У пачатку 1929 года адзін з супрацоўнікаў паліцыі ў Баранавічах правяраў дамы, што карыстаюцца кепскай славай і ў якіх жывуць падазроныя асобы. У жытле Сары Перэльштэйн, на вуліцы Аградовай (цяпер вул. Суворава), ён пачуў, як нехта непрыстойна шабуршыць пад ложкам пані Сары. Зацікавіўшыся госцем, паліцыянт спраўдзіў дакументы і даведаўся, што гэта пачынаючы віленскі аферыст Абрам Эскер. Падазрона было ўжо нават тое, што ён хаваўся пад ложкам сваёй дарагой сяброўкі. Паліцыя абшукала яго і Перэльштэйн і знайшла ў іх некалькі фальшывых даляраў ЗША.
Разблытваючы клубок і назіраючы за домам, праз нейкі час паліцыя затрымала Перэльштэйн з валізкай, у якой ляжалі матэрыялы і прыборы для падробкі амерыканскіх даляраў. Як выявіла следства, Эскер і Перэльштэйн збіраліся супольна арганізаваць маштабны выпуск фальшывых грошай. У якасці першапачатковага капіталу «фірмы» фігураваў дом пані Перэльштэйн і спрыт віленскага аферыста.
Два дні таму затрыманыя паўсталі ў Баранавічах перад выязной сесіяй Наваградскага суда, які, разгледезўшы справу, прызнаў іх вінаватымі і пакараў Эскера да трох гадоў вязніцы, а Перэльштэйн – да аднаго года вязніцы. Фабрыку падробкі даляраў суд пастанавіў знішчыць.
Крадзёж у краме Каплана
Уночы 3 красавіка невядомыя злодзеі праз адчыненае акно трапілі ў кавярню на вуліцы Сенатарская, 10 (цяпер Горкага). Кавярня належыць Каплану Фішэлу, які жыве па адрасе Сенатарская, 24. Было скрадзена ўжыванае жаночае паліто, ручная машынка для шыцця, 3 сталовыя сурвэткі, 1 пара галёшаў, 15 кг шакаладу і цукерак, а таксама папяросы, гарбата і кансервы на агульную суму 600 злотых. Паліцыя вядзе следства.
10 красавіка
Абвестка
Прадам танна легкавы аўтамабіль Ford, мадэль 1928 года, і тарпеду Dodge 1924 года. Баранавічы, вул. Гувэра, 30 (цяпер Царука).
16 красавіка
Гандлёвы цэнтр сыру паўстане ў Баранавічах
Як мы даведаліся, у выніку пагаднення паміж Сельскагаспадарчым сіндыкатам і Саюзам вытворцаў сыроў у Баранавічах можа быць створаны гандлёвы цэнтр сыру. Гэтая новая ўстанова будзе мець свой склад і так званую дазравальню сыру. Чакаецца, што цэнтр будзе прадаваць да 200000 кг сыроў у год. Гаворка ідзе толькі пра вядомы «навагрудскі» альбо «літоўскі» сыр, вытворчасць якога ў цэлым Навагрудскім ваяводстве ацэньваецца прыблізна ў мільён кілаграмаў у год. Цэнтралізацыя продажу значнай часткі проадукцыі ў руках адной арганізацыі будзе мець вельмі важнае значэнне для далейшага ўдасканалення сыру, які заваяваў шматлікія рынкі збыту. Склады гандлёвага цэнтра сыроў будуць забяспечаны найноўшымі тэхналогіямі ў гэтай галіне і размесцяцца ў новых будынках, якія пабудуе Сельскагаспадарчы сіндыкат у Баранавічах.
Robotnik (Орган Польскай партыі сацыялістычнай PPS)
Паліцыя канфіскуе ўлёткі PPS
Паліцыянт №632 канфіскаваў на рынку ў Баранавічах адозвы да 1 мая, а таксама ўлёткі «Да грамадскасці» дэмакратычнай апазіцыі. Не дапамагло нават умяшальніцтва таварыша Махая, кіраўніка гарадскога камітэта, які тлумачыў, што гэтыя ўлёткі цалкам законныя і лягальныя. Улёткі былі канфіскаваныя руплівым паліцыянтам.
Gazeta Świąteczna
4 красавіка
Танны продаж зямлі на крэсах ад 200 да 300 злотых за гектар. Зямельныя ўчасткі плошчай ад 10 да 30 гектараў, размешчаныя ў 4 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Палонка, на чыгуначнай лініі Беласток-Баранавічы, за 22 кіламетры ад горада Слоніма і столькі ж ад Баранавіч. Адрас прадаўца: Баранавічы, вуліца Шырокая, 2 (цяпер Тэльмана), К. Крывіцкі.
Абакралі Аб’яднанне жыдоўскіх купцоў у Баранавічах
Уночы з 29 на 30 снежня мінулага года было абкрадзена бюро Аб’яднання жыдоўскіх купцоў, што месціцца па адрасе: Шаптыцкага, 38 (цяпер вуліца Савецкая).
Невядомыя злачынцы дасталі вокны, трапілі ў пакой, дзе знаходзіцца бюро аб’яднання. Там яны адарвалі замок з шафы і забралі 670 злотых гатоўкай. Следства вядзе камісарыят паліцыі ў Баранавічах.
4 студзеня
Зварот да кіраўніцтва пошты
Неаднаразова ў прэсе абмяркоўваюцца балячкі пошты. Цяпер маем вельмі непрыемны факт, звязаны з Баранавічамі. З пэўнага часу тут паштальёны разносяць пошту толькі адзін раз у дзень. А пошта з Варшавы і Вільні (якая прыбывала ў абед) разносіцца толькі на наступны дзень. І гэта не зважаючы на тое, што Баранавічы сучасны і гандлёвы горад. Звяртаемся да кіраўніцтва пошты і просім вырашыць гэта ненармальнае пытанне.
Дзе школьныя выхавацелі?
Вучні адной з прыватных школ у Баранавічах (пакуль не будзем называць яе) з’яўляюцца сталымі наведвальнікамі цырку. Акрамя таго, што яны прыходзяць у гэтую ўстанову ў недазволеныя гадзіны, дык і паводзяць сябе не як належыць вучням. Яны лічаць сябе дарослымі – кураць папяросы і правакуюць бойкі. Апошнім разам, напрыклад, у цырку адзін з вучняў ударыў у твар мальца, які разносіў на продаж цукеркі. Дзе ў гэты час былі выхавацелі, настаўнікі і сам пан дырэктар школы?
Навагоднія віншаванні
1 студзеня 1930 года, а 12-й гадзіне, у канферэнц-зале баранавіцкага стараства сабраліся шматлікія прадстаўнікі ўсіх канфесій, мясцовага самакіравання, камунальных службаў, а таксама сацыяльных і адукацыйных установаў. Пад кіраўніцтвам старасты Пржэпалкоўскага яны выказалі гонар і пашану прэзідэнту Рэчы Паспалітай і маршалку Юзэфу Пілсудскаму, зычачы, каб гэты год і наступныя праходзілі пад іх кіраўніцтвам. Потым да ўсіх сабраных, якія рэпрэзентавалі ўсе слаі грамадства Баранавіцкага павета, звярнуўся з віншаваннямі стараста Пржэпалкоўскі.
7 студзеня
Што зычылі сабе на новы год у Баранавічах
Уласнікі таксовак: Каб магістрат, барані Божа, не вырашыў пабудаваць кіёскі па продажы прэсы ў цэнтры горада. Бо хто будзе ездзіць за свежымі газетамі на чыгуначны вакзал (адлегласць 2,5 км, а кошт праезду 2 злотых у адзін бок).
Рамізнік (*извозчик – русск.): Тое самае, без прэсы ў цэнтры.
Інтэлігент: Каб я хаця б напрыканцы жыцця мог пабачыць у Баранавічах сапраўдны тэатр і сапраўдных артыстаў.
Абаненты электрычнасці: Каб маглі чытаць газеткі ўвечары пры электрычным святле. (Цяжкае для выканання пажаданне, бо бурмістр чытае газеты днём на працы, а старшыня гарадской рады – наогул не мае ў гэтым патрэбы).
Абаненты тэлефонаў: Каб маглі карыстацца тэлефонам, калі хочацца, не зважаючы на настрой тэлефаністкі.
16 студзеня
Ударыў нажом у плечы
Некалькі дзён таму на Неваха Рабіновіча, які ішоў па Шасэйнай вуліцы (цяпер Брэсцкая), напалі трое бэйбусаў, відавочна з-за нейкіх асабістых рахункаў. Адзін з нападаўшых, як пазней высветлілася Вашчылка, ударыў Рабіновіча нажом у плечы. Рабіновіча ў цяжкім стане прывезлі ў гарадскі шпіталь. Следства праводзіць паліцыя, якая высвятляе матывы і абставіны нападу.
Чэрві ў кілбасах
Пракурор падаў у Акруговы суд абвінаваўчы акт у адносінах да жыхаркі горада Баранавічы Алены Замбрыцкай, якая ў сваёй краме прадавала кілбасы, зробленыя ў сваёй мясарні, у якіх знайшлі жывых чарвей, шкодных для здароўя.
Прыгоды пана Арона
Пан Арон Шышкоўскі хацеў памыцца перад святамі і таму накіраваўся да жыдоўскай лазні на вуліцы Мінскай (цяпер Прытыцкага), зразумела, адзеты і абуты. Мыючыся, марыў пра надыходзячыя святы і адпачынак. Таму бяспечна і ў вясёлым настроі выйшаў апранацца. Але тут яго гумар лопнуў, як мыльная бурбалка. Пан Арон ўбачыў, што, пакуль ён мыўся, нехта абуў яго боты, дадаўшы сабе да фасону яго калошы і іншыя малыя дробязі гардэробу.
Што было рабіць пану Арону? Ён перадаў весткі пра здарэнне родным і, неяк укутаўшыся, падаўся да камісарыяту паліцыі, каб там паведаміць пра сваю бяду і жалобу. Дзяжурны шчыра паспачуваў пану Арону і паабяцаў, што паліцыя зоймецца пошукам аматара чужой вопраткі.
29 студзеня
Крывавая аўтакатастрофа ў Баранавічах. Арыштаваны кіраўнік аўташколы
Нядаўна ў Баранавічах адбылася аварыя, у якой пацярпелі тры чалавекі.
Аўтамабіль аўташколы Вацлава Чычынскага, за рулём якога быў вучань гэтай школы Гірша Васерштром, з-за няўмелага кіравання выехаў на ходнік каля дома №56 на вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольская). У гэты час там былі двое маленькіх дзяцей: 6-гадовы Мордух Мукасей, які атрымаў траўмы ног, і 2-гадовая Эстэра Мукасей, якой аўто зламаў ключыцу.
Разам з двума дзецьмі пад машыну трапіў Лур’я Абрамаў, які атрымаў пералом левай нагі вышэй калена. Першую дапамогу дзецям аказаў доктар Прас, а Абрамовічу – доктар Нахумоўскі. Школьная машына з моцнымі пашкоджаннямі затрымана паліцыяй для праверкі экспертам. Чычынскі і Васерштром арыштаваны па пастанове пракурора.
Мусім адзначыць, што ў горадзе павінны быць забаронены аўтамабілі пад кіраўніцтвам вучняў аўташкол, якія не ўмеюць імі кіраваць. Ад мясцовых уладаў мы чакаем вырашэння гэтай праблемы.
31 студзеня
Коўзанка
Балячак нашага горада не пералічыць на пальцах рукі. Гэтай зімой няма тут коўзанак на лёдзе. Жлобінскае возера, дзе звычайна ўсталёўваюць спартовыя коўзанкі – далёка ад горада. Таму таварыства «Сокал» прыйшло на дапамогу жыхарам горада і арганізавала коўзанку на сваім пляцы на вуліцы Міцкевіча (цяпер вуліца Леніна).
Балы
1 лютага адбудзецца бал банкіраў. 4 лютага запланаваны бал землеўласнікаў, а 9 лютага, у гадавіну здабыцця выхаду да мора, запланаваны вялікі марскі бал. Усе мерапрыемствы адбудуцца ў зале пажарнай каманды.
Ахвярнасць
Шырокая ахвярнасць пані Гурскай (дачкі Яна Развадоўскага, заснавальніка Баранавіч) у нашых мясцінах вядомая ўсім. Пляц, на якім цяпер знаходзіцца Гадлёвая школа, быў таксама ахвяраваны пані Гурскай.
Як мы даведаліся, камітэт Польскай Мацеж Школьнай (PMS) збіраецца прыступіць да будаўніцтва другой сярэдняй прафесіянальнай школы – тэхнічнай. Адзін з сябраў KMS звярнуўся да пані Гурскай з просьбай ахвяраваць таксама пляц для будовы гэтай навучальнай установы. І, як стала нам вядома, пані Гурская вельмі прыхільна паставілася да гэтай прапановы.
Узорная школа ў Баранавічах
Тое, што ў горадзе бракуе школьных памяшканняў, ведае кожны жыхар Баранавіч. Таму Гандлёвая школа пабудаваная з дапамогай Польскай Мацежы Школьнай (PMS) і з’яўляецца ўзорам для іншых школ. Жадаючы даведацца, як усё арганізавана ў Гандлёвай школе, падаўся Ваш карэспандэнт да дырэктара пана Заблоцкага з просьбай паказаць памяшканні і абсталяванне ўстановы.
Пан дырэктар ласкава паказаў мне ўсё, што я пажадаў пабачыць.
Стан, у якім знаходзіцца школа, пераўзыходзіць усе нашыя чаканні. Перадусім усе класы абшырныя, высокія, чыста выбеленыя. Лавы паўсюль новыя, адпавядаючыя апошняму слову тэхнікі. Асаблівай згадкі заслугоўвае памяшканне, дзе адбываюцца практычныя заняткі.
Не кажучы ўжо пра аграмадныя калідоры, тут ёсць вялізная зала адпачынку. На сценах калідораў, акрамя карцін з выявамі нашых гарадоў і герояў, бачу ўзоры бухгалтарскіх дакументаў і рахункаў.
Пасля пан дырэктар паказаў нам багаты таваразнаўчы кабінет, у якім ёсць мікраскопы, друкавальныя машынкі, дзве з якіх, фірмы Blok-Bruma, распакавалі ўласна падчас маіх агледзінаў школы.
У школе цяпер навучаецца 187 вучняў, з іх 58 хлопцаў і 129 дзяўчат. Да ўсяго гэтага бракуе толькі інтэрната, муры якога ў будучым годзе ўздымуцца высока ўгору.
Напрыканцы мушу адзначыць, што выхаванне вучняў тут знаходзіцца на высокім узроўні. Калі я раней бачыў зялёныя шапкі вучняў гэтай школы ў кіно і на танцах, то цяпер зялёных шапках у тых месцах, як захочаш, не пабачыш.
Słowo
24 студзеня
Загадкавае знікненне грошай
14 студзеня, у 17.15, на таварнай станцыі «Баранавічы» з білетнай касы ў адмысловы вагон мясцовага цягніка былі перададзены 842 злотых 85 грошай. Іх павінны былі перавезці ў касу пасажырскай станцыі «Баранавічы».
Касір пан Слізень, насуперак правілам, не прынёс грошы асабіста, а перадаў іх грузчыкам Бульвай. Пры перадачы грошай нібыта прысутнічаў надкандуктар Ташкан. Пасля прыбыцця цягніка на пасажырскую станцыю, таксама насуперак правілам, паслалі па грошы возчыка касы Зарожнага. Але ў вагоне грошай не было.
Дзіўная рэч, што ў цягніку, які ў дарозе 15 хвілін, нехта мог скрасці грошы, падаецца гэта немагчымым. Цяжка некага абвінавачваць, але, здаецца, у гэтым выпадку грошы проста ніхто ў вагон не паклаў. Незразумела бяспечнасць супрацоўнікаў чыгункі і давер грошай чужым людзям. Слізень быў адхілены ад працы.
Следства ў гэтай камічнай справе праводзіць паліцыя, якая, спадзяемся, хутка ва ўсім разбярэцца і пакажа нам сапраўднага злодзея ў гэтым гратэскным крадзяжы. Адзначым, што вагон на станцыю прыбыў у поўным парадку.
Пра будынак гімназіі
Ад часу атрымання незалежнасці Польшчы ў Баранавічах існуе дзяржаўная гімназія, якая не мае ўласнага будынка.
Спачатку знаходзілася ў чыгуначным будынку, цяпер у вельмі цесным арэндаваным гмаху, каля якога няма нават уласнага падворка. Дзеці на перапынках альбо круцяцца на калідоры, альбо бегаюць па вуліцы.
Невядома, чым гэта тлумачыць і хто вінаваты, што дасюль не пачалі ўзводзіць будынак гімназіі. Некалькі год таму паўставала гэта пытанне вельмі востра і было актуальнае, а цяпер неяк усё заціхла ды нічога не чуваць пра будаўніцтва.
Гэта справа дзіўная і тым, што камітэт Польскай Мацеж Школьнай пазней заняўся справай будаўніцтва будынка гандлёвай школы. І вось стаіць новы гмах, збудаваны па апошнім слове тэхнікі.
Вядома, што той камітэт атрымаў вялікія субсідыі на гадлёвую школу ад Міністэрства адукацыі, маўляў, таму цяпер немагчыма атрымаць такой дапамогі на гімназію. Магчыма! Трэба толькі больш ініцыятывы. І ўжо час гэта рабіць.
Учора ў Варшаве ў Бэльведэрскім палацы маршалу Пілсудскаму аб сваім прыбыцці паведаміў генерал Альгерд Пажэрскі, камендант баранавіцкага гарнізона. Пан генерал падзякаваў маршалу за тры новыя дамы, пабудаваныя для афіцэраў і падафіцэраў.
Адзін дом афіцэрскі трохпавярховы з 12 трохпакаёвымі кватэрамі, агульнай плошчай 41 на 11 кв. м (цяпер дом на вул. Фядзько, 1). Адзін двухпавярховы падафіцэрскі будынак на 18 кватэр (з іх 6 двухпакаёвых) агульнай плошчай 42 на 11 метраў (цяпер дом на Леніна, 16). І адзін дом двухпавярховы падафіцэрскі на 8 кватэр, плошчай 26 на 11 метраў (няма інфармацыі).
Усе дамы пабудаваны намаганнямі Жыллёвага фонду.
У Памятнай кнізе дэлегацыя запісала наступныя словы: «Дэлегацыя гарнізона складае пану Маршалу падзяку за бацькоўскую апеку і пабудову ў Баранавічах трох дамоў для сямей афіцэраў і падафіцэраў. І пры надыходячых святах Божага Нараджэння і Новага 1930 года складае Каханаму Важдзю салдацкія зычэнні».
ZycieNowogródzkie
6 снежня
Ой, тыя ходнікі
Балячкай нашага горада, што развіваецца з амерыканскай хуткасцю, з’яўляюцца ходнікі на бакавых вуліцах. На некаторых вуліцах ходнікі выкладзеныя з незамацаваных дошак, падчас непагоды рухаюцца, як клавішы, пырскаючы з-пад сябе фантаны бруду і вады. Асабліва моцна даюцца ў знакі ходнікі на вуліцы Уланскай (цяпер Піянерская), насупраць касцёла. Тут, дзякуючы пануючай цемры, з мінакамі адбываюцца няшчасныя выпадкі.
Можа, айцы горада задумаліся б калі не пра замену ў такую пару года, тых небяспечных ходнікаў, дык хаця б аб іх рамонце.
9 снежня
Асвячэнне Польскага банка
Учора Баранавічы перажылі цудоўны дзень, які стаў паваротным пунктам у іх развіцці і значнасці для ўсяго рэгіёна і краіны.
На ўрачыстае асвячэнне аддзела Польскага банка прыбыў з Наваградка пан ваявода Бечковіч, прэзідэнт Польскага банка п. Урублеўскі, дырэктар Дэпартамента крэдытаў п. Козел-Паклеўскі, а таксама шматлікія прадстаўнікі мясцовых улад і грамадскасці. У 9.30 ксёндз-дэкан Жаландкоўскі асвяціў будынак, пасля чаго прамовіў кароткае казанне, зычачы новай інстытуцыі хуткага развіцця і плённай працы.
Пасля прамаўляў кіраўнік Польскага банка п. Урублеўскі, які патлумачыў, што хуткае развіццё Баранавіч і гаспадарчае развіццё рэгіёна спрычыніліся да таго, што менавіта тут адкрылі аддзел Польскага банка, які з’яўляецца інстытутам, што размяркоўвае грошы ў гаспадарчыя артэрыі. Ён скончыў прамову зычэннем росквіту гэтай зямлі, у чым будзе спрыяць Польскі банк.
Потым ваявода Бечковіч падзякаваў Польскаму банку за адкрыццё аддзялення, звязваючы гэта са значнасцю тэрыторыі і адзначаючы сталую апеку ўрада над крэсамі, які імкнецца ўзняць іх да адпаведнага эканамічнага ўзроўню.
Гмах Польскага банка ў сваіх архітэктурных лініях дзівіць прастатой і павагай. А пышна ўпрыгожаны ўсярэдзіне, сведчыць пра магутнасць і стабільнасць польскіх грошай. У будынку, акрамя банкаўскіх памяшканняў, ёсць і кватэры для чыноўнікаў.
Гасцям адказваў дырэктар банка пан Стафіей, які аддана прысвяціў сябе банкаўскай справе, разумеючы яе значнасць у гаспадарчым жыцці Польшчы і грамадскіх патрэбах.
Пасля асвячэння будынка адбылося агульнае фатаграфаванне ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Потым пан ваявода Бечковіч разам з шэфам банка Урублеўскім сышлі на вялікую канферэнцыю, прысвечаную крэдытовым патрэбам Наваградчыны. Урублеўскі да ўсіх праблем ставіўся прыхільна, абяцаючы па мажлівасці дапамагаць іх вырашыць.
Пасля ваявода Бечковіч прыняў некалькі дэлегацый, напрыклад, баранавіцкага старасту і бурмістра горада пана Мацкевіча, які прадставіў шэфу банка праекты на крэдытаванне малочных і сыраварскіх кааператываў, якім патрэбны грошы пад малыя працэнты. Потым былі прынятыя дэлегацыі аб’яднанняў купцоў-хрысціян і купцоў-жыдоў.
Урачыстасці скончыліся абедам у зале Польскага ачага (будынак знаходзіўся паміж ГДК і кінатэатрам «Кастрычнік», знічшаны падчас вайны), які прафінансаваў Польскі банк.
Падчас абеду першым прамовіў пан ваявода Бечковіч, які адзначыў вялікую заслугу польскіх салдат і іх важджа маршалка Юзэфа Пілсудскага, дзякуючы якім цяпер на гэтых землях будуюцца новыя помнікі творчай працы і адраджаецца новае жыццё на гэтых, моцна знішчаных вайною тэрыторыях. Грамадства ж, прытрымліваючыся мудрых парадаў прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага, можа непахісна верыць, што краіна рухаецца да светлай будучыні. Напрыканцы прамовы Бечковіч абвесціў тост за прэзідэнта Масціцкага і маршалка Пілсудскага.
Таксама прамаўлялі прэзідэнт Польскага банка Урублеўскі, бурмістр горада Мацкевіч, радны Назарэўскі, доктар Нухімоўскі і прэзідэнт польскіх купцоў Букоўскі.
Пасля пан ваявода зачытаў прысутным дэпешы-падзякі, які былі дасланыя маршалку Пілсудскаму і прэзідэнту Масціцкаму.
Скралі толькі трохі жвіру
Два сябрукі, пан Уладзіслаў Шулейка, што жыве па адрасе вул. Шасовая, 212 (цяперБрэсцкая), і Міхась Бялькевіч, што пражывае на вул. Каляёвая, 70 (цяпер Вільчкоўскага), захацелі задарма атрымаць жвір. Увечары ціхенька пад’ехалі да запасных шляхоў чыгункі каля паста №5 і пачалі грузіць «тавар». На гарачым учынку іх злавіў супрацоўнік камісарыяту паліцыі, які па гэтай справе і склаў пратакол.
Няўдалы ўзлом
У Баранавічах невызначаныя дасюль аматары чужой уласнасці спрабавалі з дапамогай выняцця шыб праз акно трапіць у кватэру Гаха Шмэркі, які жыве па адрэсе вул. Рынкавая, 12 (цяпер частка вул. Фралянкова). Шмэрка пачуў шум, нарабіў крыку. Злодзеі ўцяклі. Вядзецца іх пошук.
З жыцця вайсковага тэатра
У Баранавічах, дзякуючы асабістай ініцыятыве палкоўніка Сокал-Шахіна, афіцэрскі тэатр 78 пяхотнага палка пад рэжысурай капітана Міскевіча рыхтуе пастаноўку «Палітыка і каханне». Рэпетыцыі адбываюцца штодзённа.
28 снежня
Арышт гандляркі жывым таварам
20 снежня на станцыі Баранавічы па падазрэнні ў гандлі жывым таварам паліцыя затрымала жанчыну, імя якой не высветлена. Пасля таго, як затрыманую прывялі ў пастарунак, яна здолела ўсыпіць чуйнасць дзяжурнага паліцэйскага і збегла ў невядомым накірунку. Паліцыя вядзе яе пошук і ўжо выйшла на след «гандляркі».
Апошнім часам усё часцей здараюцца выпадкі, калі да людзей, якія прыходзяць у Агенцтва працаўладкавання, каб знайсці працу за мяжой, падыходзяць невядомыя асобы, якія прапануюць паспрыяць выезду ў іншую краіну. Гэтыя гандляры жывым таварам збіраюць невялікія групы жанчын і дзяцей, каб пераправіць іх за мяжу. Супрацоўнікі Агенцтва працаўладкавання павінны больш актыўна распавядаць пра небяспеку, звязаную з такімі прапановамі.
Што не так з аўтамабільнымі курсамі
З развіццём аўтамабільнага руху вельмі папулярнымі ў Баранавічах сталі шафёрскія курсы. Паўстаюць яны апошнім часам як грыбы пасля дажджу. Але часта здараюцца цяпер злоўжыванні. Нядаўна, адразу пасля стварэння, ліквідаваў свае курсы інжынер Букаемскі, «ліквідаваўшы» разам з гэтым і грашовыя аплаты, што здалі кандыдаты на падрыхтоўку кіроўцаў.
Гэтай справай зацікавілася паліцыя, якая выявіла, што Букаемскі набраў ад 40 да 100 злотых ад 40 кандыдатаў на шафёры, якія так і не дачакаліся пачатку курсаў. Калі так пойдзе і далей, то справа Букаемскага дакоціцца да судовага працэсу.
Дарагі сон
Пан Эдвард Цюпа меў такую смагу, што зайшоў са сваім сябрам на піва ва ўстанову Яна Паўляка на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая). Пасля таго, як пан Цюпа выпіў некалькі пляшак піва, ён заснуў. Але той сон дорага каштаваў, бо калі пан прачнуўся, то з жахам убачыў, што 400 злотых, што былі ў кішэні, выпарыліся, як газ. Цюпа паведаміў пра кражу грошай у паліцыю, якая займаецца цяпер пошукам злодзея. Сам Цюпа падазрае ў крадзяжы гаспадара ўстановы Паўляка.
Акруговы Наваградскі суд падчас пасяджэння ў Баранавічах 31 кастрычніка разгледзеў справу Уладзіміра Пасынка і Уладзіміра Кабушкі, жыхароў Баранавіцкага павета, якія абвінавачваліся ў агітацыі з мэтай адарваць Усходнія землі ад Польшчы. Таксама было ўстаноўлена, што абодва абвінавачаныя знаходзяцца ў цесным кантакце з савецкімі спецслужбамі, ад якіх яны атрымліваюць дырэктывы. Акруговы суд прызнаў віну абодвух абвінавачаных і прысудзіў кожнаму з іх 4 гады пазбаўлення волі.
АВС
26 лістапада
Крывавая аўтакатастрофа пад Баранавічамі
Паміж Баранавічамі і Гарадзішчам 26 лістапада адбылася аварыя, у якой пацярпела шмат людзей. Аўтобус, які накіроўваўся з Гарадзішча ў Баранавічы, з-за дэфекту рухавіка зваліўся ў роў і атрымаў моцныя тэхнічныя пашкоджанні. У выніку катастрофы паранена шэсць пасажыраў і цяжка паранены шафёр.
Życie Nowogródzkie
3 лістапада
Рабунак
На Яўгенію Аніхімоўскую, кіраўнічку кааператыва 26 палка ўланаў, якая вярталася ў вёску Русіно, напалі два прайдзісветы ў вайсковай форме 9 дывізіёна артылерыі коннай або 26 палка ўланаў. Яны засыпалі соллю вочы ахвяры і вырвалі торбу, у якой было 10 злотых наяўнымі, ключы ад кааператыва і розныя дакументы. Агульныя страты ад рабавання, разам з торбачкай, склалі 30 злотых.
Няўдзячны госць
Сярод гасцей «міласцівай» Марыі Сабко, якая пражывае на вул. Траўгута, 12 (цяпер Дзімітрава), знайшоўся жыхар Жабінкі, пан Вацлаў Траяноўскі, вялікі аматар ювелірных вырабаў. Заўважыўшы залаты пярсцёнак у Сабко на пальцы, ён захацеў яго купіць. Пані Марыся, прадчуваючы кепскае, адмовілася. Тады «джэнтльмен» з Жабінкі выкруціў пацярпелай руку, зняў пярсцёнак і нацягнуў яго сабе на палец. Калі няшчасная «гаспадыня» папрасіла «госця» вярнуць пярсцёнак, той не вельмі далікатна стаў пагражаць ёй «даць у зубы», пасля чаго уцёк з жытла. На ўзняты пані Сабко гвалт прыбег паліцыянт, забраў у аматара чужых рэчаў пярсцёнак і вярнуў гаспадыні. Здарэнне было запісана ў пратаколе. Пан Траяноўскі тросся ад страху, але не толькі перад правасуддзем, але і перад… жонкай.
7 лістапада
Кола сяброў 78 пяхотнага палка
2 лістапада ў Баранавічах было створана Кола сяброў 78 пяхотнага палка, якое ўзначаліў пан Юзэф Любанскі, намеснік старасты горада.
8 лістапада
Аўтамабільныя курсы
20 лістапада ў Баранавічах адкрываюцца аўтамабільныя курсы Вацлава Чычынскага, якія зацверджаны куратарам Віленскага школьнай акругі. Па меры запісу кандыдатаў цяпер будуць праводзіцца аўтамабільныя курсы для прафесіяналаў, аматараў, матацыклістаў і трактарыстаў.
Вылавілі тапельца
Андрэй Пятрушка, жыхар вёскі Бараўцы, вылавіў у рацэ Мышанка труп невядомай жанчыны. У выніку праверкі выявілася, што гэта 34-гадовая жыхарка той самай вёскі Ганна Карней, якая некалькі дзён таму сышла з дому ў выніку абвастрэння псіхічнай хваробы. Праўдападобна, што жанчына, хворая яшчэ і на эпілепсію, здзейсніла самагубства.
Растраты
Кіраўнік станцыі Баранавічы, пан Кавалеўскі, паведаміў паліцыі, што чыгуначны касір Станіслаў Сапега скраў у дзяржавы 2543 злотых, якія на працягу года растраціў. Арыштаваны Сапега прызнаў сваю віну.
20 лістапада
Пераехала таксоўка
На скрыжаванні вуліц Грабоўскай (цяпер Куйбышава) і Сенатарскай (Горкага) жыхара вёскі Вулька Томаша Патоцкага пераехала таксоўка №79068, за рулём якой быў Бенцыян Брэўда. Медычную дапамогу лёгка пацярпеламу аказаў лекар мясцовай бальніцы.
Узлом
З хлява Казіміра Бубна на вуліцы Вадацэнговай, 7 (цяпер Першукевіча) былі скрадзены з дапамогай узлому 2 свінні вартасцю 250 злотых. Падчас следства свінні былі знойдзены ў вёсцы Анісімавічы і вернуты гаспадару.
21 лістапада
Арыштавана шайка
На жыхарку Свяцілавіч Марыю Шулейку, якая ішла вечарам на вуліцы Каперніка (цяпер Халасцякова), напалі два мужчыны. Пры гэтым адзін паваліў яе на зямлю, спрабуючы згвалціць. На крыкі жанчыны прыбеглі прахожыя і вырвалі яе з рук злачынцаў. У адным з нападнікаў Шулейка пазнала Міхаіла Ліцкевіча, які жыве на вуліцы Каперніка, 54.
Ліцкевіча арыштавалі. Акрамя таго, арыштавалі яго кампаньёнаў: Сяргея Мурзына і Тэадора Шукалу, якія напалі на Васіля Якімчыка з в. Ястрамбель, патрабуючы грошы, і знішчылі воз, на якім былі прадукты, купленыя Якімчыкам. Рабаўнікоў і авантурнікаў арыштавалі. Тэадор Шукала меў пры сабе рэвальвер сістэмы «гішпанец» з патронамі.
GazetaPolska
Электрычныя недамаганні, ці Баранавічы ў лістападзе
12 лістапада
Польскі ўрад выступіў з ініцыятывай шырокай электрыфікацыі гарадоў, якая павінна пачацца з паўночнай Польшчы. <…>
Часта гарады самі вінаватыя ў тым, што пытанне электрыфікацыі не было паспяхова вырашана. Маем на ўвазе Баранавічы. Горад апынуўся ў шчаслівым становішчы, калі пасля шматлікіх перамоў з чыгуначнымі ўладамі атрымаў максімум таго, што мог атрымаць крэсовы горад, а менавіта ўласны электрычны ток.
І тут пачынаецца сапраўдная трагедыя «электрычнага аддзела» магістрата. Гарадская электрастанцыя абслугоўваецца чыгуначным персаналам, што прывяло да заблытанай юрыдычнай адказнасці за яе няспраўнасць. А гэта ў першую чаргу адчуваюць карыстальнікі.
Нездарма ж тут са святлом адбываюцца неверагодныя рэчы: святло згасае кожныя пяць хвілін, і адбываецца гэта то ў адным, то ў іншым раёне. Здараецца, што мантажнік рамантуе адну лінію, тым часам электрычнасць знікае на другой, а калі мантажнік пераходзіць на другую лінію, гасне на першай, і так некалькі разоў.
Варта падкрэсліць, што гарадская электрастанцыя з дэфектамі трансфарматараў мае некалькі ліній, якія абслугоўвае адзін электраманцёр, які фізічна не спраўляецца са сваёй працай. Але не ў гэтым справа, таму што памылкі і недахопы могуць быць дзе заўгодна. Гаворка ідзе толькі пра сілу току, якая настолькі слабая, што прыводзіць да сістэматычнага псавання зроку ў людзей, пра што могуць засведчыць мясцовыя афтальмолагі. Ці не бярэ магістрат у такім выпадку зашмат адказнасці на сябе? Ці не збіраецца гэта неяк выправіць?
Электрастанцыя спаганяе плату з жыхароў горада за нармальны ток і атрымлівае прыбытак, але паляпшэнняў няма, ніякі рамонт не праводзіцца. Наадварот, з дня ў дзень вы адчуваеце вялікую «слабасць» электрычнасці.
Абаронцы электрастанцыі лічаць, што лакамабілі, якія прадукуюць электрычнасць, перагружаныя, а электрычныя сеткі занадта вялікія. Я пагаварыў з адным інжынерам, які назваў падобную заяву недарэчнай, сказаўшы, што магутнасць электрастанцыі дазваляе працаваць з сеткамі ў два разы большымі, чым ёсць цяпер.
Дык у чым памылка? Напэўна, у нежаданні вырашаць праблемы, якія могуць быць ліквідаваны па меншай меры з мінімальнымі выдаткамі.