Царука) з замкнёнага хлява, выламаўшы акно, скралі 2 пары конскай збруі, а таксама мех фасолі, на 120 злотых.
Падкідыш
Некалькі дзён таму на падворку прыюту “Нашага дому” пакінулі дзяўчынку ўзростам да 6-ці гадоў. Вядзецца пошук яе сваякоў.
15 снежня
Падкідыш – дачка павешанага ў Баранавічах
У мінулым нумары пісалі мы пра 6-гадовую дзяўчынку, якую падкінулі да “Нашага дому”. Як выявілася, гэта Марыя Казей, дачка Мітрафана Казея з Баранавіч, якога павесілі 27 лістапада разам з іншымі шпіёнамі. Маці Марыі ўжо некалькі год як звар’яцела і памерла ў адным са шпіталяў для псіхічна хворых. Малалетняя сірата ад часу арышта яго бацькі блукала па вуліцах Баранавічаў, пакуль не сустрэла яе адна незнаёмая жанчына і не адвяла на падворак прыюту, дзе пакінула, паклаўшы ў кішэньку аркушык з імёнамі бацькоў. Кіраўніцтва “Нашага дому” шчыра заапекавалася пакінутай дзяўчынай і прытуліла да свайго вялікага звязка іншых нешчаслівых дзяцей. Такім чынам самотныя дзеці знаходзяць апеку ў прыюце, дзе павінны забыцца пра свае смутнае сіроцтва.
Дадатковае харчаванне беднай моладзі ў гімназіі
Справа дадаткова на харчавання беднай моладзі ў Дзяржаўнай гімназіі ў Баранавічах, дзякуючы энэргіі пана дырэктара Завіроўскага і паразумення з Бацькоўскім камітэтам, рушыла вялікімі крокамі наперад. Таму моладзь, якая дагэтага не атрымлівала моцнай апекі, цяпер атрымае дапамогу. Хацелася б верыць, што, дзякуючы кіраўніцтву гімназіі і Камітэту, дапамогу атрымаюць усе вучні. Якім гэта патрэбна.
18 снежня
Вакол Магілы невядомага салдата
Некалькі дзён таму ў памяшканні Таварыства Рамеснікаў-хрысціян у Баранавічах адбыўся арганізаваны сход, у якім прынялі ўдзел 25 рамеснікаў і купцоў-хрысціян, жыхароў горада. Сход быў скліканы па справе развіцця царкоўная тэрыторыі, што знаходзіцца ў цэнтры горада на скрыжаванні вуліц Шаптыцкага і Міцкевіча (цяпер Савецкая і Леніна) з аднаго і другога боку Магілы невядомага салдата. Сход распачаў пан Яроцкі, пасля чаго аднагалосна быў абраны старшыня, праваслаўны пробашч баранавіцкай парафіі дэкан Павал Мацкевіч. Справаздачу аб выкананых працах па развіцці царкоўнай тэрыторыі склаў пан Яроцкі, пры чым ён падкрэсліў, якое вялікае значэнне меў бы той пункт, калі б мясцовыя ўлады пайшлі Камітэту насустрач і дапамаглі б рэалізаваць праект развіцця гэтай тэрыторыі.
Далей дакладчык дадаў, што занядбаная тэрыторыя ў самым цэнтры горада стала бы добраўпарадкаванай “вялікай, найноўшай канструкцыяй і эстэтычнага выгляду гмахам, а з другога боку тут бы была наладжаны вытворчасць рамеснікаў і хрысціянскі гандаль”. Прысутныя пагадзіліся з довадамі і пастанавілі аднагалосна скласці пэтыцыю да адпаведных уладаў, а самую справу разбудовы даручыць Камітэту, у які ўвашлі 7 чалавек начале з айцом Мацкевічам. Прывабнай рэччу быў бы для Баранавіч вялічэзны гмах у цэнтры горада, а яшчэ больш прывабным было б размяшчэнне ў ім хрысціянскага промыслу і гандлю.
Дзівіць нас толькі тое, што ніхто з прысутных у гэтай важнай справе не згадаў пра адну значную рэч. Ініцыятары праекту забыліся пра Магілу невядомага салдата, да якой ставяцца з павагай і шанаваннем мясцовыя жыхары. Калі сапраўды з’явіцца гэты вялічэзны гмах з абодвух бакоў Магілы невядомага салдата, што будзе з самім помнікам у гонар загінулых салдат за незалежнасць краіны? Да таго ж, не для таго будавалі помнік, каб неўзабаве ён знік у абдымках вялікага гмаху для прамысловасці і гандлю. Як відаць з размоваў, грамадзяне, якія хочуць стварыць тут пляцоўку для гандлю, не збіраюцца супольна будаваць адзін будынак, а кожны хоча збудаваць аб’екты, згодна сваіх фантазій. І хто гарантуе, што ў будучым у цэнтры пазней не з’явяцца рэстараны і піўніцы.
Ці пагодзяцца жыхары гораду да такога аздаблення Помніка невядомаму салдату? Нагадаем, што менавіта каля яго адбываюцца ўсе парады, імпрэзы і святкаванні.
Дзівіць нас факт, што такія планы будаўніцтва ў цэнтры горада абмяркоўваюцца без узгаднення з мясцовымі ўладамі. Акрамя таго, як нам вядома, увесь абшар старых могілак плануецца ператварыць у гарадскі парк, адсутнасць якога балюча адчуваецца жыхарамі горада, бо цяперашні парк (цяпер Стары парк), што знаходзіцца за мяжой горада, не задавальняе патрэб гараджан такога вялікага горада, як Баранавічы.
Да ўсяго гэтага трэба дадаць вельмі цяжкі стан гаспадаркі і адсутнасць інвестыцыйных крэдытаў нават на больш значныя патрэбы. Таму ўсё абмеркаванае на сходзе не рэальнае і не вытрымлівае крытыкі.
19 сьнежня
Замах на забойства
Учора на падворку дома на вуліцы Каперніка, 76 (цяпер Халасьцякова), які належыць Апанасу Гунашу, з’явілася невядомая асоба, якая паклікала да сябе Надзею Берташ, якая там жыве. Калі тая пераступіла парог свайго жытла, асоба кінулася на яе і ударыла сякерай у плечы. Безпрытомная Берташ павалілася на зямлю. Цяжка параненая яна змагаецца са смерцю ў шпіталі.
Ліквідацыя зладзейскай шайкі
На днях следчыя органы на чале з падкамісарам Крэмесам ліквідавалі небяспечную зладзейскую шайку, якая некалькі месяцаў “працавала” ў Баранавічах. Выкрыта некалькі “малін” зладзейскіх, дзе было знойдзены багата трафеяў, скрадзеных у горадзе на працягу месяца. Арыштаваныя Александр Лапко, жыхар Баранавіч, Казімір Рынкевіч, жыхар Вільні, і Люба Медушэўская, з вёскі Падасоўцы. Іх абвінавачваюць у некалькіх крадзяжах. Арышты працягваюцца.
Адначасова арыштаваны Юзік-Збігнеў Каліноўскі, сталы жыхар Лодзі, які скраў дамскі гадзіннік у Марыі Купіч з Баранавіч. Як выявілася, элегантны франт Каліноўскі, які дбаў пра свой выгляд, даўно ў вышуку ў Варшаве, Пултуску і Ядаве, за некалькі крадзяжоў і ашуканстваў.
20 снежня
Новы баранавіцкі стараста
Учора ў Баранавічы прыбаў новапрызначаны стараста павету пан Юры (Ежы) Нойгебаўэр, які працаваў да гэтага старастам у Вілейцы. У панядзелак, 21 снежня, былы баранавіцкі стараста, пан Зыгмунд Пржэпалкоўскі, пачне перадаваць павет свайму наступніку.
30 снежня
Трагічнае здарэнне на вуліцы Шаптыцкага
Некалькі дзён таму на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая), адбылася надзвычайная сітуацыя, якая толькі выпадкова не пацягнула за сабою шмат ахвяр. Падчас, калі праязджаючы лакаматыў падаў гукавы сігнал, на завулку Свяцілаўскім (цяпер Свяцілавіцкая вуліца), вайсковыя коні, што стаялі, сарваліся і панеслі з санямі ў накірунку вуліцы Шаптыцкага. На павароце сані разбіліся аб будынак, а спалоханыя коні наляцелі на Геню Гарфінгельд, што пераходзіла вуліцу. Яе моцна патапталі. Потым пара ашалелых коней наляцела на запрэжаныя сані з фальварку Чарамнік, які перавярнулі. У гэтым выпадку пацярпела гаспадыня фальварку пані Соф’я Чудзінская. Абедзвух ахвяр даставілі ў бальніцу, іх стан не вельмі цяжкі. Ашалелых коней затрымаў паліцэйскі, які нёс службу на вуліцы Шаптыцкага.
Нешчаслівы выпадак
Міхаіл Васілевіч з вёскі Яхімавічы Сіняўскай гміны, едучы цягніком №314 Лунінец-Баранавічы, праз сваю неасцярожнасць выпаў з вагону каля мосту на Шчары. Ён атрымаў шматлікія траўмы па ўсім целе. Васілевіча перавезлі на дрызіне ў Баранавічы, дзе аказалі медыцынскую дапамогу.
Новыя Баранавічы (цяпер раён каля Палескага вакзала) – гэта раён, дзе жывуць у асноўным дзяржслужачыя. У 1915 годзе, з-за блізкасці фронту, шмат будынкаў было знішчана дашчэнту альбо зруйнавана. Пацярпелым жыхарам горада на адбудову дамоў ніхто ніякай дапамогі не даваў. А цяпер магістрат Баранавіч выдаткаваў грошы на дапамогу іншым асобам для будаўніцтва. Кажуць нават, што… Але пакуль мы памаўчым і не агучым тыя неверагодныя чуткі.
Магістрат адносіцца да нашага раёну і яго жыхароў “як мачаха”. Калі ўвесь горад цешыўся з прыезду прэзідэнта Рэчы Паспалітай, жыхарка Новых Баранавіч Міхаліна Раманоўская горка плакала. У сувязі з прыездам главы дзяржавы магістрат зруйнаваў яе дом, які “псаваў” вуліцу сваім выглядам. Пры гэтым магістрат не даў пазыкі на рамонт жытла, хаця павінен быў гэта зрабіць з атрыманай у дзяржаўным банку дапамогі, але вырашыў, што зруйнаваць танней і хутчэй.
Калі да гэтага дадаць: незабрукаваныя вуліцы, адсутнасць рынкавай плошчы, адсутнасць парку для дзяцей, агідныя “будкі” гандляроў, якія смярдзяць здалёк і г.д. – ілюстрацыя будзе поўная.
Але ж мы – не “пасынкі”, падаткі плацім як усе, і мы маем заслугу быць першымі каланістамі гэтых пяскоў і лясоў, дзе цяпер узняўся прыгожы і багаты горад.
Kurjer Nowogródzki
1 лістапада
Галоўнае – каб транспарціроўка аплацілася
Ёсць у Баранавічах вуліца Віленская (цяпер Гагарына). На ёй – будынак падаткавай службы. За ёю вялікі падворак і велічэзная адрына. Можна папрасіць ад яе ключ і пабачыць, што там схавана. Папрасіць пад такім кантэкстам:
– Хацеў бы купіць нешта з Рэпіхава…
Рэпіхаў – гэта паляўнічы палацык Яраслава Патоцкага (маёнтак і палаца-паркавы комплекс знаходзіўся каля вёскі Крывошын, там прайшлі дзіцячыя гады Яна Чачота). Чаму не папоўніць сваю калекцыю рэчамі графа?
Уласніка не было аднаго дня на месцы, была толькі яго служба, якая не вельмі добра арыентавалася ў фінансавай сітуацыі і падаткавых складанасцях. У той дзень прыехалі ў Рэпіхаў дзяржаўныя вазы з афіцыйнымі секвестрамі. Секвестры загадалі работнікам адчыніць дзверы, напалохалі іх і наклалі поўныя вазы рэчамі. Адвезлі ўсё да Баранавіч і абвясцілі аўкцыён.
Але ніхто не паквапіўся на пакупкі: 50 злотых – сума не малая. Таму абвясцілі распродаж “ад прапанаванай сумы”, што ўжо больш цікава. Можна з пагардлівым уздыхам прамовіць:
– Ну, што тут можа быць вартага? Няхай будзе 50 грошай…
Распродаж яшчэ працягваецца. Падаткавая інспекцыя вельмі задаволеная: калі ўсё распрадаецца, дык пакрыюцца кошты падарожжа да Рэпіхава і перавоз рэчаў у Баранавічы. Дзякаваць Богу, дзяржаўны скарб нічога ад распродажу не страціць.
А кожны з нас можа нешта прыдбаць усяго за 50 грошай, як у амерыканскай краме: на выбар усё тавары па 50 грошай!
Напрыклад, калекцыя паляўнічых карцін Уладзіміра Корсака. Ёсць алеі, акварэлі, малюнкі пяром. Разам некалькі сотняў штук, нават цяжка палічыць. Не толькі вісяць на сценах, на шнурках, на шафах, але цэлай купай спачываюць у куце. Каля іх для аматараў Японіі ёсць японскія дрэварыты, малюнкі напісаныя тушшу.
Не будзем звяртаць увагу на мэблю: сталы, крэслы, фатэлі і лавы. Што з таго, што яны старыя і стылёвыя? Такой мэблі цяпер можна мець удосталь.
Лепей выбраць нешта з тых рагоў, для аздобы залі. Аленевых і ласіных – безліч, але ёсць іншыя – нават невядома чые: можа, антылопы, а, можа, буйвала.
А тут яшчэ і пудзіла птушак – цэлы заапарк. А там у іншым куце навалены скуры: мядзвежыя, ваўчыныя і рысіныя. Прыемна купіць такія на футра. Паспяшаймася, усё можна купіць “па прапанаванай цане”, паспяшаймася – каб падаткавая інспекцыя не панесла страты, няхай аплацяцца ёй усе транспартныя страты.
К.Ю.
3 лістапада
Ашукаў суседа
Рыгор Слізень з вёскі Мацкевічы звярнуўся ў паліцыю і расказаў, што яго ашукаў сусед Ян Пукала. Са слязьмі на вачах ён распавёў, што прадаў паўгектара зямлі Пукале за 300 злотых. Грошы тыя Пукала павінен быў заплаціць пасля падпісання дамовы ў натарыуса. Але ў рэчаіснасці ўмова была падпісаная на 100 злотых, якія і былі ўручаныя пасля. Пукала скарыстаўся тым, што Слізень непісьменны, не разумее па-польску і глухі.
Абяцаў ажаніцца
Браніслава Рудковіч мела нарачонага, з якім павінна была ўзяць шлюб. Але малады чалавек не меў грошай, таму панна купіла каханаму Яну Браніцкаму паліто за 40 злотых і дала гатоўкаю 10 злотых.
Але на гэтым жаданне жаніцца ў хлопца скончылася. Рудковіч, не маючы іншага выйсця, звярнулася ў паліцыю. Праводзіцца праверка.
4 лістапада
Катастрофа аўтобуса пад Баранавічамі
3 лістапада падчас паездкі перапоўненага пасажырамі аўтобуса Слонім-Баранавічы ў 6 км ад Баранавіч лопнула вось, ды так нешчасліва, што гэта выклікала выбух задняга кола. Людзі не пацярпелі. Пасажыраў забраў іншы аўтобус Слонім-Баранавічы, які належыць пану Зеленеўскаму.
Папрасіла патрымаць немаўля
28 кастрычнік, калі Ганна Бігулюк ішла па вуліцы Міцкевіча (цяпер вуліца Леніна) прыкладна а 17-й гадзіне, яе затрымала незнаёмая жанчына і папрасіла на хвіліну патрымаць яе немаўля. Нічога не падазраючы, Бігулік узяла дзіця, а калі матка не вярнулася – занепакоілася і зайшла на падворак. Выявілася, што маці знікла.
Бігулік аднесла дзіця ў камісарыят паліцыі, адтуль двухмесячнага хлопчыка перадалі ў прытулак. Распачаўся пошук нядобрасумленнай маткі.
5 лістапада
Пакралі пчол
У Анатоля Дзяржынскага, які жыве на вуліцы Калеёвай (цяпер Вільчкоўскага), ноччу з 28 на 29 кастрычніка нейкі бэйбус скраў мёд і знішчыў два вуллі з пчоламі. Страты склалі прыкладна на 100 злотых.
Крывавыя камінары
Два камінара (тыя, хто чысціць коміны) – Людвік Вандка і Анатоль Карэзнік, відавочна моцна паддатыя, зайшлі да Шэйдлі Старасвецкай (публічны дом), развалілі печку і парэзалі канапу, чым нанеслі шкоду на 500 злотых. Пасля пайшлі да іншага будынку (таксама бардэлю) Зэльды Сальман, пабілі яе ды забралі торбачку з 2 злотымі і 50 грошамі.
Крывавых камінараў затрымалі паліцэйскія.
8 лістапада
Пакаранне смерцю ў Баранавічах
7 лістапада Акруговы суд у Баранавічах разгледзеў справу трох братоў: Уладзіміра, Вацлава і Міхаіла Петрашэўскіх, якіх абвінавачвалі ў шпіёнстве на карысць іншай дзяржавы. Падчас судовага пасяджэння суд прызнаў віну ўсіх траіх і пакараў Уладзіміра Петрашэўскага, грамадзяніна СССР, да смяротнай кары праз павешанне. Вацлава Петрашэўскага, вайсковага асадніка з Нясвіжскага павета – да пажыццёвага ўзмоцненага зняволення. Міхаіла Петрашэўскага, жыхара Вільні – да 15 год узмоцненага зняволення.
Абарона Уладзіміра Петрашэўскага звярнулася да прэзідэнта Рэчы Паспалітай з просьбай аб адмене смяротнага пакарання.
8 лістапада а 11.30 Уладзіміра Петрашэўскага павесілі. Вырак выканаў памочнік ката Браўна. Паведамлялася, што асуджаны паводзіў сябе спакойна і перад смерцю сустрэўся з каталіцкім ксяндзом.
11 лістапада
Трагічная паездка на даху вагона
10 лістапада здарылася нязвыклая трагедыя на чыгуначным шляху Баранавічы-Ліда. Ігнатовіч, кандуктар цягніка №312, заўважыў кроў, што цякла з даху вагона. Як выявілася, на даху ехаў нейкі чалавек без білета. Хутчэй за ўсё небарака ўдарыўся галавою аб бетонны мур баранавіцкага віадука. А 21 гадзіне труп прывезлі ў Ліду і перадалі ў морг. Як выявілася, загінуўшы – нейкі Ян Глінскі, родам з Вільні.
Вось жа спрытнік
Ноччу з 5 на 6 лістапада з цягніка №152, які ад’ехаў са станцыі Баранавічы, а 0:03 адбыўся дзіўны крадзеж. Паміж гэтым горадам і Палонкаю падчас руху цягніка нейкі спрытнік скраў тытунь для люлек і папяросы на суму 2000 злотых.
13 лістапада
Асвячэнне памятнага каменя
11 лістапада а 16-й гадзіне ў гарадскім парку (цяпер Стары парк) адбылося ўрачыстае асвячэнне памятнага каменя, якое выканаў ксёндз пробашч, які і расказаў гісторыю помніка. Пан бурмістр Ярмульскія падцвердзіў яго словы.
Гісторыя такая: у 1919 годзе па добрай волі жыхароў Баранавіч, якія хацелі ўвекавечыць дзень уваходу польскага войска ў горад, пастанавілі ўсталяваць палявы валун (памерам 1 на 0,5 м) з надпісам “Чэсць пераможцам, хвала загінуўшым”. Гэты камень стаяў ад красавіка 1919 года да ліпеня 1920 года, калі ў горад паўторна не ўвайшла Чырвоная армія.
Тады жыхары горада перацягнулі камень на старыя праваслаўныя могілкі (цяпер плошча Леніна), дзе ён і знаходзіўся да гэтага часу. Цяпер яго ўсталявалі на тым месцы, дзе жыхары Баранавіч упершыню сустрэлі польскія вайсковыя аддзелы ў 1919 годзе.
14 лістапада
Будзьце пільнымі з петардамі
Днём 8 лістапада ў Баранавічах адбыліся вучэнні гарадской абароны, пасля чаго на другі дзень на вуліцах горада можна было знайсці гільзы ад дымавых шашак і петард.
Уладзімір Кар’яновіч знайшоў на кірмашы петарду, забраў яе дахаты і пачаў разбіраць.
Падчас разборкі петарда выбухнула і параніла Кар’яновічу рукі, твар і ногі. Яго адвезлі ў шпіталь, там атрыманыя раны прызналі лёгкімі.
23 лістапада
Двое паліцэйскіх сталі ахвярамі шаленства
На Конрада Александровіча, жыхара Баранавіч, тры тыдні таму напаў сабака, які пакусаў яго за твар. Сёння ў Александровіча адбыўся прыступ шаленства, у сувязі з чым па дапамогу звярнуліся ў паліцэйскі пастарунак.
Падчас бойкі Александровіч падрапаў і пакалечыў старэйшага пастарунковага Мрачкоўскага і пастарунковага Корбута. Хворага на шаленства ізалявалі ў інфекцыйнай бальніцы (25 лістапада газета напісала, што ён памёр). Пацярпелым паліцыянтам зрабілі прышчэпкі супраць шаленства.
24 лістапада
Хацеў паўплываць на кіраўніцтва пошты
20 лістапада ў паліцэйскі пастарунак у Палонцы звярнуўся Ксаверы Федаровіч, пасыльны пошты ў Палонцы, і паведаміў, што днём раней паміж мястэчкам і станцыяй, у лесе на яго напалі два бандыты, якія патрабавалі грошы. Гэтыя людзі, агледзеўшы мяшкі, нічога не забралі і сышлі ў бок Альбінкі.
Камендант паліцыі выслаў на месца здарэння патруль, па вяртанні якога з’явілася падазрэнне, што Федаровіч сімуляваў напад, пасля чаго той у гэтым і прызнаўся. Ён патлумачыў свой учынак тым, што хацеў паўплываць на кіраўніцтва пошты, каб заплацілі яму за перавоз карэспандэнцыі, а таксама выдалі дазвол на нашэнне зброі. Не атрымалася.
28 лістапада
Дзе не просяць – там кіем выносяць
Ноччу з 20 на 21 лістапада ў вёсцы Судары Сталовіцкай гміны ў хаце братоў Вярбілаў праходзіла вяселле. На забавы прыйшоў няпрошаны жыхар вёскі Торчыцы Анатоль Вадзейка, які быў ужо добра выпіўшы. Таму яго вывелі з хаты на падворак і пабілі.
Вадзейка мае яшчэ і прэтэнзіі, што з яго кішэні скралі 5 злотых і 35 грошай. Паліцыя праводзіць праверку, каб дазнацца праўды.
29 лістапада
У Баранавічах адключаць святло?
Ужо доўгі час трывае канфлікт паміж Дырэкцыяй чыгункі ў Вільні і магістратам горада Баранавічы з-за пакупкі электрычнасці.
Магістрат вінен чыгунцы вялікую суму, а бурмістр горада ўзгадніў быў з Дырэкцыяй чыгункі справу аплаты. Аднак, не гледзячы на ўзгадненне, кіраўніцтва чыгункі пайшло на абвастрэнне канфлікту. Ва ўсе ўстановы накіраваны ліст, што а 24 гадзіне 30 лістапада будзе адключана святло ў горадзе Баранавічы, таму Дырэкцыя раіць шукаць іншых вытворцаў электрычнасці.
Нам падаецца, што такое развіццё праблемы не з’яўляецца правільным і 30-тысячны горад не можна пакінуць без святла.
У справу ўмяшалася кіраўніцтва Баранавіцкага павету, а стараста Нойгебаўэр павінен сустрэцца з шэфам чыгункі панам Фалькоўскім.
Грамадства з нецярпеннем чакае гэтай сустрэчы.
Як паведаміў у апошнія хвіліны наш прадстаўнік, пасля сустрэчы пан Фалькоўскі пастанавіў адправіць у Баранавічы свайго прадстаўніка для разгляду справы на месцы і параіць супрацоўнікам электрастанцыі ў дэпо не адключаць святло для горада. Пан стараста паабяцаў у хуткім часе выплаціць усю суму, што горад вінен чыгунцы.
Obronaludu
11 лістапада
Як плацяць заробкі ў гарадах
Згодна даследавання, якое правяло аб’яднанне работнікаў самакіравання, рэгулярна выплачваецца заробак работнікам магістрату ў Вільні, Познані, Варшаве, Львове, Кракаве.
Найгоршая сітуацыя ў Навагрудку, дзе супрацоўнікі магістрату не бачылі грошай ужо 5 месяцаў.
Запазычанасць за 4 месяцы маюць гарады Баранавічы, Сувалкі, Слонім, Кельцы.
Expres Zagłębia
14 лістапада
Бабры ў Баранавіцкім павеце
Ужо некалькі разоў паведамлялі пра памнажэнне баброў у Баранавіцкім павеце. У апошні час гэта ўжо робіцца відавочным фактам, дзякуючы апецы і абароне, якое распачало баранавіцкае стараства разам з паліцэйскім камісарыятам, які атрымаў адмысловыя ўказанні па абароне баброў.
Цяпер на рацэ Шчара знаходзіцца 4 месцы жыхарства баброў, а на канале Агінскага – адно. Найбольшы з іх знаходзіцца на р. Шчара каля в. Магільніца Дабромыльскай гміны, дзе існуе каля 20 гнёздаў бабровых.
Характэрная рэч, што тут бабры не будуюць домікі на вадзе, а жывуць у норах каля берагу. Магчыма гэта тлумачыцца тым, што летась плытагоны, сплаўляючы дрэва, некалькі разоў спустошылі пабудаваныя бабрамі хаты, што заахвоціла мудрых жывёл быць больш асцярожнымі.
Як бачна, з-за хуткага размнажэння баброў за апошні год Баранавіцкі павет можа стаць іх сталіцай, калі толькі не перашкодзяць гэтаму браканьеры, якіх традыцыйна ў гэтым рэгіёне шмат. Аднак суровае пакаранне, вызначанае стараствам, відавочна паўстрымае двухногіх шкоднікаў ад злой волі.
У адной з газет нядаўна быў надрукаваны фельетон, дзе аўтар кпіў з назвы вуліцы ў Баранавічах, названай у гонар амерыканскага прэзідэнта Гувэра.
Хацелася б нагадаць, калі Баранавічы не цярпелі голаду пасля Першай сусветнай вайны, а былі адзетыя і накормленыя, дык павінны быць удзячны менавіта Гувэру. Гэта з яго ініцыятывы і ласкі ішлі ў Баранавічы цягнікі з ежай, вопраткай і абуткам.
Павярховы дом каля пляцу Легіянэраў (пляц у Вайсковым гарадку, цяпер забудаваны дзіцячым садком і 5-ціпавярховікамі паміж вул. Заслонава і Ракасоўскага) , а таксама вялікі дом на Шаптыцкага, 4 (Савецкая) служылі складамі. У Баранавічах існаваў “Камітэт дапамогі дзецям”, працавалі кухня ў горадзе і казармах (Вайсковы гарадок) для рэпатрыянтаў, па навакольных вёсках раздавалі прадукты, бялізну і адзежу для людскіх патрэб. Усё гэта дзякуючы волі прэзідэнта Гувэра. Складамі і раздачай усяго кіраваў у Баранавічах амерыканец, імя якога я забылася, разам з грамадою мясцовых людзей. А ў 1920 годзе прыехалі з ЗША сюды нашыя землячкі-самарыцянкі ў асобах пані Марты Грачык і пані Станіславы Мухі.
Як доўга трывала акцыя апекі Амерыкі над Баранавічамі, акрэсліць я не магу. Але маю ўражанне, што скончылася яна толькі ў 1925 годзе.
Таму слушна, што ў Баранавічах ёсць такая сціплая згадка пра прэзідэнту ЗША. Шкада, што ў горадзе не ўсталявалі хаця б маленькага помніка Гувэру з удзячным надпісам на табліцы.
пані А. Шалевіч
4 лістапада
Таблетка з атрутай у торбе кандуктара
Чыгуначны кандуктар Браніслаў Скуратовіч, які жыве ў Баранавічах на вуліцы Сенатарскай, 133 (цяпер Чырвонаармейская), паведаміў паліцыі ў пастарунку на станцыі Баранавічы-Палескія, што, едучы ў цягніку Лунінец-Баранавічы, знайшоў у сваёй дарожнай торбе паміж прадуктамі таблетку шэрага колеру, якая выклікала ў яго падазрэнне. Скуратовіч падазрае, што таблетку падклаў яму працоўны па змазцы, які ехаў у тым самым цягніку, нейкі Асінскі з Баранавіч, які такім чынам хацеў яго атруціць. Таблетку перадалі мясцоваму лекару для даследавання.
Эпілог крывавай забавы ў Каўпеніцы
У ліпені моладзь Каўпеніцы ладзіла ў адной з мясцовых хат вячоркі. На забавы прыйшоў і жыхар вёскі 26-гадовы Канстанцін Васілевіч разам са сваёй нарачонай Ганнай Васілевіч, якая адораная прыгажосцю цешылася вялікай увагай прысутных. Пекная танцорка забаўлялася да позняга вечара, а тым часам яе нарачоны, палаючы рэўнасцю, зладзіў для яе пэўную неспадзяванку. Ён выйшаў з хаты, дзе адбывалася вечарына, а потым вярнуўся, хаваючы нож у рукаве.
У пэўны момант, пад гукі вясковых музыкаў, калі стомленыя пары працягвалі танчыць, Васілевіч пагасіў святло ў памяшканні, а сам падышоў да нарачонай і 12 разоў ударыў нажом ёй у грудзі. Дзяўчына з жахлівым крыкам здолела выбегчы яшчэ на двор, дзе павалілася трупам. Забойца ўцёк з месца злачынства і некалькі дзён хаваўся ў лесе паблізу. Але потым быў схоплены паліцыяй і патрапіў на лаву падсудных. Акруговы навагрудскі суд на выязным паседжанні ў Баранавічах асудзіў Васілевіча да 10 год строгай турмы.
Трагедыя рамізнікаў
Агульны застой паміж рамізнікаў (извозчик – русск.) адбываецца ў Баранавічах з-за хуткага павелічэння колькасці таксовак. У Баранавічах аднаконкі рамізнікаў збіраюцца ў адным месцы на скрыжаванні вуліц Шаптыцкага і Уланскай (Савецкай і Штакераў) і тут гадзінамі чакаюць пасажыраў, часцей за ўсё безвынікова. Аб вялікіх падарожжах няма і гаворкі. Цяпер кожны пасажыр хоча ехаць аўтобусам, чым трэсціся па бруку дрындай. Таму нашыя рамізнікі ад бяздзеяння, каб неяк забіць час, выдураюцца рознымі спосабамі.
Нядаўна адзін з іх, Ян Ломжа, з нуды папрабіваў нажом заднія колы ў возе, які належыць яго сутаварышу па нядолі, рамізніку Мікалаю Бобку, які не зразумеў жарт і напісаў заяву ў паліцыю.
5 лістапада
Крадзяжы
З тытунёвай крамы Андрэя Гібоўскага на вул. Віленская, 28 (Гагарына), скралі 80 кг махоркі на агульную суму 1120 злотых.
За 4 лістапада ў Баранавічах зарэгістраваныя два выпадкі крадзяжу яблык і гусей ды адзін выпадак збіцця.
Здзьмула ровар з-пад стараства
Якаб Фісон, які жыве на вуліцы Шаптыцкага (Савецкая), прыехаў да будынка стараства на новенькім ровары фірмы Witter і, не прадчуваючы нічога кепскага, паставіў яго каля муроў будынку, а сам пайшоў у канцылярыю па справах прыватных. Гэтай аказіяй адразу ж скарыстаўся злодзей, які здзьмуў ровар да таго, як Фісон вярнуўся з канцылярыі.
8 лістапада
Бензінавая станцыя ў Баранавічах
Па меры развіцця гораду павялічваецца і аўтамабільны рух у ім. Гэта прывяло да адкрыцця першай бензінавай аўтазапраўкі. Гэты прывілей атрымала фірма Standart-Nobel, якая за невялікую арэндную плату з 1926 года карысталася манаполіяй па продажы бензіна. Сёлета падаткі для яе выраслі, а ўмовы змяніліся, але яна і надалей будзе карыстацца манаполіяй у Баранавічах.
Гэтая адзіная станцыя далася ў знакі многім з розных пунктаў гледжання. Не можа яна абслужыць усе аўтамабілі, якіх у Баранавічах робіцца ўсё больш. Да таго ж уласнікі машын могуць трапіць у ласку ці ў няміласць да супрацоўнікаў станцыі, якія карыстаюцца бензінавай манаполіяй у сваіх мэтах.
Пяць год, да красавіка гэтага года, станцыяй кіраваў пан Канстанцін Віторскі, якім былі незадаволены многія, але баяліся пра тое казаць, каб не страціць працы. Сёлета фірма Standart-Nobel зацікавілася бліжэй дзейнасцю Віторскага, і ў выніку ён быў звольнены са сваёй пасады. Аднак да судовай адказнасці яго не прыцягнулі, бо яго дзеянні не адбіліся яскрава на інтарэсах самой Standart-Nobel…
Цярпелі збольшага тут самі кліенты, бо пан Віторскі прымушаў сваіх падначаленых ашукваць людзей на вазе пры продажы нафтапрадуктаў. Большая частка грошай, што такім чынам атрымлівалася, пераходзіла самому Віторскаму. Падначаленыя за маўчанне і неданясенне ў цэнтральнае кіраўніцтва атрымлівалі ад Віторскага невялікія прэферэнцыі, а некаторыя нават рабіліся яго супольнікамі. На пасаду складу ён узяў свайго пляменніка Мачульскага. Пасля гэтага павялічыліся скаргі кліентаў на неадпаведнасць вагі ў купленых прадуктах, аднак Віторскі ўсе гэтыя праблемы трымаў у сваіх руках і разбіраўся з імі. Гэткае круцельства некалі павінна было адкрыцца, таму Віторскі прыняў у сваю групоўку падначаленага Гаўрыленю, якога з часам павысіў на розных пасадах, прымушаючы пры гэтым дзяліцца паловай заробка. Гэткім чынам Віторскі у выпадку чаго можа пазбегнуць адказнасці і знаходзіць ахвярнага казла. Так дзейнічае Віторскі і ў Навагрудку, дзе ён на станцыі на такое самае становічша прызначыў пана Рамерчыка.
Аднак праведзеная праверка цэнтральнай камісіі Standart-Nobel на станцыі выявіла недакладнасці, і Віторскі быў звольнены са сваёй пасады. Цяпер толькі яго брудныя справы ўсплываюць на паверхню. Гэтай справай зацікавіўся пракурор і набліжаецца той час, калі ўсе цёмныя справы Віторска стануць вядомымі, бо ўсё больш людзей пачынаюць расказваць аб гэтым.
11 лістапада
Вайна з гарэлкаю
Вазьміце ўсе ўстановы харчавання ў Баранавічах, дзе нельга прадаваць алкаголь. У іх яго заўсёды можна знайсці. Ведае пра гэта паліцыя і ведаюць установы, што збіраюць падаткі. Стомленыя безвыніковым змаганнем з абмежаваным пакаранням ад 100 злотых да трох месяцаў арышту мясцовыя ўлады часам махаюць на гэта рукою. Няхай п’юць, абы без авантур. Перамагчы патаемны продаж – гэта сізіфава праца. Калі ўжо Амерыка не можа ў сябе даць рады (гаворка пра сухі закон і мафіюў ЗША), што казаць пра Баранавічы!
Але, як выявілася з практыкі, алкаголікі і прадаўцы алкаголю – людзі не зусім далікатныя і не разумеюць прыгожыя жэсты ўлады. Хутчэй наадварот. Таму калі цярпенне скончваецца, падатковыя службы пачынаюць пагром. Судны дзень.
Быў нядаўна такі ў Баранавічах. Для гэтага нанялі адмысловага чалавека, які за свае паслугі мог напіцца адразу ў некалькіх па чарзе ўстановах. Узнагарода высокая і прэстыжная, пры гэтым дзяржава не панесла ніякіх страт: усе выдаткі “аплачвалі” піўніцы і бары. Шчаслівым абраннікам лёсу стаў Юрый Праўка, экс-капітан расійскага войска. Цяпер беспрацоўны.
Акцыя змагання з нелегаламі адбывалася планава і энергічна. Беспрацоўны экс-капітан уваходзіць. Зімна. Пацірае рукі. Гэтага дастаткова для паразумення. Першы кілішак колам, другі саколам, селядзец… Трах – у дзвярах стаіць пан інспектар Жвіровіч. Пратакольчык і енкі. Цяпер ідзі пан Праўка да “Крэсовага бару”… Першы колам… Цяпер, пан, накіроўваемся да піўбару на Садовай (цяпер Міцкевіча), 87…
Экс-капітан накачаўся на пару тыдняў наперад, разагрэты дзякаваў сваім добразычліўцам – дай Бог ім здароўя. А “Крэсовы”, Садовая, 87, і іншыя ўстановы былі прыцягнуты да судовай адказнасці. Хутка справа: па тры месяцы арышту.
На наступны дзень пасля суда чыталі мы ў газетах: на Юрыя Праўку (жыве на Прыкашаравай, 16 цяпер Ўстрэчная) быў здзейснены напад на вуліцы. Нападальнік некалькі раз моцна ўдарыў яго ды пашкодзіў сківіцу.
У той самы вечар ва ўсіх згаданых баранавіцкіх установах можна было купіць гарэлкі. Змучаныя безвыніковым змаганнем з алкаголем падатковыя службы разважаюць, што лепей: шукаць новага Праўку ці выдаць дазволы на продаж.
13 лістапада
Смерць знакамітага лекара
Другога дня ў Баранавічах раптоўна памёр вядомы ў горадзе гінеколаг – доктар Сцепужынскі, які ўжо некалькі год хварэў на склероз. Пасля яго смерці горад страціў знакамітага лекара, які шмат зрабіў тут у справе медыцыны. (У наступным нумары было паведамленне, што доктар не памёр, а толькі цяжка захварэў, што стала падставай для чутак аб яго смерці ў горадзе.)
17 лістапада
Спрытны злодзей у ролі пацярпелага
У вёсцы Гінцавічы Навамышскай гміны скралі авёс з закрытага хлява. Адразу пасля гэтага тыя самыя злодзеі спрабавалі ўламацца ў хлеў Міколы Антанюка, але былі выкрытыя і мусілі ўцякаць, кінуўшы на падворку каня з возам. Злачынцы збеглі ў невядомым накірунку, за імі выправілася пагоня.
Тым часам у Баранавічах адзін з патрульных паліцэйскіх сустрэў на вуліцы п’янага чалавека, якога даставіў у пастарунак. Пасля высвятленне асобы выявілася, што гэта Аляксандр Цыкман, жыхар вёскі Літва, прафесійны злодзей. Калі ён працверазеў, дык нарабіў гвалту, што, калі быў на рынку ў нецвярозым стане, у яго скралі каня і воз. Апісанне было ідэнтычным з тым канём і возам, што кінулі злодзеі на падворку Антанюка. Але падчас допыту Цыкман не здолеў патлумачыць, пры якіх абставінах у яго скралі каня з возам і нават не мог акрэсліць прыкладны час здарэння. Таму яго пачалі падазраваць, што браў чынны ўдзел у крадзяжы з узломам у Гінцавічах. Цыкмана затрымалі ў камісарыяце, а яго справу разглядае пракурор, які жыва ўзяўся за спрытнага зладзейчыка.
18 лістапада
Абеззаражанне тэлефонных апаратаў
У Баранавічах расклеілі абвестку магістрата, дзе надрукавана пастанова навагрудскага ваяводы пра дэзынфекцыю ўсіх тэлефонных апаратаў. Адбываецца гэта згодна з пастановай пана прэзідэнта.
З абвесткі вынікае, што абаненты нясуць адказнасць за свае апараты, адмова ад дэзынфекцыі будзе карацца штрафам у 100 злотых ці трыма днямі арышту. Кантраляваць гэта будуць санітары і паліцыя.
Абеззаражанне тэлефонных апаратаў праходзіць ужо па ўсёй краіне. На ўсходзе Польшчы Баранавічы першы горад, дзе гэта адбудзецца. Гэта слушная і патрэбная акцыя па ахове здароўя грамадзян, якая дазволіць пазбавіцца пераносу заразных хвароб і асабліва сухотаў.
Аддзел па дэзынфекцыі тэлефонаў у Баранавічах размясціўся па адрасе: ул. Віленская, 69 (Гагарына), тэлефон, 172. Аддзел ужо прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, знайшоўшы паразуменне ў мясцовых жыхароў.
Крадзеж каштоўнага партрэту
Мойша Літоўскі, настаўнік баранавіцкай гімназіі, што здымае пакой на вуліцы Садовай, 3 (цяпер Міцкевіча) у доме пана Гіна, паведамі ў паліцыю аб крадзяжы партрэту. У ім Мойша хаваў тры долары 3-й серыі.
У партрэце таксама захоўваліся 20 рублёў расійскіх у золаце і адна банкнота вартасцю 20 долараў ЗША. Партрэт увесь час ляжаў у валізцы. Праглядаючы апошні раз валізку, Літоўскі заўважыў адсутнасць каштоўнага партрэту і паведаміў пра тое ў паліцыю, ацаніўшы страты ў 500 злотых.
27 лістапада
Дапамога беспрацоўным з Баранавіцкага павету
Сталі вядомы вынікі працы Камітэту па справах беспрацоўных у Баранавічах. Жыхары нашага павету вельмі станоўча аднесліся да справы і збору дапамогі. Першым чынам было сабрана на тэрыторыі павету для беспрацоўных 115 488 кг бульбы. З іх 8 вагонаў (87 867 кг) даслалі ў Радамль, астатняе захоўваецца на складах Камітэту.
Найбольш ахвяравалі наступныя асобы: В. Гурскі (маёнтак Развадова) – 576 кг, А. Лянчэўскі-Самотыя (маёнтак Сычэўкі) – 420 кг, А. Хмялеўскі (маёнтак Арабінаўшчына) – 420 кг, Т. Шалевіч (маёнтак Калдычэва) – 600 кг, М. Катарбінскі (маёнтак Дарава) – 160 кг, Бр. Бохвіц (маёнтак Паўлінава) – 800 кг, К. Бітнерава (маёнтак Навасады) – 750 кг, Б. Давідоўскі (маёнтак Лазаўцы) – 288 кг, Я. Порай-Навіцкі (маёнтак Гацішча) – 644 кг, Я. Бекер (маёнтак Сухарэўшчына) – 320 кг.
Дробныя земляробы ахвяравалі: в. Лабузы – 464 кг, в. Нагорная – 248 кг, в. Вашкаўцы – 348 кг, в. Гірава – 380 кг, в. Сваяцічы – 210 кг, в. Башкі – 210 кг, в. Пірштукі – 330 кг, в. Дрэкі – 125 кг, в. Федзюкі – 764 кг, в. Рамашкі – 75 кг і г.д.
Як стала вядома, Камітэт па справах беспрацоўных у бліжэйшую нядзелю, 29 лістапада, разгорне ў Бараначавіх тры кухні для харчавання беспрацоўных.
Інфармацыйнае бюро на вакзалах
Па даручэнні бурмістра горада інж. Вінніка кіраўніцтва чыгункі арганізавала Інфармацыйныя бюро на станцыях Баранавічы-Палескія і Баранавічы-Цэнтральныя. Па інфармацыю да іх можна звяртацца па тэлефоне, а таксама асабіста.
Крадзеж футра ў магістраце
Некалькі дзён у Баранавіцкім магістраце працуе рэвізійная камісія, у склад якой уваходзіць радны Макс Блашынскі, вядомы ў нас купец металалому бронзы. Пазаўчора ён прыбыў у Магістрат і, зайшоўшы ў кабінет лаўніка Мукасея, зняў каштоўнае футра вартасцю каля 2000 злотых і павесіў на вешалку ў кабінеце. Пасля невялікай размовы з лаўнікам Блашынскі пайшоў на трэці паверх, дзе працавала рэвізійная камісія.
Тым часам лаўнік Мукасей ненадоўга выйшаў з кабінету, ды, не прадчуваючы нічога кепскага, пакінуў дзверы адчыненымі. Як выявілася, за тую хвіліну ў кабінет зайшоў нейкі непрыстойны госць і, пабачыўшы, што нікога тут няма, зняў з вешалкі футра і сышоў з ім, нікім не заўважаны.
Спакойна прайшло некалькі гадзін працы рэвізійнай камісіі. Радны Блашынскі ізноў прыходзіць у кабінет лаўніка Мукасея і тут спыняецца як укопаны. Каштоўнага футра ўжо не было на вешалцы. У першы момант Блашынскі з дабрадушнай усмешкай звярнуўся да Мукасея, лічачы, што нехта з яго пажартаваў, ды схаваў футра. Але неўзабаве быў непрыемна здзіўлены. Пошукі футра не прынеслі вынікаў, яно прапала, як камень кінуты ў ваду. Было затрымана некалькі асоба па падазрэнні, але на след футра так і не выйшлі.
Смяротны вырак для шпіёна
25 і 26 лістапада ў Баранавічах Хуткі суд разглядаў справу шайкі шпіёнаў, якая была ліквідавана службай бяспекі ў гэтым месяцы і якая дзейнічала ў Стаўбцоўскім, Нясвіжскім і Баранавіцкім паветах. Пасля разгляду справы трыбунал вынес прысуд 7 шпіёнам: пакараць Нікіфара Цвірку, Мітрафана Казея, Яна Борыса, Мікалая Тараковіча, Анатоля Каціцкага, Яна Сараковіка і Аляксандра Скачко да смяротнага пакарання праз павешанне.
Абарона апратэставала пастанову і падала пану прэзідэнту Рэчы Паспалітай прашэнне аб змякчэнні пакарання.
Яшчэ адзін падсудны Маскалік уцёк у Расію. Некаторых асуджаных абвінавацілі ў шпіянажы з 1926 году. Згодна следства, яны прадалі ў CCCР планы чыгуначных станцый Баранавіч, Слоніма, Стаўбцоў, Гарадзеі, Пагарэльцаў і іншыя дадзеныя. Выйшлі на іх тады, калі яны самі прапанавалі польскай выведцы свае паслугі, абяцаючы прадаць савецкія дадзеныя. Аднак выявілася, што іх дакументы былі фальшывыя і сфабрыкаваныя савецкай разведкай. Прыпёртыя да сцяны, асуджаныя ва ўсім прызналіся. Усе яны – жанатыя (апошні абзац з газеты польскай сацыялістычнай партыі “Robotnik”).
28 лістапада
Як павесілі 7-х шпіёнаў у Баранавічах
Учора раніцай быў выкананы вырак Хуткага суду ў Баранавічах, які пакараў сем бальшавіцкіх шпіёнаў карай смерці праз павешанне. Прозвішчы пакараных былі змешчаны ў папярэднім нумары. Пасля выраку асуджаныя звярнуліся да пана прэзідэнта, аб змякчэнні пакарання, які такой ласкай не скарыстаўся. Таму 27 лістапада а 9.25 пачалася панурая экзекуцыя.
На месца прыбылі абодва пракуроры, праваслаўны святар Лапатынскі, начальнік турмы, намеснік каменданта паліцыі ды два ката. А менавіта – намеснік Маціюўскага (Стэфан Маціюўскі – першы афіцыйны кат у міжваеннай Польшчы) і яго памочнік. Іх прозвішчы наша рэдакцыя не даведалася. Усе згаданыя сабраліся на надворку турмы, дзе і адбылася экзекуцыя. Працягвалася яна да першай гадзіны па поўдні.
На надворку стаялі тры шыбеніцы, але вешалі толькі па двое асуджаных за раз. Іншыя ў гэты час сядзелі ў камерах. Першым пакаралі Борыса, які ўвесь час да канца шчыра маліўся. Усе асуджаныя таксама мелі магчымасць спавядацца, акрамя Цвіркі, які адмовіўся размаўляць са святаром. Паводзілі сябе асуджаныя агулам спакойна. Апошнім, ужо самотным, быў пакараны Казей, чыгуначнік з Баранавіч. Акт аб кары быў падпісаны а 14-й гадзіне. А 15-й гадзіне пакараных пахавалі.
Трэба адзначыць, што судовыя ўлады дазволілі сваякам асуджаных апошняе спатканне. Толькі раніцай, пасля прыезду катаў, з турмы вывелі асоб, што прыйшлі на спатканні.