Нагадаем, што 1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу і пачалася Другая Сусветная вайна. Чытайце, што адбывалася ў горадзе ў апошні перадваенны месяц.
Kurjer Wileński wraz z Kurjerem Wileńsko-Nowogródzkim
2 жніўня
Бура ў Гарадзішчы
Над мястэчкам Гарадзішча ў Баранавіцкім павеце гэтымі днямі прайшоў ураган небывалай моцы. Ён нанёс вялікую шкоду ў мястэчку і ваколіцах. Напрыклад, у Гарадзішчы быў цалкам знесены хлеў Юзіка Калюты, а таксама знішчаны ўраджай некалькіх гаспадарак. Дзе-нідзе збожжа ў палях было раскідана ў розныя бакі. На хутары Кісялі былі знішчаны два гаспадарчыя будынкі, а на хутары Несцеры – чатыры гаспадарчыя будынкі.
Уручэнне Virtuti Militari маці скаўта, якога расстраляла ЧК
У Баранавічах, каля помніка Невядомаму жаўнеру (цяпер клумба насупраць гатэля «Гарызонт»), адбылося ганаровае ўручэнне ордэна Virtuti Militari жыхарцы горада пані Вікторыі Каўрызе. Вярхоўны галоўнакамандуючы ўзнагародзіў гэтым ордэнам яе сына, скаўта Мячаслава Каўрыгу, які быў расстраляны ў 1919 годзе смаленскай «чрезвычайкай» за актыўны ўдзел у змаганні за польскую незалежнасць. У цырымоніі ўзнагароджання прыняла ўдзел ганаровая рота з аркестрам, прадстаўнікі ўлады і шмат жыхароў горада.
Пасля выступу баранавіцкага бурмістра, інжынера Вольніка, палкоўнік Эплер ўручыў пані Каўрызе ордэн Virtuti Militari. Пасля выканання гімну ганаровая рота прамаршыравала перад палкоўнікам Эплерам, побач з ім стаяла пані Вікторыя.
Трэба адзначыць, што сама пані Вікторыя была асуджана бальшавікамі да расстрэлу і пасля некалькіх гадоў турмы, падчас абмену палітвязнямі, прыбыла ў Польшчу.
3 жніўня
Баранавічы мадэрнізуюцца
Распачатая ўвесну прыборка Баранавіч стала галоўнай акцыяй сёлетняга сезона сярод жыхароў горада. Аднак толькі цяпер добраўпарадкаванне пачало набіраць размах. Пачалося актыўнае ўзвядзенне і фарбаванне платоў, упарадкаванне гаспадарак. Хаця дасюль дзе-нідзе сустракаюца на вуліцах паваленыя брамы і паламаныя платы, аднак з кожным днём горад змяняе аблічча. Прыгожыя, узорныя агароджы стаяць каля дамоў на галоўных вуліцах горада. Найперш гэта датычыцца вуліц Шаптыцкага (цяпер Савецкая) і Нарутовіча (цяпер Камсамольская). Вуліца Шаптыцкага, відаць, дачакаецца сёлета і добраўпарадкавання свайго ўскрайку ў накірунку вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая), дзе распачалі класці брук.
7 жніўня
Курсы па зборцы крышталічных радыёпрыёмнікаў
Нацыянальны камітэт па радыяфікацыі краіны імкнецца папулярызаваць крышталічнае радыё сярод самых шырокіх слаёў насельніцтва. У сувязі з гэтым 12 і 13 жніўня ў Баранавічах ладзяцца курсы, дзе кожны ўдзельнік па парадах інструктара (заплаціўшы толькі 1 злоты 20 грошай на закупку матэрыялаў), зможа самастойна сабраць сабе крышталічны радыёпрымач, які застанецца яго ўласнасцю.
Курсы адбудуцца у пачатковай школе №5 на вуліцы Масціцкага (цяпер вучастак вул. Дзімітрава паміж Леніна і Брэсцкай). Пачатак лекцыі а 15.00.
19 жніўня
Бойка з сякерамі
У вёсцы Куршынавічы (цяпер Ляхавіцкі раён) адбылася надзвычай крывавая сцэна. Узброеныя сякерамі браты Юзік, Ян і Казімір Шпакі, а таксама Уладзіславў Ракашэвіч распачалі бойку з Юзікам, Вінцэнтам, Канстанцінам і Янам Татарыновічамі, якія таксама былі ўзброеныя сякерамі.
У выніку бойкі быў засечаны сякерамі Юзік Шпак. З цяжка пакалечанай правай рукой ў баранавіцкі шпіталь дастаўлены Уладзіслаў Ракашэвіч. Таксама туды прывезлі параненых Юзіка і Канстанціна Татарыновічаў.
Вінцэнт і Ян Татарыновічы, падазраваныя ў забойстве Юзіка Шпака, дастаўлены ў следчы ізалятар у Баранавічах.
20 жніўня
Цягнік забіў двух пастушкоў
На 209-м кіламетры чыгуначнай трасы Слонім – Баранавічы пасажырскі цягнік, які ехаў да Барановіч, збіў пастушкоў: Яна Паляну, 13 гадоў, з вёсцы Тухавічы, гміны Кшывошын, і Аляксандра Калошу, 12 гадоў, з вёскі Ліхасельцы. Як паведамляецца, прычынай трагедыі з’яўляецца ўласная неасцярожнасць хлопчыкаў.
30 жніўня
Капанне акопаў скончана па ўсёй Наваградчыне
27 жніўня скончылася капанне супрацьпаветраных акопаў, у якім прынялі удзел шмат жыхароў ваяводства (куды ўваходзілі і Баранавічы). Навагрудскі ваявода пан Адам Сакалоўскі заахвочваў уласным прыкладам, узяўшы ў рукі рыдлёўку для капання траншэі.
Глядзіце агляды газэт за іншыя гады і месяцы