Пра гэтага чалавека амаль не захавалася ніякай інфармацыі. Сьціплы чалавек Эдуард Чашча, які пражыў сьпіплае жыцьцё. Аднак пад час Другой сусьветнай вайны ён рызыкуючы жыцьцём ратаваў у Баранавічах жыдоў.
Сам Эдуард Чашча нарадзіўся ў 1918 годзе ў Заходняй Польшчы. Якім чынам ён патрапіў у Баранавічы невядома, але падчас вайны ён працаваў у нашым горадзе ў санітарнай часцы, а таксама быў даглядчыкам каталіцкіх могілак. Ён і жыў каля тых кладоў у сваім доміку на ўскрайку горада разам з жонкаю Лідзіяй Івановай і дачкою.
9 ліпеня 1941 года, падчас першай акцыі па зьнішчэньню фашыстамі Баранавіцкага гета, Чашча хаваў у сябе дома знаёмага жыда Аркадзя Ліпкіна з братам, а пасьля праводзіў іх ў лес. Браты Ліпкіны пазьней былі ў партызанах (невядома ў якіх полькіях, савецкіх ці жыдоўскіх) ды перажылі вайну.
Пад час таго самага першага пагрому гета ён выратаваў таксама і кабету з дзіцём, а пасьля Шмуэля (Мулю) Янкілевіча, старшыню другога юдэнрата (жыдоўскай рады ў гета) . Падчас другога пагрому 4 сакавіка 1942 – Эдуард выратаваў яшчэ двух жанчын.
Напрыканцы 1942 падчас трэцяй і завяршальняй акцыі па зьнішчэньню Баранавіцкага гета (17 сьнежня 1942), Чашча выратаваў групу з 35 чалавек – апошніх жыдоў, якія працавалі ў лягэры СД.
Наогул лічаць, што Чаша выратваў больш жыдоў, чым гэта дакументальна завіксавана. Часьцей за ўсё ён хаваў жыдоў на могілках у капліцы, дзе зазвычай пакідалі на ноч нябожчыкаў. Яму дапамагалі яшчэ 3-4 чалавека, але на жаль прозьвішча іх зьгінулі ў нябыт.
Пазьней Чашча супрацоўнічаў з партызанамі (таксама невядома зь якімі – польскімі, савецкімі ці жыдоўскімі), паведамляючы ім зьвесткі пра фашыстаў. Яго двойчы арыштоўвалі. У першы раз, адразу пасьля арышту вызвалілі, а другі раз у лістападзе 1943 – жорстка катавалі і зьмясьцілі ў канцынтрацыйны лягер (невядома які, але хутчэй за ўсё – у Калдычэўскі).
Чашча перажыў вайну, зьехаў у Польшчу дзе працаваў шахцерам на вугальных шахтах. Калі і дзе ён памёр невядома. За час вайны ён выратаваў ад сьмерці ад 60 да 150 жыдоў. Дзякуючы іх сьведчаньням, Чашчу прызналі ў 1962 годзе Праведнікам сьвету. Ніякіх ўспамінаў ці інтэр’ю зь ім не рабілася ці не захвалася.
Акрамя Чашчы ў Баранавічах Праведнікамі сьвету прызнаныя:
Немец гаўптфельдфэбель Хуго Арман; Тэрэса Доленга-Вжозек (Сталавічы); Маліноўская Софья і Маліноўскі Раман; Грышчык Марыя і Грышчык Вікенці (в.Улазавічы, Баранавіцкага раёну) . Агулам жа на Беларусі праведнікамі прызнана 569 чалавек.