Гісторыя існавання Баранавіч неад’емна звязана з войскам. У розныя часы, пад рознай уладай у горадзе стаялі гарнізоны разнастайных вайсковых фарміраванняў розных краін і ўладароў. Гандаль і развіццё Баранавіч шмат у чым залежалі ад афіцэраў і салдат, якія кватаравалі тут. Гісторыя захавала не так многа інфармацыі пра вайсковыя часці горада. Пра некаторыя вядома больш, пра некаторыя амаль нічога. Паспрабаваў згадаць царскія і польскія вайсковыя адзінкі, з якімі звязана гісторыя горада.
Царскае войска
Першыя вайскоўцы з’явіліся ў мястэчку Баранавічы амаль адразу пасля заснавання чыгуначнай станцыі – недзе ў 1880-х гадах. У лесе насупраць Палескага вакзала былі раскватараваны другі і трэці чыгуначныя батальёны і 5-я рота чацвёртага чыгуначнага батальёна.
Кожны чыгуначны батальён складаўся з дзвюх будаўнічых і дзвюх эксплуатацыйных рот. Да таго ж нейкі час у Баранавічах стаялі два батальёны 118-га Шуйскага пяхотнага палка, гар-нізон якога знаходзіўся ў Слоніме.
Спачатку вайскоўцам даводзілася жыць у намётавым лагеры. Пасля былі пабудаваны баракі-казармы, частка якіх захавалася да нашага часу.
Пазней чыгуначныя батальёны былі аб’яднаны ў Чыгуначную брыгаду, якая неафіцыйна называлася Баранавіцкая. Брыгада мела сваю царкву, створаную ў 1890 годзе ў драўляным будынку сталовай (барак захаваўся да нашых дзён – на вул. Заслонава, 13). Царква змяшчала да 700 чалавек.
Падчас расейскай рэвалюцыі 1905 года салдаты чыгуначнай брыгады 10 снежня далучыліся да забастоўкі баранавіцкіх чыгунач-нікаў. Імі быў збіты генерал Арцем’еў, які прыйшоў супакойваць бастуючых. З генерала салдаты сарвалі пагоны.
Праз два дні ў Баранавічы прыбыло войска з Мінска, вайскоўцы арыштавалі найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў. У пачатку Першай сусветнай вайны Чыгуначная брыгада была накіравана на фронт.
Баранавіцкія чыгуначныя батальёны
2-гі чыгуначны батальён быў сфарміраваны 25 красавіка 1877 года. Палкавое свята адзначалася 16 жніўня. Батальён
удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў, дзе аднаўляў паўночна-турэцкую чыгунку, захопленую генералам Скобелевым. У руска-японскай вайне 1904-1905 гатоў салдаты батальёна займаліся пабудовай і рамонтам палкавой чыгункі ў раёне ад Ляояна да Куанчанцзы.
3-ці чыгуначны батальён быў сфарміраваны 12 лістапада 1876 года ў Маскве як ваенна-дарожны батальён. Палкавое свята адзначалася 8 лістапада. Батальён удзельнічаў у 1880-1890 гадах у будаўніцтве Луцкай чыгункі.
У 1910 годзе асобная Баранавіцкая палявая чыгуначная рота была перафарміравана ў 6 чыгуначны батальён з месцам дыслакацыі ў Баранавічах.
Войска польскае
Пасля заканчэння польска-савецкай вайны, напрыканцы 1920 года, Баранавічы ўвайшлі ў склад Польшчы. У 1921 годзе ў горадзе былі размешчаны 26 уланскі полк, 78 пяхотны полк, 9 дыві-зіён коннай артылерыі, І i IV дывізіёны 20-га палка лёгкай артылерыі (сам полк знаходзіўся ў Пружанах), 20 эскадрон піянераў. Таксама ў Баранавічах знаходзіўся штаб Баранавіцкай брыгады кавалерыі, якую пасля перайменавалі ў Навагрудскую брыгаду кавалерыі.
26 уланскі полк
Быў створаны ў Познані, як 215 Добраахвотніцкі Маршавы Полк ў ліпені 1920 года. Прымаў удзел у польска-савецкай вайне 1920 года. Пасля вайны перайменаваны ў 26 уланскі полк імя гетмана Вялікага Літоўскага Яна Караля Хадкевіча.
15 лістапада 1921 года полк быў накіраваны на кватараванне ў Баранавічы. У гэты час у расейскіх казармах у вайсковым гарадку знаходзіліся бежанцы, якія ўцякалі з бальшавіцкай Расіі. Таму полк да сярэдзіны 1923 года вымушаны быў кватараваць у Гарадзеі. За час знаходжання ў Баранавічах з 1923 па 1939 год займаў частку царскіх баракаў. У палку служылі афіцэры з усёй тагачаснай Польшчы, а большасць салдат тэрміновай службы паходзілі з Крэсаў (тагачасная назва Заходняй Беларусі і Украіны).
Полк быў вядомы па ўсёй Польшчы і лічыўся адным з найлепшых у войску. Акрамя добрых адзнакаў у баявой падрыхтоўцы, салдаты і афіцэры ўвесь час займалі першыя месцы на скачках і ў спаборніцтвах па кавалерыйскім майстэрстве. Вайскоўцы палка паказвалі выдатныя вынікі ў розных спартыўных спаборніцтвах. Напрыклад, у 1925 годзе жаўнеры палка занялі першае месца па стральбе. На спаборніцтвах у 1928 годзе ў Брэсце жаўнеры палка ва ўсіх спартыўных намінацыях трапілі ў тройкі лепшых. У красавіку 1934-га полк заняў першае месца на агульнавайсковых спаборніцтвах па боксе. Славіўся полк дасягненнямі ў фехтаванні.
Паручнік палка Андрэй Багамолец у 1933 годзе пераплыў на яхце «Даль» Атлантыку. Пачаўшы плаванне ў Гдыні, ён праз 89 дзён быў у Чыкага, дзе трапіў на Сусветную выставу, а яго яхта стала экспанатам на ёй.
З верасня 1939 падчас Другой сусветнай вайны полк разам з Наваградскай брыгадай кавалерыі прымаў удзел у баях з немцамі на мяжы Усходняй Прусіі. З цяжкімі баямі адыходзіў да румынскай граніцы. 27 верасня каля горада Самбор недалёка ад мяжы з Чэхаславакіяй і Румыніяй полк разам са сваёй дывізіяй сутыкнуўся з савецкім войскам, якое вызваляла Заходнюю Украіну. Падчас бою быў паранены камандзір дывізіі генерал Уладзіслаў Андэрс. Свежыя часці Чырвонай арміі пачалі цясніць стомленых ад баёў з немцамі польскіх жаўнераў. Пад вечар кіраўніцтва брыгады пастанавіла адыходзіць малымі групкамі да Румыніі. Большая частка тых групак трапіла ў палон да Чырвонай арміі. Пазней значная частка афіцэраў 26-га палка ўланаў загінула ў Катыні.
78 полк пяхоты Сфармаваны ў лютым-красавіку 1920 годзе як Слуцкі Полк Стральцоў у складзе 2-й Беларуска-Літоўскай дывізіі. Прымаў удзел у польска-савецкай вайне 1920 года. Пасля вайны быў пераведзены ў Баранавічы. У 1921 годзе полк атрымаў нумерацыю польскага войска – 78 полк пяхоты.
Жыхары горада Баранавічы прафінансавалі ў 1923 годзе выраб штандара для палка. 1 чэрвеня 1923 штандар урачыста ўручыў палку генерал Люцыян Жалігоўскі.
З пачаткам Першай сусветнай вайны 1939 года 78 пяхотны полк уваходзіў у склад Арміі Модлін, якая займала пазіцыю на мяжы з Усходняй Прусіяй. З баямі полк адышоў да Варшавы, дзе прыняў удзел у абароне сталіцы Польшчы. Вайскоўцы палка склалі зброю пасля капітуляцыі Варшавы.
У лістападзе 2023 году споўніцца 100 год, як у Баранавічах быў узведены гэты помнік.
Польская шыльда знікла ў віхуры часу з гэтага помніка. У 1990-х яе аднавалі па-расейску. Была яна нешматслоўнай: «Памяти жертв эпидемии 1920-1922».. Аднак і яе знішчылі ў 2010 годзе невядомыя вандалы.
З пачаткам Першай сусветнай вайны і наступленнем немцаў большасць праваслаўнага насельніцтва пад прымусам ці даўшы веры агітацыі падалася ў бежанства ў глыб Расеі. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1920 годзе праз Баранавічы праходзіў адзін з галоўных шляхоў, па якім вярталіся тыя бежанцы на Бацькаўшчыну.
Шмат хто з іх ехаў дахаты са змардаванай грамадзянскай вайною Расеі аслаблены і хворы. Даехаўшы да Баранавіч, людзі тысячамі паміралі проста на вакзале. Дарэчы, заходнебеларускі палітычны дзеяч Пётр Сяўрук згадвае ў сваім дзённіку, што ў Баранавічах у верасні 1921 года ён з сям’ёю знаходзіўся роўна тыдзень. Народу было мноства, баракі перапоўненыя, даводзілася жыць пад чыстым небам. Адразу пасля рэгістрацыі супрацоўнікі Рэпатрыяцыйнага Этапа выдалі на сям’ю карткі, а праз два дні зрабілі ўколы ад халеры і звадзілі грамадзян у лазню.
Я маю ў сваёй калекцыі кракаўскі тыднёвік Nowosci Illustrowane ад 3 лістапада 1923 года. У ім ёсць зацемка “Загінулі – як жаўнер на пасту” з двума фотаздымкамі пра адкрыццё нашага абеліска. На жаль, дакладная дата акрыцця помніка тут не пададзена, напісана «ў гэтыя дні». Дзякуючы іншаму тагачаснаму польскаму выданню SWIAT, Nr 43 (1923 год), мы ўсё-такі даведваемся, што помнік адкрылі 30 кастрычніка 1923 года.
Гэта мерапрыемства праводзілася ўрачыста. Як падае выданне, «апроч людскога тлуму ўдзельнічалі і выбітныя саноўнікі і прадстаўнікі ўладаў: прэм’ер Польшчы Вінцэнт Вітас, міністр аховы грамадскага здароўя Ежы Буяльскі, прадстаўнік Лігі Народаў палкоўнік Ватсан, навагрудскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч, палкоўнік Александровіч, капэлан кс. Эйсманд, камісар Рэпатрыяцыйнага Этапа Пракутоўскі і шмат іншых».
З фотаздымка відаць, што памятная шыльда знаходзілася ў ніжняй частцы помніка. Пасля 1945 года яна была знішчана. У 1995 годзе польская грамадскасць Баранавіч змясціла новую металічную шыльду з надпісам па польску:
Polsko, Matko nasha
W sluzbie twej wierni
Zycie swe oddalismy
Pamieci 182 pracownikow etapu repatriacyjnego
W Baranowiczach,
Zmarlych w latach odrodzenia Ojczyny 1920-22
(Польшча, Маці нашая, верныя тваёй службе, мы аддалі сваё жыццё Памяці 182 працаўнікоў рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах, якія памерлі ў гады адраджэння Бацькаўшчыны 1920-22).
Аднак тая шыльда таксама не праіснавала доўга, і дзесьці ў пачатку ХХІ стагоддзя замест яе з’явілася новая, ужо па-расейску, з нейтральным, не зусім зразумелым зместам «Памяти жертв эпидемии 1920-1922». Як нам вядома, гэты абеліск спачатку быў прысвечаны не ахвярам эпідэміі халеры і тыфу, а тым 182 супрацоўнікам, якія прымалі і аблугоўвалі бежанцаў, заражаліся ад іх і паміралі «як салдат на пасту».
На сённяшні дзень, на жаль, не вядомы прозвішчы нашых гераічных землякоў, як і месцы іх пахавання.
Тысячы бежанцаў, што ірвуцца ў “шчаслівую” Еўропу, не навіна для Беларусі. Роўна 100 год таму, у 1921-22 гадах Баранавічы сталі цэнтрам, куды прыяджалі людзі, што вярталіся дахаты пасля Першай сусветнай вайны і польска-савецкай вайны. Больш за 500 тысяч чалавек, што ўцякалі з бальшавіцкай Расіі сядзелі на каратыне ў нашым горадзе. Дзясяць тысяч з іх памерлі ад тыфу і халеры тут, у лагеры рээвакуацыі.
Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны 1920 года ў Беларусь, якая патрапіла ў склад Польшчы, сталі вяртацца мільёны ўцекачоў, якіх пры адступленні рускага войска ў 1915 годзе прымусілі з’ехаць у глыб Расійскай імперыі.
Уцякаючы ад савецкай улады, людзі часта пакідалі ўсю сваю маёмасць, каб толькі вярнуцца на родную зямельку. Аднак першы прыём на Бацькаўшчыне цёплым назваць было нельга.
Баючыся распаўсюду эпідэмій розных заразных хвароб, а таксама для рэгістрацыі ўцекачоў польскія ўлады стварылі ў Баранавічах адзін з галоўных цэнтраў па рээвакуацыі бежанцаў. Кожны, хто трапляў сюды, павінен быў праседзець у карантыне тыдзень.
Уцекачы жылі ў бараках вайсковага гарадка – насупраць Палескага вакзала. Пасля месца хапаць не стала, і бежанцаў перасялілі ў вагоны, што стаялі побач.
Толькі за першыя 9 месяцаў, з сакавіка 1921-га па студзень 1922 года, праз Баранавіцкі этапны пункт прайшло 350–400 тысяч чалавек, паведамляла газета “Беларусі звон” ад 13.01.1922 года. Штодня ў лагеры знаходзілася ад 4 да 15 тысяч чалавек. Былі часы, калі набівалася і 30 тысяч. Прытым што ў Баранавічах у той час жыло не больш за 10 тысяч насельніцтва.
Згодна са статыстыкай 80% уцекачоў, што патрапілі ў Баранавічы, складалі праваслаўныя беларусы з Гарадзеншчыны. Па сацыяльным складзе гэта былі сяляне-хлебаробы. Інтэлігенцыі было вельмі мала, бо яна пакінула Савецкую Расію яшчэ ў пачатку Кастрычніцкага перавароту.
Бежанцаў прывозілі на савецкіх цягніках да Стаўбцоў, дзе ў літаральным сэнсе выкідалі за дэмаркацыйную лінію разам з трупамі. Там людзей збіралі польскія ўлады, садзілі на цягнік і везлі ў Баранавічы.
“Санітарны стан усіх уцекачоў не падаецца да апісання. Хваробы заразныя: тыфы ўсіх трох разрадаў, цынга, малярыя, крываўка – знаходзяць сабе якраз падхадзячы грунт і пашыраюцца. Нярэдкі выпадкі смерці і ад агульнага схудзення, – пісаў “Беларускі звон”. – З усяго ліку ўцекачоў, прапушчаных праз Баранавічы, памерла каля 3–4 тысяч чалавек; падчас маразоў штодня памірала 200–300 чалавек. Былі выпадкі, калі замярзалі цэлыя вагоны за адну ноч. З 26 на 27 снежня ў шпіталі памерла каля 40 чалавек”. Больш за ўсё цярпелі дзеці да 15 год і старыя людзі.
Санітарнай справаў у лагеры кіравала арганізацыя NNK, якая адгарадзіла дротам абшар, дзе жылі ўцекачы. Пад шпіталь на 300 асобаў аддалі стайні.
Адзначалася, што большасць смерцяў адбывалася з-за хваробаў прывезеных з Расіі. Людзі ўтойвалі заразных у сям’і, баючыся, каб хворых не забралі. Чалавек паміраў падчас паездкі ў вагоне, ляжаў там 3–4 дні і заражаў усіх прысутных. Напрыклад, з 1300 уцекачоў у эшалоне з Саратава ў Баранавічы даехалі жывымі толькі 512 чалавек.
Першых памерлых хавалі на баранавіцкіх могілках (цяпер плошча Леніна) у трунах. Пазней за 30 крокаў ад шпіталя паставілі доўгія палаткі з брэзенту, куды нябожчыкаў складалі ў груды. Пасля памерлых адвозілі на могілкі і закопвалі ў агульнай яме. Як сцвярджаў баранавіцкі святар айцец Павел, які адпяваў нябожчыкаў, былі дні, калі трупярня (150 на 60 метраў) цалкам запаўнялася целамі памерлых. Пахаваннем і пераносам нябожчыкаў займаліся самі ўцекачы. Пазьней у польскіх СМІ пісалі, што агулам у Баранавічах памёрла каля 10 000 чалавек!
На ўсіх памерлых заводзілі асобныя дакументы – “карты смерці”. Карэспандэнт “Беларускага звону” бачыў цэлыя стосы такіх картак.
Адразу пасля прыезду ў лагер бежанцы рэгістраваліся. Усе прыехаўшыя мыліся ў лазні, ім рабіліся прышчэпкі ад розных хваробаў, праводзілася дэзінфекцыя адзежы. Але ўцекачоў было так многа і жылі яны ў такіх сціснутых умовах, што былі выпадкі, калі заражаліся і паміралі людзі, што прыехалі ў Баранавічы здаровымі. Ад вошай не было спасу. Як пісаў “Беларускі звон”, за бежанцамі назіраў толькі адзін наглядчык з пугаю ў руках. Ён і кіраваў усімі ўцекачамі. Бежанцам не было чым заняцца, і яны бадзяліся па лагеры.
У Баранавічах над уцекачамі апекаваліся розныя грамадскія аб’яднанні. “Амерыканскі камітэт дапамогі дзецям” праводзіў інтэнсіўную працу. Нейкі час працаваў амерыканскі Чырвоны крыж. Амерыканская арганізацыя YMCA спрабавала ладзіць культурныя праграмы – ставіла спектаклі.
Кожны уцякач атрымліваў у дзень паўкілаграма хлеба і гарачы суп. На ўсіх бежанцаў была адна кухня. Людзям даводзілася стаяць у чарзе 8–12 гадзін.
У сярэднім людзей трымалі тыдзень у Баранавічах, пасля чаго яны з новымі дакументамі раз’язджаліся па дамах. Паліцэйскія праводзілі свае праверкі прыбыўшых і адсылалі назад у СССР “непажаданых элементаў”. І вось гэтага больш за ўсё баяліся бежанцы.
Адзінай згадкай пра тыя падзеі ў нашым горадзе цяпер застаецца абеліск, усталяваны на магіле 182 супрацоўнікаў рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах, якія загінулі, працуючы з уцекачамі. Дакладнай лічбы памерлых бежанцаў на сёння няма.
Аўтар рэпартажу Мікалай Мірановіч, капітан запасу, які адбываў зняволенне ў Баранавічах за ўдзел у дуэлі. Свае ўспаміны ён надрукаваў у варшаўскім выданні “Wiadomości Literackie” за 15.01.1933 Nr 4 (475). Турма пабудаваная ў міжваенны час існуе і сёння – цяпер гэта СІЗА №6.
За тры кіламетры ад гораду Баранавічы, у адкрытым полі, абраблёным смарагдавым пасам лясоў на даляглядзе, раскінулася малапавярховая забудова. Вакол яе – палі, парэзаныя чыгуначнымі рэйкамі, срэбныя петлі якіх губляюцца ў далечыні, пазначанай сумнымі сілуэтамі тэлеграфных слупоў. Кепска пратаптаная сцежка вядзе да вязніцы.
Вакол 7-метровая сцяна, па вуглах якой – вежы для назірання. Вароты з вялікай жалезнай брамкай з кратамі, над якой вісіць таблічка з надпісам: «Карна-следчая турма Баранавічы». За імі невялікі дворык, злева кантора, справа – вартаўніца, цырульня і школа, прынамсі, так напісана на шыльдах. Потым зноў брамка з жалезных кратаў, а за ёю зноў будынкі і сцежкі. Гэтыя сцежкі пратоптваюць зняволеныя ў ільняной вопратцы і круглых ільняных шапках.
Цырульнік-рэцыдывіст, вязні-гіены і падзел па камерах
На ўваходзе да канцэлярыі стаіць група новапрыбыўшых зняволеных, акружаных паліцыянтамі са зброяй. Старэйшы канвою аддае дакументы ў канцэлярыю. Гэта займае даволі шмат часу. Падчас гэтага прыходзіць начальнік турмы, размаўляе з наглядчыкамі і павольна разглядае паперы. Вязьні стаяць без шапак, мокрыя – ідзе моцны дождж і дзьме паўночны марозны вецер.
Нарэшце зняволеных пачынаюць выклікаць па адным у цырульню. Турэмны цырульнік стрыжэ валасы на галаве і бараду машынкай, але зняволены для гэтага павінен укленчыць на калені. Тупая брытва драпае скуру, а за тытунь цырульнік пачынае галіць лепшай брытвай. Турэмны цырульнік – рэцыдывіст, які з 1918 года правёў на волі ўсяго некалькі месяцаў.
Пасля галення прыходзіць галоўны наглядчык і вядзе зняволеных у галоўны корпус. У калідоры дзяжурны дае каманду: «Распранайцеся да кашулі, здымайце абутак». Далей ідзе дэталёвы агляд. Мыла, ручнік і шчотку пакідаюць, астатняе кідаюць на падлогу. Тым часам у калідоры ўжо круціцца некалькі гіен – прывілеяваных вязняў, якія карыстаюцца рознымі выгодамі і ласкамі наглядчыкаў. Звычайна яны выконваюць ролю шпіёнаў. Гіены незаўважна забіраюць кінутыя прадметы. Часцей бяруць тытунь, бо тытунь, як і мыла, выконвае ў турме ролю абаротнай манеты.
На другім калідоры стаіць доўгі стол, за якім лекар ці фельчар меланхалічна задае стэрэатыпныя пытанні: «Здаровы?», «На што хворы?». Зрэшты, гэта не мае значэння, бо стан здароўя не ўплывае на рассяленне па камерах. Адбываецца лёгкі агляд, выданне турэмнай вопраткі і падзел па камерах. Старыя вязні ходзяць вакол навічкоў і задаюць пытанні: хто? за што? на колькі? ёсць тытунь?
Камеры і людзі ў іх
Першая камера вялікая: 12 ложкаў, 36 чалавек. Сядзяць розныя – пяцёра за забойства, шасцёра за крадзеж (трое з іх рэцыдывісты), дзевяць шпіёнаў, двое казнакрадаў, інтэлігентныя людзі, у тым ліку адзін настаўнік, іншыя за крадзеж дрэва ў лесе. У куце нерухома сядзіць вязень, які прыкідваецц глуханямым, каб не быць апытаным і нічога не адказваць. У другім куце, закутаўшыся ў коўдру, прысеў, ледзьве дыхаючы (хворы, відаць), 85-гадовы стары – пакараны за падпал.
Гэта камера, кажуць, часовая – на двое-трое сутак, для назіраньня наглядчыкамі за вязьнямі. А пазней усіх пераселяць у іншыя. За сталом некалькі чалавек далікатна лупяць запалкі.
Крама пры вязніцы стараецца прадаваць тоўстыя запалкі, каб менш іх было ў карабку. Вязні выкручваюцца – нейкім кантрабандным кішэнным нажом разразаюць адну запалку на дзве-тры, а пры спрыце – нават на чатыры часткі. Гэта вялікая эканомія для бюджэту зняволенага.
Другая камэра – невялікая: на 12 чалавек і 6 ложкаў. Акно адчыненае, але ў яго б’е хваля смуроду: каналізацыя не ў парадку, а каналізацыйныя адтуліны выходзяць пад вокнамі.
Бялізну павінны мяняць па рэгламенце кожны тыдзень, фактычна – раз у два тыдні. У камерах сустракаюцца клапы, якіх арыштанты старанна хаваюць у бутэлькі, як жывыя доказы на выпадак праверкі.
Кожны атрымлівае мяшок з саломай, замест матрацу. Часта старыя, брудныя, у плямах, замест саломы – пыл.
Рэжым і ежа
А 5.30 раніцы ўздым, усе ўстаюць. Камеру за камерай выводзяць на калідор, людзі выстройваюцца тварам да сцяны і па чарзе ідуць у прыбіральню. Пазней – мыццё, чыстка і ўборка камеры. Ложкі на дзень падымаюць і падвешваюць на крукі. Брудная і часта вільготная бялізна не можа прасушыцца і праветрыцца.
Пасьля наглядчыкі выдаюць хлеб, 800 грам на дзень, даюць кубак кавы на сняданак. Пасля сняданку некаторыя людзі адпраўляюцца на працу: у майстэрні, на кухню, на гаспадарчыя і садовыя работы і г.д.
На працу выходзіць максімум 70-80 зняволеных з 400-500, астатнія сядзяць у камерах, бадзяюцца з кута ў кут, размаўляюць пра старыя, ужо вядомыя тэмы злачынстваў, крадзяжоў, сямейных спрэчак, турэмнай шкоды і надзеі…
З-за навічкоў у камеры пануе ажыўленне. Пытаюцца ў іх, што робіцца ў свеце, ці будзе амністыя. Хтосьці чуў, што рыхтуецца новы крымінальны кодэкс, хтосьці кажа пра новую канстытуцыю, хтосьці – што адменяць смяротнае пакараньне.
Многія паклаліся на зямлю, падперлі галаву рукамі, дрэмлюць або ўпадаюць у задуменнасць. А другія сабраліся каля акна, ганяючы вачыма вольныя хмары і дым – далёка, дзе шарэе горад. Калі вокны выходзяць на жаночы корпус, бліскучымі вачыма сочаць за праходзячымі арыштанткамі, брыдкасловяць, падаюць ім нейкія знакі.
У час паміж сняданкам і абедам кожная камера па чарзе выходзіць на свой асобны шпацыр. На гэта адводзіцца паўгадзіны. Ходзяць па рэгламенту, склаўшы рукі ззаду, на адлегласці два метры адзін ад аднаго. Размаўляць нельга.
Абед у 11.30. Даюць суп, ячменны або бульбяны, потым кашу. Ежа з нізкім утрыманнем солі – без смаку. У святочныя дні даюць порцыю самага нізкага гатунку мяса, часцей за ўсё вантробы.
А 13-й гадзіне некаторыя зноў ідуць на працу. Пасля вяртання зняволеных, якія працуюць, а 17-й гадзіне пачынаецца вячэра, звычайна даюць суп. А 18.00 вячэрняя пераклічка – дзяжурныя правяраюць колькасць зняволеных. Пасля малітвы а 19.00 дзяжурны загадвае: «Спаць!».
Старыя зняволеныя, як гаспадары сітуацыі, кладуцца на ложкі, навічкам даводзіцца задавольвацца падлогай. Ляжаць дзе заўгодна, хоць пад ложкамі, хоць у куце… каля вядра. З паварушаных пасцеляў уздымаецца шэры густы пыл, цяжка дыхаць, хтосці задыхаецца. Наглядчык з калідора выключае святло ў камеры, раве: «Цішэй, спаць!». Але ледзь ён адыходзіць, пачынаецца гоман размоў, аповедаў, нават сваракі і бойкі.
Нечакана зноў загараецца святло, зноў загад: «Спаць!». Зноў цемра і некалькі хвілін цішыні, але неўзабаве адзін пачынае шэптам аповед – пра аблавы, пошук шпіёнаў, нехта закурвае, хоць курыць ужо нельга. Размовы сціхаюць, большасць засынае, чуецца храп, стогны і мармытанне. Паветра становіцца ўсё цяжэйшым, як нейкая густая, сапраўдная вадкасць, яно нясецца да акна, дзе расчынена маленькая фортка. Няма адпаведнай вентыляцыі. На сон даецца дзесяць гадзін.
Жаночы аддзел і дзеці
У асобных будынках, збоку, ёсць аддзел для жанчын. Тут размешчаны турэмны шпіталь і памяшканне для асуджаных на смерць.
Жанчын адносна мала, у асноўным толькі прастытуткі, некалькі служачых, пакараных за крадзеж, дзве нелегальныя акушэркі, затрыманыя за незаконныя дзеянні, і забойца ўласнага дзіцяці, плоду свабоднага кахання.
Пачынаю з ёй размаўляць, яна ахвотна расказвае пра перажытае. Гісторыя старая, як свет. У дзяцінстве страціла бацькоў, пайшла на службу, закахалася ў рабочага, ён абяцаў ажаніцца, але яго забралі ў армію. Як зацяжарыла, са службы выгналі, бадзялася з кута ў кут. Дзіця нарадзілася ў бальніцы. Калі выйшла з бальніцы, нідзе не хацелі браць на працу, а падзецца не было куды. Яна недаядала, галадала, ежы было ўсё менш, дзіця сохла і ўсё роўна памерла б. Таму, калі настала «ліхая часіна», яна яго задушыла.
Самае сумнае відовішча ў гэтым пекле – немаўляты, якія адбываюць пакаранне разам з роднымі. Ёсць і народжаныя ў турме. У адной камеры з натоўпам жанчын, у духаце, мітусні, сярод істэрычнага віску і жартаў прастытутак хаваецца… маладое пакаленне, новыя грамадзяне краіны.
Гігіенічныя ўмовы жахлівыя. Нямытыя пялёнкі сохнуць на кратах ложка, смурод жудасны. Дзіця дыхае паветрам толькі падчас паўгадзіннай прагулкі маці, а на кармленне зняволеная атрымлівае паўлітра малака ў дзень.
Страх бярэ глядзець на гэтых нявінных ахвяр. Малыя, худыя, бледныя, рахітычныя. Міжволі ўзнікае пытанне: а дзе сацыяльная дапамога? дзе прытулкі? інтэрнаты? Навошта ў нашай краіне з заходняй культурай існуюць школы, дзе рыхтуюць прафесійных гігіеністаў, педагогаў і фрылансераў?! Ці тыя «метады» замежных прафесараў, дактароў і псіхолагаў прызначаныя толькі для эліты грамадства?
Святое слова і пакуты
Спытайце любога вязня, чаго ён хоча, і ён адкажа без ваганняў. «Свабоды». Свабода – святое слова для вязня. Вязень клянецца свабодай («як я хачу на волю»), і кожны крок у турме, кожны ўказ накіраваны на тое, каб утаймаваць гэтую свабоду, каб знішчыць яго індывідуальнае жыццё.
У душах вязняў кіпіць вулкан жаданняў, страсцей, індывідуальнага жыцця, успамінаў і жыццёвых звычак. Ці забіраючы ў іх свабоду, даюць ім узамен нешта, што супакоіла б іх, навучыла выпраўляць крывыя сцежкі іх жыццёвага шляху?
Мала, вельмі мала. Рэлігійнае суцяшэнне абмяжоўваецца заклікам з амбоны да пакаяння! Ні адзін святар, прызначаны ў турму, не ведае псіхалогіі гэтых так званых «ізгояў грамадства». І не дзіўна, бо нядаўна ён, магчыма, кіраваў таварыствамі пры касцёле «Дзеці Марыі» або «Св. Рыты».
Так, яны прамаўляюць з амбонаў і зноў заклікаюць да пакаяння, пакутаў і абяцанняў выпраўлення… Але ж кожная хвіліна ў турме – гэта тая «матэрыяльная» пакута за грэх. Ды ў рэшце рэшт, за мурамі турмы адбываецца пастаяннае «адкупленне» – за кожнае злачыннае дзеянне, учыненае часам упершыню, часта ў стане алкагольнага ап’янення, у гневе, у афекце, горычы або галечы – за дзеянне, якое часта з’яўляецца вынікам бацькоўскага выхавання, ненармальнага стану, адхіленняў.
А другая пакута, у сто разоў больш жорсткая, чакае вязня, калі перад ім расчыняцца турэмныя краты і выведуць яго на волю.
Паліцэйская картатэка з адпаведнай пазнакай «маральнасці» пакіне выразны след пакуты на ўсё жыццё вязня, будзе пераследваць яго дзяцей, магчыма, і ўнукаў.
Але святары толькі заклікаюць да пакутаў, нават не думаючы, што тут, на зямлі, жыццё можа даць вязню трохі бляску і задавальнення.
Аднойчы ў турме з’явіўся святар, які адважыўся сказаць іншыя словы, расчуліў і захапіў прысутных. «Браты, – сказаў ён, – я сам некалі быў вязнем, ведаю вашае жыццё і вашыя пакуты. Але памятайце, што толькі часова ваша мука доўжыцца, вы часова выгнаны з грамадства, вы зноў будзеце на волі, і кожны з вас, калі пажадае, можа зноў быць сумленным грамадзянінам. Я здзіўлены, што вашае начальства не моліцца з вамі. Я паспрабую зрабіць, каб яны прыйшлі сюды да вас. Я забяспечу вас кнігамі для чытання, буду казаць вам лекцыі, навуку, забавы, каб сфармаваць вашыя душы і сэрцы».
На гэтыя словы пачулася ўсеагульнае ўсхліпванне, але, на жаль, пропаведзь была першай і апошняй, святар сюды больш не вярнуўся.
Няма ні лекцый для зняволеных, ні курсаў для непісьменных. У карпусах турмы ёсць толькі будынак з надпісам «школа», гэты будынак не выконвае ніякай задачы. Няма ніякіх забаваў, каб вывесці душы зняволеных з кола іх цёмных думак і злачынных планаў. Сюды ніколі не прыяджаў нейкі тэатр, а ні следу няма на кіно. Ёсць толькі перасоўная бібліятэка Міністэрства юстыцыі, якая штоквартальна дасылае на два тыдні паўсотні кніг.
Нейкі настаўнік, які адбываў пакаранне ў агульнай камеры, падбадзёраны просьбамі таварышаў па нядолі, вечарам пасля 19 гадзін пачаў расказваць гісторыю Польшчы. Ён гаварыў ціхім голасам, і вязні яго ўважліва слухалі. На працягу некалькіх вечароў ён распавёў ім усю гісторыю Рэчы Паспалітай і пачаў казаць змест літаратурных шэдэўраў. Ён стаў душой вязніцы, вакол яго сабраліся дваццаць пяць чалавек, якія жылі ў той камеры.
На жаль, турэмнае начальства парушыла гэтую гармонію, перавёўшы настаўніка ў іншую камэру.
Прывезлі шпіёнаў
Чарада доўгіх шэрых зімовых дзён перарывае сенсацыя. Прывезлі шпіёнаў! Турма наэлектрызаваная, бо ўсіх судзіць Хуткі суд (sąd doraźny – аналаг трыбуналу, які выносіў хуткія выракі – збольшага смяротныя прысуды, без права пераразгляду справы. Памілаваць мог толькі прэзідэнт Польчшы. Вырак смерці выконваўся праз 24 гадзіны).
Сямёра зняволеных змешчаны разам у агульную камеру, пад пільнай аховай, не маюць зносін з іншымі зняволенымі. Па турме ходзяць чуткі, што «абвінавачанне ім ужо ўручана», даюцца суткі на ўсе заявы і просьбы. Вызначана дата паседжання.
Гляджу абвінаваўчы акт. Сувязь з суседняй краінай. Шпіёнства. Яны перайшлі граніцу, каб наведаць сваіх родных на тым баку, трапілі ў рукі савецкіх спецслужбаў. Там ім паставілі ўльтыматум: альбо іх выкідаюць назад у Польшчу, альбо яны расказваюць неабходную інфармацыю, каб застацца з сем’ямі.
Яны даюць сябе спакусіць. Займаліся шпіянажам, даносілі аб стане дарог, мастоў, чыгунак і траншэй. Плацілі кепска, па 20-25 злотых.
Ва ўсіх камерах вязьні гавораць толькі пра «смертнікаў», некаторыя варожаць, выказваючы меркаванне, што ўсіх семярых не павесяць.
Гляджу падсудным у вочы – нібыта спакойныя, але ўсё ж у іх тояцца страх і ціхае пытанне: «а ці нас усё ж павесяць?». Самаму старэйшаму – 38 гадоў, астатнім – ад 23 да 30. Яны просяць выслаць дэпешу вядомаму адвакату ў надзеі, што той зоймецца іх абаронай і вырве з кіпцюроў смерці. Іншыя просяць выклікаць сведкаў сваёй былой лаяльнасці. Гэтыя просьбы не дапамагаюць, бо адваката прызначыла дзяржава.
Рашэнне суда і развітанне з роднымі
Набліжаецца дзень суда. Сярод вязьняў узмацняецца нездаровы настрой – нервовасць. Падсудных павезлі на суд, неўзабаве прыляцела вестка: усіх прысудзілі да смерці. Але іскрынка надзеі ўсё ж ёсць: «можа, памілуе пан прэзідэнт – можа, хоць каго памілуе».
Адправілі запыт у Варшаву. Тым часам турэмнае начальства аддае загад пабудаваць шыбеніцу. Вязні, якія працуюць у турэмных майстэрнях, катэгарычна адмаўляюцца супрацоўнічаць. Будоўлю пачынаюць самі наглядчыкі. Турэмныя кузні не хочуць вырабляць патрэбныя крукі, не хочуць іх вырабляць чыгуначныя майстэрні, іх трэба замаўляць у горадзе.
Асуджаныя знаходзяцца ў камеры побач з жаночай турмой і шпіталем. Яны выкурваюць цыгарэту за цыгарэтай, нават калі робяць выгляд, што цалкам спакойныя і гатовыя да горшага. Ім дазволілі развітацца з сем’ямі, якія сабраліся ля брамы турмы пасля абвяшчэння прысуду. Падводзяць родных пад краты, а з другога боку стаяць асуджаныя. Неўзабаве уздымаецца моцны лямант, плач жанчын і дзяцей, узнікае хаос. Наглядчыкі сцішаюць шум і пагражаюць, што, калі не будзе спакою, вывядуць асуджаных.
Падыходжу бліжэй, каб пачуць размовы. «Ты пасля прыйдзеш і забярэш мае боты і пінжак». «Ну, а як ты будзеш?» «Мне яны не патрэбныя, могуць нават забіць і пахаваць голым». Другі: «Не чакай доўга, а выходзь замуж». «Хто возьме мяне з дзецьмі?» «Маладая ты, ладная, маеш зямельку, карову, бяры прымака да сябе». «Каровы ў мяне ўжо няма, прадала на адваката». «Шкада, малака ў дзяцей не будзе, і адвакат усё роўна не дапамог». Другі да сястры: «Ты, Ганька, не лётай за хлопцамі, выходзь замуж за Дарафея, хоць сівы, але гаспадарлівы, сумленны». «Я не хачу Дарафея, на чорта мне стары дзед!». «Калі пойдзеш па руках, маці будзе пацеха: сын на шыбеніцы, дачка – апошняя…». І г. д.
Наглядчыкі даюць знак спыніць размову. Зноў усхліпы, галашэнне, крыкі. Яны прыціскаюцца адзін да аднаго праз краты, прыкладваюцца да кратаў вуснамі, а на вуснах застаецца чырвоная паласа ад жалеза.
Наглядчыкі выводзяць асуджаных, тыя пасіўна сыходзяць, азіраюцца, шлюць апошняе прывітанне сям’і. За турэмнай брамай стаіць купка людзей, якія плачуць і наракаюць, узаемна суцяшаюць і ратуюць адзін аднаго.
Апошнія вечар і ноч
Вячэру зняволеным прынеслі ў камеры, есці ніхто не хоча, толькі нервова кураць! Паціху супакойваюцца, пачынаюць размаўляць. Усе ў ілюзіях, што нейкага аднаго памілуюць, хутчэй за ўсё – малодшага Борыса.
Яны разважаюць пра тое, калі прысуд будзе выкананы, як пройдуць 24 гадзіны – раніцай ці вечарам. А потым размова пра тое, што іх чакае, пра замагільнае жыццё, ці ёсць рай і пекла, як кажа поп, і ці бессмяротная душа чалавека.
Найбольш нервова ўзбуджаны Борыс выступае ў ролі філосафа і героя. «Глупства, – кажа ён. – Калі б было пекла і рай, быў бы Бог, а калі б быў Бог, не было б бедных і багатых. Я аддаю перавагу раю на зямлі, чым невядомасці на небе, бо абяцанкі, што цацанкі, а дурню радасць. А між тым гнію тут у галечы, пакутую да крыві, пяць душ на паўгектары зямлі, працаваць ад світання да ночы – тут пекла, тут чысцец. Затое паедуць у рай тыя, з вялікімі жыватамі. У бедных раю няма ні тут, ні там. Усё байда».
Нягледзячы на такія рамовы, усе, акрамя Борыса, вырашылі прыняць прычасце. «А вось ведаеце, што цікава, – сказаў Борыс, – ці адразу прыйдзе смерць, ці ёсць цялесныя мукі? Я паспрабую, віна мая і так самая вялікая, калі памру – дык будзе найлепей. Я павешуся на поясе, калі страчу прытомнасць, здыміце пятлю».
Узялі рэмень, надзелі на шыю, зачапілі за кручок, на які ложак чапляецца на суткі. Ён павесіўся і адразу страціў прытомнасць. Знялі з пятлі, як нябожчыка. Той, хто ведаў штучнае дыханне, прывёў яго ў прытомнасць. Калі ачуняў, кажа: «Казка, нічога страшнага, адразу траціш прытомнасць і нічога не ведаеш. Шкада, што вярнуўся».
Але наглядчык пагрукаў ключамі ў дзверы і загадаў спаць.
Апошняя ноч, апошні вымушаны сон. Яны ляжалі, але не маглі заснуць. Ужо задрамалі, як Борыс зноў спытаў: «Слухай, не ўсе мы памром, некага памілуюць, няхай тыя, што памруць, пададуць знак жывому, як там на тым свеце». «Згода! Ну, але калі нас шасцёра памрэ і прыйдзем да цябе, то і ты са страху да нас пойдзеш! І калі мы ўсе памром, дык дамо знаць старшыні суда, як выглядае пекла». Усе пырснулі смехам.
Яны павольна засынаюць, нехта яшчэ нешта скажа ў сне, другі застогне, а потым зноў змаўкае.
На двары шэрая лістападаўская ноч. Завые вецер, недзе далёка забрэша сабака, па небе плывуць хмары. Толькі гараць турэмныя майстэрні, паціху рыхтуюць драўляны матэрыял для трунаў. Для сямі трунаў. Для людзей яшчэ жывых, маладых, цёплых, для людзей, ашуканых працай агітатараў, для людзей, спакушаных прагнасцю ўбогага золата.
А асуджаным сніліся нізкія хаткі, узараная зямля, маці, сям’я, дзеці і свабода.
Прысуд
На званок абудзіліся яны, на апошні цяжкі дзень свойго жыцця. Снеданне амаль не елі, у двары ўжо стаяла паліцыя «на пагатове». Шпацыр зняволеным адменены. Памыліся, паселі вакол адзін аднаго і змоўклі. Панаваў гнятлівы настрой. Нават дзёрзкі Борыс змоўк.
А 10.30 прыехаў пракурор, праваслаўны святар (як пісалі газеты- а. Лапатынскі) і кіраўніцтва турмы. Яны зайшлі ў камеру асуджаных. Пракурор нервовым, крыху дрыготкім голасам абвясціў, што прэзідэнт адмовіўся яго памілаваць, зачытаў прысуд і хутка сышоў.
Поп прыступіў да споведзі, ціхім голасам, неяк недарэчна выказваючы сваё суцяшэнне і надзею на Бога. Адзін Борыс адмовіўся ад споведзі і прычасця. «Я нікога не забіваў, я абяцаў бальшавікам, таму што яны ціснулі на мяне, але я ўрэшце нічога не зрабіў. Я не вінаваты».
Потым пачалася экзыкуцыя. Вакол шыбеніцы ў двары сабралася турэмнае і судовае начальства, поп, паліцэйскі аддзел, наглядчыкі і кат з памагатымі. Кат Мацееўскі (знакаміты ў міжваеннай Польшчы кат, які выконваў большасць прысудаў) быў заняты ў іншым месцы, тут выконвалі яго абавязкі яго вучні.
Вольныя прасторы вакол турмы былі перапоўнены натоўпамі людзей. Яны сабраліся з самай раніцы з горада і ваколіц, ішлі, як дзікія зграі крыважэрных шакалаў, якія адчуваюць у паветры водар крыві. Залазілі на навакольныя дрэвы і тэлеграфныя слупы, на дахі блізкіх дамоў і вагонаў. Штурхаліся не толькі мужчыны, але, жах з жахаў, нават жанчыны.
Шыбеніцу відаць здалёк, бо яна вышынёй 4 метры. Як арэлі, з двума петлямі на двух моцных круках. Да яе вядзе лесвіца і масток, платформа падзелена на дзве часткі. Адна частка рухомая, падціснутая калом, на другой – нерухомай – стаіць кат. На рухомай частцы стаіць асуджаны, кат насоўвае яму на шыю пятлю, потым наглядчык адкідвае палку.
Пазней мне расказвалі, што былі выпадкі, калі асуджаны, падаючы, са злосьці біў ката нагамі ў жывот. Асуджаны губляе апору пад нагамі і завісае ў паветры.
Першым быў пакараны смерцю Борыс, ён да канца іграў ролю героя, прасіў не завязваць яму вочы. Калі лез на шыбеніцу, глядзеў на сонца, але сонца не было. Ён апошні раз удыхнуў і шчымліва сустрэўся вачыма з катам. Апошні адмовіўся прыводзіць у выкананне прысуд і катэгарычна запатрабаваў, каб асуджанаму завязалі вочы. Загад выкананы. Кат накінуў вяроўку, даў знак памочніку, той прыбраў калок, памост захістаўся, Борыс завіс у паветры. Ногі яго хісталіся, нібы ён рабіў некалькі крокаў, цела працялі сутаргі, пачалася агонія. Калі цела супакоілася, яго знялі з вяроўкі, доктар праверыў пульс і канстатаваў смерць. Цела адвезлі на склад, дзе знаходзіліся труны.
Пачалася далейшая экзэкуцыя, але цяпер вешалі адразу па два чалавекі. Асуджаныя выходзілі басанож у адной кашулі, усю вопратку пакідалі для сваіх сем’яў. Адзін прынёс мяшок з хлебам і салам. Разам з целам паклалі гэта ў труну.
Як у турэмных майстэрнях не хацелі будаваць шыбеніцу, так спакойна рабілі труны: над імі працавалі ўсю ноч. Яны былі зроблены з лепшага матэрыялу, абабіты чыстай габлёўкаю, уважаючы, як апошнюю паслугу.
Пасля абеду сем трунаў, накрытых капамі, вывезлі на грузавым аўтамабіле. На могілках іх не хавалі, брацкая магіла на пустым полі прыняла пакараных. Справядлівасць рэалізавана.
«Нядобры закон у белага чалавека, – сказаў бы індзеец, – двое вешаюць трэцяга».
Аўтар рэпартажу Мікалай Міронавіч, капітан запасу, які адбываў зняволенне ў Баранавічах за ўдзел у дуэлі, хутчэй за ўсё апісаў смяротнае пакаранне, якое адбылося 27 лістапада 1931 года ў Баранавічах.
Як пісалі мясовыя газеты, «25 і 26 лістапада ў Баранавічах Хуткі суд разглядаў справу шайкі шпіёнаў, якая была ліквідавана службай бяспекі ў гэтым месяцы і якая дзейнічала ў Стаўбцоўскім, Нясвіжскім і Баранавіцкім паветах. Пасля разгляду справы трыбунал вынес прысуд 7 шпіёнам: пакараць Нікіфара Цвірку, Мітрафана Казея, Яна Борыса, Мікалая Тараковіча, Анатоля Каціцкага, Яна Сараковіка і Аляксандра Скачко да смяротнага пакарання праз павешанне».
Згодна следства, яны «прадалі ў CCCР планы чыгуначных станцый Баранавіч, Слоніма, Стаўбцоў, Гарадзеі, Пагарэльцаў і іншыя дадзеныя. Выйшлі на іх тады, калі яны самі прапанавалі польскай выведцы свае паслугі, абяцаючы прадаць савецкія дадзеныя. Аднак выявілася, што іх дакументы былі фальшывыя і сфабрыкаваныя савецкай разведкай. Прыпёртыя да сцяны, асуджаныя ва ўсім прызналіся. Усе яны – жанатыя».
Мірановіч відаць памыліўся ў артыкуле, назваўшчы Борыса атэістам, бо адмовіўся ад споведзі Нікіфар Цвірка. Згодна мясцовых газет, «першым пакаралі Борыса, які ўвесь час да канца шчыра маліўся. Усе асуджаныя таксама мелі магчымасць спавядацца, акрамя Цвіркі, які адмовіўся размаўляць са святаром. Паводзілі сябе асуджаныя агулам спакойна. Апошнім, ужо самотным, быў пакараны Казей, чыгуначнік з Баранавіч. Акт аб кары быў падпісаны а 14-й гадзіне. А 15-й гадзіне пакараных пахавалі».