Пра падзеі, што адбыліся ў 1929 годзе ў Баранавічах, пісалі многія выданні ў свеце, акрамя савецкіх. Бальшавіцкі чыноўнік у паліцэйскім пастарунку пастраляў у нашым горадзе паліцэйскіх.
Падзеі адбываліся, калі Баранавічы ўваходзілі ў склад міжваеннай Польшчы.
Усё пачалося 2 красавіка 1929 года. У той дзень супрацоўнік гандлёвага прадстаўніцтва СССР у Берліне Іван Апанасевіч разам з жонкаю сышоў на баранавіцкі перон, дзе праз нейкі час павінен быў перасесці на цягнік да Масквы. Аднак савецкі чыноўнік (які паходзіў з Малой Каўпеніцы) нечакана вырашыў наведаць сваю вёску, дзе жыў тады яго родны брат.
Што адбылося падчас сустрэчы братоў, невядома. Але ў той самы дзень Апанасевіч з’явіўся ў паліцэйскім пастарунку ў Сталовічах і папрасіў паратунку. Па словах савецкага гандлёвага прадстаўніка, ён баяўся, што на яго быццам бы рыхтуецца замах. Паліцэйскія спраўдзілі дакументы і паведамілі Івану, што ён не мае права знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.
У суправаджэнні паліцэйскага Апанасевіч з жонкаю вярнуўся ў Баранавічы. А 19-й гадзіне іх прывезлі ў чыгуначны пастарунак паліцыі. Там Апанасевіч прад’явіў савецкі службовы пашпарт з польскаю візаю і яшчэ раз сцвердзіў, што на яго рыхтуецца замах. Намеснік баранавіцкага старасты прапанаваў Апанасевічам паехаць у гатэль і там пераначаваць, абяцаючы прыставіць да іх паліцэйскую ахову. Аднак Апанасевіч папрасіўся пераначаваць у паліцэйскім пастарунку, дзе адчуваў сябе больш бяспечна.
Раніцай наступнага дня у пастарунак прыйшлі рэферэнт бяспекі Баранавіцкага стараства БагданКухаркоўскі, камендант паліцыі Шпэла і павятовы лекар, каб дапамагчы арганізаваць выезд савецкага чыноўніка ў СССР.
Пасля некалькіх хвілін размовы лекар з камендантам паліцыі выйшлі з пакоя. Разам з Апанасевічам і жонкай застаўся Кухаркоўскі і дзяжурны па пастарунку паліцыянт Фелікс Жалязкоўскі.
У гэты час заваніў тэлефон. І калі Кухаркоўскі падняў трубку і пачаў з некім размаўляць, Іван Апанасевіч раптоўна выхапіў пісталет і зрабіў тры стрэлы. Ад першага стрэлу быў цяжка паранены ў патыліцу Кухаркоўскі. Дзве кулі трапілі ў Жалязкоўскага – пад лапатку і ў скронь, адна куля выйшла навылет праз галаву.
Чацвёртым стрэлам савецкі дыпламат спрабаваў забіць сябе, але атрымаў толькі лёгкае раненне галавы. Жонка Апанасевіча спрабавала сарваць са сцяны армейскі карабін паліцэйскіх, але не паспела гэта зрабіць – набеглі іншыя паліцэйскія.
Ад атрыманых ранаў Жалязкоўскі памёр пад вечар у баранавіцкім шпіталі, Кухаркоўскага перавезі ў Вільню, дзе збіраліся рабіць трэпанацыю чэрапа, аднак пазней вырашылі не чапаць кулю ў галаве. Апанасевіча трымалі ў гарадскім шпіталі пад вартаю. Да яго на сустрэчу прыязджаў савецкі консул.
Бальшавіцкая амбасада заявіла палякам, што Апанасевіч быў звольнены з займанай пасады за некалькі дзён да здарэння і таму вяртаўся дахаты. Зброя была ўжытая для абароны сакрэтных дакументаў, якія ён вёз з сабою.
Сам Іван Апанасевіч патлумачыў, што яшчэ ноччу пастанавіў ажыццявіць даўні намер – забойства адаго ці двух прадстаўнікоў польскай улады, што бароняць буржуазны лад жыцця. Нейкіх згрызотаў сумлення ён не адчуваў.
Савецкага дыпламата збіраліся праверыць на вар’яцтва.
Аднак 6 красавіка, а 10-й гадзіне раніцы, Іван Апанасевіч раптоўна памёр у шпіталі ад інфаркту. Польскія газеты сцвярджаюць, што смерць надышла якраз у той час, калі адбывалася пахаванне памерлага паліцыянта і труну выносілі з касцёла.
Як пазней пісалі польскія газеты, Апанасевіч у 1914 годзе з’ехаў з Каўпеніцы на тэрыторыю Расіі – хутчэй за ўсё, у пачатку Першай сусветнай вайны ён быў прызваны ў расійскае войска. Падчас рэвалюцыі Іван пайшоў працаваць у ЧК, дзе актыўна прымаў удзел у розных акцыях «чрезвычайки».
Пасля скасавання ЧК быў чальцом Калегіі і Сакратарыята ГПУ, а у 1923 годзе кіраўніком палітычнага бюро. Пасля сканчэння Вышэйшай тэхнічнай школы быў прызначаны адным з кіраўнікоў аднаго з аддзелаў гандлёвага прадстаўніцтва СССР у Берліне.
Як высветлілася, Апанасевіч часта па дарозе у Расею ці Нямеччыну пад рознымі прычынамі заставаўся на некалькі дзён у брата пад Баранавічамі. Магчыма, у апошні раз ён заўважыў за сабою польскіх таемных агентаў у цывільным і таму звярнуўся ў паліцыю.
Гэты выпадак у гісторыі горада сёння амаль забыты. Апанасевіча пахавалі на праваслаўных могілках (у раёне сённяшняга гарвыканкама). Пасля ўсталявання савецкай улады ў верасні 1939 года пра яго магілу ніхто не ўзгадаў.
Жалязкоўскага ганарова пахавалі на каталіцкіх могілках, побач з Абеліскам па памерлых ад эпідэміі бежанцаў. Да сённяшняга часу яго помнік не захаваўся.
Значная падзея адбылася 15 снежня ў новым, толькі што збудаваным будынку механічнай пякарні «Еднасць». Удзельнікі Таварыства пекараў дзеля такой падзеі для памяці наступных пакаленняў склалі ўрачысты пратакол.
«Пратакол урачыстага адкрыцця Першай механічнай баранавіцкай пякарні «Еднасць» на вуліцы Ажэшкі, 28 (цяпер вуліца Маякоўскага), ад 15 снежня 1930 года. У прысутнасці і пры ўдзеле ўладаў дзяржаўных, вайсковага і мясцовага кіравання, прадстаўнікоў грамадскасці і запрошаных гасцей адбылося адкрыццё першай механічай пякарні ў Баранавічах. Была выканана першая выпечка хлеба ў колькасці 100 кіло, якія, згодна з пастановай Таварыства, былі дабрачынна перададзеныя ў хрысціянскі і жыдоўскі прытулак для старых, у хрысціянскія і жыдоўскія прытулкі для сірот, а таксама для таварыства «Хлеб для ўбогіх». На падставе гэтага і быў складзены гэты пратакол, падцверджаны подпісамі прысутных».
Пякарня месціцца ў двухпавярховым абшырным будынку, пабудаваным у сучасным стылі, на вялікай пляцоўцы побач з горадам. Гмах падзелены на дзве часткі: верхнюю і ніжнюю. Знізу, у абшырных светлых залах, абкладзеных напалову адмысловай белай кафляй, а падлога з тэракоту, знаходзіцца сама пякарня – механічныя печы з сучасным абсталяваннем. Яны здольныя выпякаць да 400 кг хлеба ў гадзіну спрошчаным і гігіенічным спосабам. Там жа знаходзяцца электрычныя машыны для вырабу цеста, склады для гатовага хлеба і экспедыцыя, а таксама пакоі для працоўных. На друім паверсе, злучаным з долам, знаходзіцца кулінарны аддзел, склады, машына для прасеву мукі, кабінет кіраўніка і канцылярыя. Сам будынак высокі і чысты, вельмі эстэтычна выглядае.
Пякарня, як супольнае прадпрыемства Таварыства пекараў, была пабудавана за 180 тысяч злотых, з якіх частка належыць таварыству, а частка ўзята дзякуючы дзяржаўнаму крэдыту. У Таварыства ўваходзяць жыды і хрысціяне. Гэта чацвёртая механічная пякарня на землях Навагрудскага ваяводства, будаўніцтва якой пачалося два гады таму.
5 студзеня
Калі аптэкар хоча быць лекарам
3 студзеня ў пастарунак паліцыі ў Вольна прыйшоў Тэадор Сняжко, жыхар вёскі Бортнікі. Ён паведаміў, што яго чатырохгадовае дзіцё памерла пасля прыняцця лекаў, якія прадаў яму аптэкар Сініцкі з Вольна. Па словах Сняжко, Сініцкі параіў лекі без рэцэпта лекара як сродак ад рыбакоў (глістоў). Пасля прыёму лекаў у дзіцяці забалеў страўнік, і неўзабаве малое памерла. Лекі і труп дзіцяці цяпер знаходзяцца ў паліцыі.
9 студзеня
Стрэлы па салдату-авантурысту
5 студзеня вайсковы патруль затрымаў за нетактоўныя паводзіны на вуліцы Баранавічаў шарагоўца 5 лётнага палка Аляксандра Гарболю, які ехаў у адпачынак. Падчас этапавання Гарболя ў гарнізонную вязніцу затрыманы напаў на шарагоўца Васеля, спрабуючы яго раззброіць, а потым спрабаваў збегчы. Васель стрэліў па ўцекачу і цяжка яго параніў у грудзі. Гарболю адвезлі ў брэсцкі вайсковы шпіталь. Праверку здарэння праводзіць рота жандармерыі ў Баранавічах.
10 студзеня
Сані на вуліцах горада
Аўтатранспарт робіцца значным канкурэнтам для баранавіцкіх рамізнікаў (фурманшчыкаў). Але гэтая зіма да іх прыязная – маразы невялікія, снегу шмат, таму ўжо некалькі тыдняў, як людзі ахвотна ездзяць санкамі. А ахвотна таму, што санкі баранавіцкіх рамізнікаў зграбныя і з цёплымі фартухамі, у адрозненне ад старых абдзёртых і брудных фурманак, у якія без агіды немагчыма сесці. Тымі саначкамі катаюцца проста для прыемнасці, а не толькі дзеля патрэбы.
Памяць баранавіцкіх рамізнікаў дасканальная. Хопіць 1–2 разы праехаць з імі, каб яны запомнілі цябе разам з нумарам дома і вуліцай. Гэта добра сведчыць пра ўстрыманне рамізнікаў, бо хаця пра ўстрыманне да алкаголю ў гэтай прафесіі трэба толькі марыць, але цяжкія ўмовы быту прымушаюць гэтых людзей (якія маюць часта вялікія сем’і) да асцярожнага абыходжання з кілішкамі.
Маю да іх адну толькі просьбу. У гэты час, калі цэны на авёс вельмі нізкія, а сані дазваляюць болей зарабляць, няхай бы дамовіліся між сабой ды адрамантавалі і аднавілі свае фурманкі, не пашкадаваўшы трохі лаку і абіўкі. Тады б шмат гасцей горада, што сядаюць цяпер з таксоўкі, абіралі б чыстыя і прыемна выглядаючыя фурманкі.
13 студзеня
З гаспадарчых навінаў
Як стала вядома з нашых крыніц, што для заканчэння распачатай будоўлі рэзні (цяпер – мясакамбінат), дзякуючы энергіі намесніка бурмістра Вінніка, Банк краёвага гаспадарства ўхваліў для Баранавічаў крэдыт. Для гэтага вызначаны 40 тысяч злотых. Грошы ўжо пералічаны камунальнай касе ў Баранавічах. Акрамя таго, Гарадская рада займаецца цяпер апрацоўкай бюджэта гарадской электрастанцыі. Гэта добрыя навіны для развіцця нашага горада.
Чырвоны крыж
Канцылярыя аддзела Чырвонага крыжа, новай, нядаўна зарэгістраванай арганізацыі, знаходзіцца ў Баранавічах у гарадскім аддзеле здароўя на вул. Шасовая, 12 (цяпер Брэсцкая). Далі ёй прытулак лекары, якія добра ведаюць, што робіць па ўсім свеце гэта дабрачынная арганізацыя.
17 студзеня
Новы бурмістр
Нашы крыніцы паведамляюць, што новы бурмістр горада Баранавічы, пан інжынер Стэфан Сенпоўскі быў зацверджаны ўладамі і ў бліжэйшыя дні зойме пасаду.
Баранавіцкая сенсацыя
Шкада, што рэдакцыі Życie Nowogródzkie дасюль не прыйшло да галавы пасадзіць у нас прафесійнага журналіста, які б сачыў за жыццём горада і падаваў сенсацыйныя падзеі, якія на нашым бруку часта адбываюцца.
Трэба прызнаць, што здарылася ў нас некалькі дзён таму гісторыя, якая і філосафам не снілася ды якую цяпер усе ў горадзе абмяркоўваюць. У Жаночы саюз грамадзянскай працы (Związek Pracy Obywatelskiej Kobiet) звярнулася з просьбай аб дапамозе маладзенькая маці, якую кінуў каханак. Актывісткі актыўна ёю заняліся – сабралі ёй значную суму грошай, а адна з іх адвезла жыць дзяўчыну да пэўнай хаты, пад апеку саліднай асобы. Але што выявілася? Тая асоба, гаспадыня дома, якую шанавалі і якой даверыліся актывісткі ZPOK, выкарыстоўвала жытло для месца сустрэч і распуты.
Актывістка, што суправаджала маладую маці, прыехаўшы, хутка зразумела, куды трапіла. Старшыня ZPOK распавяла пра гэтую справу пану старасце, які загадаў той бардэль закрыць. Але ці не забаўная гісторыя? Паважаная кіраўнічка жаночай арганізацыі, каб выратаваць ахвяру з народа, накіроўвае яе ў салідны дом, які з’яўляецца бардэлем. Выявілася яшчэ, што той «вясёлы дом» быў добра знаёмы кінутай маладой маці, бо яна не хацела адтуль сыходзіць. Яе нічога там не шакавала, а некаторыя рэчы нават прыцягвалі.
20 студзеня
Баранавічы змагаюцца з беспрацоўем
12 студзеня адбылося паседжанне Грамадзянскага камітэта дапамогі беспрацоўным. Віцэ-бурмістр інжынер Віннік, пачынаючы сустрэчу, заявіў, што яго непакоіць лёс беспрацоўных, колькасць якіх у Баранавічах хутка расце і цяпер складае каля 300 асоб. Іх сітуацыя абцяжараная тым, што большасць цяпер не можа атрымаць дапамогі з Фонду беспрацоўя, а працаўладкаваць іх горад не можа, няма таксама ў бюджэце горада і такіх фінансавых сродкаў для дапамогі.
Потым прадстаўнікі камітэта абмяркоўвалі, чаму спынілі працу і звольнілі супрацоўнікаў: 70 чалавек фірма «Тармлын» і 50 – пан Ясалевіч. Гэта адбылося пасля спынення будаўнічых прац, з-за недахопу матэрыялаў і дрэва, а таксама недахопу грошай у абароце. Прадстаўнікі фірмаў патлумачылі, што гатовыя аднавіць працу і даць працу звольненым, калі магістрат дапаможа атрымаць для іх крэдыт у банку.
Цяпер у Баранавічах 300 беспрацоўных, а гэта, з улікамі іх сем’яў, 1000 чалавек, якія не маюць сродкаў для жыцця.
Камітэт пастанавіў звярнуцца да кіраўніцтва чыгункі, каб тыя дапамаглі знайсці працу для часткі людзей. Таксама камітэт неадкладна пачне арганізацыю выдачы беспрацоўным прадуктаў першай неабходнасці: мукі, кашы і тлушча. Надалей вырашана звярнуцца да ваяводы ў Навагрудку з просьбай дапамагчы крэдытамі ўласнікам тартакоў, дзеля аднаўлення працы і працаўладкавання людзей, а таксама выдзялення 18750 злотых на дапамогу беспрацоўным.
25 студзеня
Няшчасны выпадак з чыгуначнікам
20 студзеня, а 11-й гадзіне, надкандуктар Канстанцін Скалімоўскі, які жыве на вул. Каляёвай, 7 (цяпер Вільчкоўскага), рамантуючы свой дом, зваліўся з рыштаванняў і зламаў нагу. Пасля аказання першай дапамогі яго адвезлі ў чыгуначны шпіталь у Вільні.
Адзначым, што кабеты, якія аказвалі першую дапамогу, прасілі чыгуначніка Фелікса Ханкевіча, які праходзіў побач, дапамагчы данесці няшчаснага да фурманкі, але той адмовіўся. Нялюдскім чыгуначнікам павінна зацікавіцца яго кіраўніцтва.
Рэха забойства
Увесну 1929 года на вакзале ў Баранавічах супрацоўнік савецкага Гандлёвага прадстаўніцтва ў Варшаве застрэліў рэферэнта Кухаркоўскага, які тады выконваў функцыі старасты. Яго жонцы, Каміліі, польскія ўлады прызначылі пенсію. Адначасова яна вырашыла звярнуцца да савецкага кіраўніцтва па кампенсацыю. Прадстаўнік пані Кухарскай, мэцэнат Ямонт звярнуўся ў савецкае пасольства, якое ўсяляк адкідала гэтую справу. Тады адвакат Ямонта распачаў гэтую справу супраць савецкага пасольства ў польскім судзе. Яе вынік будзе агучаны 16 лютага ў Варшаве.
29 студзеня
Вядомы бандыт хаваўся ў Баранавічах
Учора у Вільні на адной з зладзейскіх малін затрымалі грознага бандыта Юзіка Аншэра, вядомага па мянушцы Юсель Парх. Бандыцкая кар’ера Аншэра пачалася ў 1920 годзе, калі яго асудзілі на 6 год суровага рэжыму за рабунак. Пасля адбыцця кары Аншэр працягваў займацца злачыствамі, учыніўшы шэраг крадзяжоў і ўламанняў у жыллё.
Некалькі тыдняў таму віленскай паліцыі стала вядома, што Аншэр знаходзіцца ў Баранавічах на зладзейскай маліне «Сіркі». У Баранавічы накіравалі аднаго са следчых, але Аншэр, як той сабака, носам чуючы небяспеку, своечасова знік. Злодзей пачаў блытаць сляды, але на хвасце ўжо была паліцыя. Пару дзён таму ён прыбыў у Вільню, дзе трапіў у засаду паліцыі. Цяпер фартовы Парх сядзіць у вязніцы.
Учора ў Варшаве ў Бэльведэрскім палацы маршалу Пілсудскаму аб сваім прыбыцці паведаміў генерал Альгерд Пажэрскі, камендант баранавіцкага гарнізона. Пан генерал падзякаваў маршалу за тры новыя дамы, пабудаваныя для афіцэраў і падафіцэраў.
Адзін дом афіцэрскі трохпавярховы з 12 трохпакаёвымі кватэрамі, агульнай плошчай 41 на 11 кв. м (цяпер дом на вул. Фядзько, 1). Адзін двухпавярховы падафіцэрскі будынак на 18 кватэр (з іх 6 двухпакаёвых) агульнай плошчай 42 на 11 метраў (цяпер дом на Леніна, 16). І адзін дом двухпавярховы падафіцэрскі на 8 кватэр, плошчай 26 на 11 метраў (няма інфармацыі).
Усе дамы пабудаваны намаганнямі Жыллёвага фонду.
У Памятнай кнізе дэлегацыя запісала наступныя словы: «Дэлегацыя гарнізона складае пану Маршалу падзяку за бацькоўскую апеку і пабудову ў Баранавічах трох дамоў для сямей афіцэраў і падафіцэраў. І пры надыходячых святах Божага Нараджэння і Новага 1930 года складае Каханаму Важдзю салдацкія зычэнні».
ZycieNowogródzkie
6 снежня
Ой, тыя ходнікі
Балячкай нашага горада, што развіваецца з амерыканскай хуткасцю, з’яўляюцца ходнікі на бакавых вуліцах. На некаторых вуліцах ходнікі выкладзеныя з незамацаваных дошак, падчас непагоды рухаюцца, як клавішы, пырскаючы з-пад сябе фантаны бруду і вады. Асабліва моцна даюцца ў знакі ходнікі на вуліцы Уланскай (цяпер Піянерская), насупраць касцёла. Тут, дзякуючы пануючай цемры, з мінакамі адбываюцца няшчасныя выпадкі.
Можа, айцы горада задумаліся б калі не пра замену ў такую пару года, тых небяспечных ходнікаў, дык хаця б аб іх рамонце.
9 снежня
Асвячэнне Польскага банка
Учора Баранавічы перажылі цудоўны дзень, які стаў паваротным пунктам у іх развіцці і значнасці для ўсяго рэгіёна і краіны.
На ўрачыстае асвячэнне аддзела Польскага банка прыбыў з Наваградка пан ваявода Бечковіч, прэзідэнт Польскага банка п. Урублеўскі, дырэктар Дэпартамента крэдытаў п. Козел-Паклеўскі, а таксама шматлікія прадстаўнікі мясцовых улад і грамадскасці. У 9.30 ксёндз-дэкан Жаландкоўскі асвяціў будынак, пасля чаго прамовіў кароткае казанне, зычачы новай інстытуцыі хуткага развіцця і плённай працы.
Пасля прамаўляў кіраўнік Польскага банка п. Урублеўскі, які патлумачыў, што хуткае развіццё Баранавіч і гаспадарчае развіццё рэгіёна спрычыніліся да таго, што менавіта тут адкрылі аддзел Польскага банка, які з’яўляецца інстытутам, што размяркоўвае грошы ў гаспадарчыя артэрыі. Ён скончыў прамову зычэннем росквіту гэтай зямлі, у чым будзе спрыяць Польскі банк.
Потым ваявода Бечковіч падзякаваў Польскаму банку за адкрыццё аддзялення, звязваючы гэта са значнасцю тэрыторыі і адзначаючы сталую апеку ўрада над крэсамі, які імкнецца ўзняць іх да адпаведнага эканамічнага ўзроўню.
Гмах Польскага банка ў сваіх архітэктурных лініях дзівіць прастатой і павагай. А пышна ўпрыгожаны ўсярэдзіне, сведчыць пра магутнасць і стабільнасць польскіх грошай. У будынку, акрамя банкаўскіх памяшканняў, ёсць і кватэры для чыноўнікаў.
Гасцям адказваў дырэктар банка пан Стафіей, які аддана прысвяціў сябе банкаўскай справе, разумеючы яе значнасць у гаспадарчым жыцці Польшчы і грамадскіх патрэбах.
Пасля асвячэння будынка адбылося агульнае фатаграфаванне ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Потым пан ваявода Бечковіч разам з шэфам банка Урублеўскім сышлі на вялікую канферэнцыю, прысвечаную крэдытовым патрэбам Наваградчыны. Урублеўскі да ўсіх праблем ставіўся прыхільна, абяцаючы па мажлівасці дапамагаць іх вырашыць.
Пасля ваявода Бечковіч прыняў некалькі дэлегацый, напрыклад, баранавіцкага старасту і бурмістра горада пана Мацкевіча, які прадставіў шэфу банка праекты на крэдытаванне малочных і сыраварскіх кааператываў, якім патрэбны грошы пад малыя працэнты. Потым былі прынятыя дэлегацыі аб’яднанняў купцоў-хрысціян і купцоў-жыдоў.
Урачыстасці скончыліся абедам у зале Польскага ачага (будынак знаходзіўся паміж ГДК і кінатэатрам «Кастрычнік», знічшаны падчас вайны), які прафінансаваў Польскі банк.
Падчас абеду першым прамовіў пан ваявода Бечковіч, які адзначыў вялікую заслугу польскіх салдат і іх важджа маршалка Юзэфа Пілсудскага, дзякуючы якім цяпер на гэтых землях будуюцца новыя помнікі творчай працы і адраджаецца новае жыццё на гэтых, моцна знішчаных вайною тэрыторыях. Грамадства ж, прытрымліваючыся мудрых парадаў прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага, можа непахісна верыць, што краіна рухаецца да светлай будучыні. Напрыканцы прамовы Бечковіч абвесціў тост за прэзідэнта Масціцкага і маршалка Пілсудскага.
Таксама прамаўлялі прэзідэнт Польскага банка Урублеўскі, бурмістр горада Мацкевіч, радны Назарэўскі, доктар Нухімоўскі і прэзідэнт польскіх купцоў Букоўскі.
Пасля пан ваявода зачытаў прысутным дэпешы-падзякі, які былі дасланыя маршалку Пілсудскаму і прэзідэнту Масціцкаму.
Скралі толькі трохі жвіру
Два сябрукі, пан Уладзіслаў Шулейка, што жыве па адрасе вул. Шасовая, 212 (цяперБрэсцкая), і Міхась Бялькевіч, што пражывае на вул. Каляёвая, 70 (цяпер Вільчкоўскага), захацелі задарма атрымаць жвір. Увечары ціхенька пад’ехалі да запасных шляхоў чыгункі каля паста №5 і пачалі грузіць «тавар». На гарачым учынку іх злавіў супрацоўнік камісарыяту паліцыі, які па гэтай справе і склаў пратакол.
Няўдалы ўзлом
У Баранавічах невызначаныя дасюль аматары чужой уласнасці спрабавалі з дапамогай выняцця шыб праз акно трапіць у кватэру Гаха Шмэркі, які жыве па адрэсе вул. Рынкавая, 12 (цяпер частка вул. Фралянкова). Шмэрка пачуў шум, нарабіў крыку. Злодзеі ўцяклі. Вядзецца іх пошук.
З жыцця вайсковага тэатра
У Баранавічах, дзякуючы асабістай ініцыятыве палкоўніка Сокал-Шахіна, афіцэрскі тэатр 78 пяхотнага палка пад рэжысурай капітана Міскевіча рыхтуе пастаноўку «Палітыка і каханне». Рэпетыцыі адбываюцца штодзённа.
28 снежня
Арышт гандляркі жывым таварам
20 снежня на станцыі Баранавічы па падазрэнні ў гандлі жывым таварам паліцыя затрымала жанчыну, імя якой не высветлена. Пасля таго, як затрыманую прывялі ў пастарунак, яна здолела ўсыпіць чуйнасць дзяжурнага паліцэйскага і збегла ў невядомым накірунку. Паліцыя вядзе яе пошук і ўжо выйшла на след «гандляркі».
Апошнім часам усё часцей здараюцца выпадкі, калі да людзей, якія прыходзяць у Агенцтва працаўладкавання, каб знайсці працу за мяжой, падыходзяць невядомыя асобы, якія прапануюць паспрыяць выезду ў іншую краіну. Гэтыя гандляры жывым таварам збіраюць невялікія групы жанчын і дзяцей, каб пераправіць іх за мяжу. Супрацоўнікі Агенцтва працаўладкавання павінны больш актыўна распавядаць пра небяспеку, звязаную з такімі прапановамі.
Што не так з аўтамабільнымі курсамі
З развіццём аўтамабільнага руху вельмі папулярнымі ў Баранавічах сталі шафёрскія курсы. Паўстаюць яны апошнім часам як грыбы пасля дажджу. Але часта здараюцца цяпер злоўжыванні. Нядаўна, адразу пасля стварэння, ліквідаваў свае курсы інжынер Букаемскі, «ліквідаваўшы» разам з гэтым і грашовыя аплаты, што здалі кандыдаты на падрыхтоўку кіроўцаў.
Гэтай справай зацікавілася паліцыя, якая выявіла, што Букаемскі набраў ад 40 да 100 злотых ад 40 кандыдатаў на шафёры, якія так і не дачакаліся пачатку курсаў. Калі так пойдзе і далей, то справа Букаемскага дакоціцца да судовага працэсу.
Дарагі сон
Пан Эдвард Цюпа меў такую смагу, што зайшоў са сваім сябрам на піва ва ўстанову Яна Паўляка на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая). Пасля таго, як пан Цюпа выпіў некалькі пляшак піва, ён заснуў. Але той сон дорага каштаваў, бо калі пан прачнуўся, то з жахам убачыў, што 400 злотых, што былі ў кішэні, выпарыліся, як газ. Цюпа паведаміў пра кражу грошай у паліцыю, якая займаецца цяпер пошукам злодзея. Сам Цюпа падазрае ў крадзяжы гаспадара ўстановы Паўляка.
Акруговы Наваградскі суд падчас пасяджэння ў Баранавічах 31 кастрычніка разгледзеў справу Уладзіміра Пасынка і Уладзіміра Кабушкі, жыхароў Баранавіцкага павета, якія абвінавачваліся ў агітацыі з мэтай адарваць Усходнія землі ад Польшчы. Таксама было ўстаноўлена, што абодва абвінавачаныя знаходзяцца ў цесным кантакце з савецкімі спецслужбамі, ад якіх яны атрымліваюць дырэктывы. Акруговы суд прызнаў віну абодвух абвінавачаных і прысудзіў кожнаму з іх 4 гады пазбаўлення волі.
АВС
26 лістапада
Крывавая аўтакатастрофа пад Баранавічамі
Паміж Баранавічамі і Гарадзішчам 26 лістапада адбылася аварыя, у якой пацярпела шмат людзей. Аўтобус, які накіроўваўся з Гарадзішча ў Баранавічы, з-за дэфекту рухавіка зваліўся ў роў і атрымаў моцныя тэхнічныя пашкоджанні. У выніку катастрофы паранена шэсць пасажыраў і цяжка паранены шафёр.
Życie Nowogródzkie
3 лістапада
Рабунак
На Яўгенію Аніхімоўскую, кіраўнічку кааператыва 26 палка ўланаў, якая вярталася ў вёску Русіно, напалі два прайдзісветы ў вайсковай форме 9 дывізіёна артылерыі коннай або 26 палка ўланаў. Яны засыпалі соллю вочы ахвяры і вырвалі торбу, у якой было 10 злотых наяўнымі, ключы ад кааператыва і розныя дакументы. Агульныя страты ад рабавання, разам з торбачкай, склалі 30 злотых.
Няўдзячны госць
Сярод гасцей «міласцівай» Марыі Сабко, якая пражывае на вул. Траўгута, 12 (цяпер Дзімітрава), знайшоўся жыхар Жабінкі, пан Вацлаў Траяноўскі, вялікі аматар ювелірных вырабаў. Заўважыўшы залаты пярсцёнак у Сабко на пальцы, ён захацеў яго купіць. Пані Марыся, прадчуваючы кепскае, адмовілася. Тады «джэнтльмен» з Жабінкі выкруціў пацярпелай руку, зняў пярсцёнак і нацягнуў яго сабе на палец. Калі няшчасная «гаспадыня» папрасіла «госця» вярнуць пярсцёнак, той не вельмі далікатна стаў пагражаць ёй «даць у зубы», пасля чаго уцёк з жытла. На ўзняты пані Сабко гвалт прыбег паліцыянт, забраў у аматара чужых рэчаў пярсцёнак і вярнуў гаспадыні. Здарэнне было запісана ў пратаколе. Пан Траяноўскі тросся ад страху, але не толькі перад правасуддзем, але і перад… жонкай.
7 лістапада
Кола сяброў 78 пяхотнага палка
2 лістапада ў Баранавічах было створана Кола сяброў 78 пяхотнага палка, якое ўзначаліў пан Юзэф Любанскі, намеснік старасты горада.
8 лістапада
Аўтамабільныя курсы
20 лістапада ў Баранавічах адкрываюцца аўтамабільныя курсы Вацлава Чычынскага, якія зацверджаны куратарам Віленскага школьнай акругі. Па меры запісу кандыдатаў цяпер будуць праводзіцца аўтамабільныя курсы для прафесіяналаў, аматараў, матацыклістаў і трактарыстаў.
Вылавілі тапельца
Андрэй Пятрушка, жыхар вёскі Бараўцы, вылавіў у рацэ Мышанка труп невядомай жанчыны. У выніку праверкі выявілася, што гэта 34-гадовая жыхарка той самай вёскі Ганна Карней, якая некалькі дзён таму сышла з дому ў выніку абвастрэння псіхічнай хваробы. Праўдападобна, што жанчына, хворая яшчэ і на эпілепсію, здзейсніла самагубства.
Растраты
Кіраўнік станцыі Баранавічы, пан Кавалеўскі, паведаміў паліцыі, што чыгуначны касір Станіслаў Сапега скраў у дзяржавы 2543 злотых, якія на працягу года растраціў. Арыштаваны Сапега прызнаў сваю віну.
20 лістапада
Пераехала таксоўка
На скрыжаванні вуліц Грабоўскай (цяпер Куйбышава) і Сенатарскай (Горкага) жыхара вёскі Вулька Томаша Патоцкага пераехала таксоўка №79068, за рулём якой быў Бенцыян Брэўда. Медычную дапамогу лёгка пацярпеламу аказаў лекар мясцовай бальніцы.
Узлом
З хлява Казіміра Бубна на вуліцы Вадацэнговай, 7 (цяпер Першукевіча) былі скрадзены з дапамогай узлому 2 свінні вартасцю 250 злотых. Падчас следства свінні былі знойдзены ў вёсцы Анісімавічы і вернуты гаспадару.
21 лістапада
Арыштавана шайка
На жыхарку Свяцілавіч Марыю Шулейку, якая ішла вечарам на вуліцы Каперніка (цяпер Халасцякова), напалі два мужчыны. Пры гэтым адзін паваліў яе на зямлю, спрабуючы згвалціць. На крыкі жанчыны прыбеглі прахожыя і вырвалі яе з рук злачынцаў. У адным з нападнікаў Шулейка пазнала Міхаіла Ліцкевіча, які жыве на вуліцы Каперніка, 54.
Ліцкевіча арыштавалі. Акрамя таго, арыштавалі яго кампаньёнаў: Сяргея Мурзына і Тэадора Шукалу, якія напалі на Васіля Якімчыка з в. Ястрамбель, патрабуючы грошы, і знішчылі воз, на якім былі прадукты, купленыя Якімчыкам. Рабаўнікоў і авантурнікаў арыштавалі. Тэадор Шукала меў пры сабе рэвальвер сістэмы «гішпанец» з патронамі.
GazetaPolska
Электрычныя недамаганні, ці Баранавічы ў лістападзе
12 лістапада
Польскі ўрад выступіў з ініцыятывай шырокай электрыфікацыі гарадоў, якая павінна пачацца з паўночнай Польшчы. <…>
Часта гарады самі вінаватыя ў тым, што пытанне электрыфікацыі не было паспяхова вырашана. Маем на ўвазе Баранавічы. Горад апынуўся ў шчаслівым становішчы, калі пасля шматлікіх перамоў з чыгуначнымі ўладамі атрымаў максімум таго, што мог атрымаць крэсовы горад, а менавіта ўласны электрычны ток.
І тут пачынаецца сапраўдная трагедыя «электрычнага аддзела» магістрата. Гарадская электрастанцыя абслугоўваецца чыгуначным персаналам, што прывяло да заблытанай юрыдычнай адказнасці за яе няспраўнасць. А гэта ў першую чаргу адчуваюць карыстальнікі.
Нездарма ж тут са святлом адбываюцца неверагодныя рэчы: святло згасае кожныя пяць хвілін, і адбываецца гэта то ў адным, то ў іншым раёне. Здараецца, што мантажнік рамантуе адну лінію, тым часам электрычнасць знікае на другой, а калі мантажнік пераходзіць на другую лінію, гасне на першай, і так некалькі разоў.
Варта падкрэсліць, што гарадская электрастанцыя з дэфектамі трансфарматараў мае некалькі ліній, якія абслугоўвае адзін электраманцёр, які фізічна не спраўляецца са сваёй працай. Але не ў гэтым справа, таму што памылкі і недахопы могуць быць дзе заўгодна. Гаворка ідзе толькі пра сілу току, якая настолькі слабая, што прыводзіць да сістэматычнага псавання зроку ў людзей, пра што могуць засведчыць мясцовыя афтальмолагі. Ці не бярэ магістрат у такім выпадку зашмат адказнасці на сябе? Ці не збіраецца гэта неяк выправіць?
Электрастанцыя спаганяе плату з жыхароў горада за нармальны ток і атрымлівае прыбытак, але паляпшэнняў няма, ніякі рамонт не праводзіцца. Наадварот, з дня ў дзень вы адчуваеце вялікую «слабасць» электрычнасці.
Абаронцы электрастанцыі лічаць, што лакамабілі, якія прадукуюць электрычнасць, перагружаныя, а электрычныя сеткі занадта вялікія. Я пагаварыў з адным інжынерам, які назваў падобную заяву недарэчнай, сказаўшы, што магутнасць электрастанцыі дазваляе працаваць з сеткамі ў два разы большымі, чым ёсць цяпер.
Дык у чым памылка? Напэўна, у нежаданні вырашаць праблемы, якія могуць быць ліквідаваны па меншай меры з мінімальнымі выдаткамі.
Як мы даведаліся, Банк Польскі ў бліжэйшы час створыць у Баранавічах свой правінцыйны аддзел. Гэты крок банка тлумачыцца той акалічнасцю, што Баранавічы набываюць усё большую значнасць у гаспадарцы Польшчы.
14 кастрычніка
Кіроўцу забіла токам
13 кастрычніка падчас павароту аўтобуса «Баранавічы-Моўчадзь» ровар, што ляжаў на даху машыны, зачапіўся за электрычны дрот. Кіроўца аўтобуса Шэўчык, жадаючы адчапіць ровар, схапіўся за дрот і атрымаў смяротны электрычны удар. Няшчасны кіроўца асіраціў жонку і двух дзяцей. Пасля такога трагічнага выпадку хацелася б спытаць, ці ўсё ў парадку ў мясцовым Магістраце, які церпіць занадта нізка спушчаныя электрычныя кабелі.
Атака на Баранавічы
Ужо за дзень да пачатку вучэнняў жыхары горада горача абмярковаўлі, ці праўда, што заўтра будуць пускаць газ. Інтэлігенцыя ўсміхалася і жартавала з начальнікаў штаба і камандзіраў, але тыя працягвалі сабе працаваць, каб усё добра было падрыхтавана.
10 кастрычніка, а 8-й гадзіне, у галоўным штабе ў кінатэатары Apollo (цяпер пляц паміж гатэлямі «Марыінскі» і «Гарызонт». – Рэд.) камандзіры, інструктары і медыкі атрымалі апошнія загады, пасля чаго разам з тэхнічнымі памочнікамі падаліся на свае пункты. А 10-й гадзіне было ўсё ў гатова. Сувязь, палявыя тэлефоны, санітаркі, харцэры і г.д. – усё пачало віраваць.
Імчыць па горадзе аўто цывільнага каменданта, які ў атачэнні цывільных ад’ютантаў аб’язджае пункты: Шаптыцкага (цяпер Савецкая), Макабі (яўрэйскі спартовы клуб у Польшчы) і кірмаш (цяпер на гэтым месцы збудаваны раддом). Камендант сочыць за падзеямі і моцна задаволены тым, як працуюць яго падначаленыя.
А 11-й гадзіне з’яўляюцца аэрапланы, якія пускаюць газ. Людзі плачуць – можа, за ўсе свае ранейшыя грахі выліваюць пакутніцкія слёзы. Кірмаш – самы складаны ўчастак. Прамову каменданта аб «пачатку атакі на горад» тут слухае прынамсі 2000 чалавек. Пачынаецца ратаванне пацярпелых ад газавай атакі. Дапамогу на месцы атрымліваюць 40 легкапацярпелых добраахвотнікаў, што згадзіліся гуляць такую ролю падчас вучэнняў. Адной пацыентцы з-за моцнага атручвання газам патрабуецца дастаўка ў шпіталь.
Па палудні ў Баранавічы з боку, адкуль не чакаўся напад, улятае «варожая» кавалерыя ў чорных масках і трыўмфальна захоплівае гарадскую артылерыю. Пяхота, якая павінна абараняць горад з іншага боку, злосна тупае па Слонімскаму шасэ ў накірунку горада, павярнуўшы сваё аблічча разам з нагамі да Баранавіч.
Так як пяхота заўсёды пяхота, а бліскучыя штыкі больш трывалыя за конскія хвасты, войска рушыць усім размахам на «чорныя маскі», якія ў страху пачынаюць адыходзіць, засланяючыся дымам. Час ад часу чуваць стрэлы і лёгкія хмаркі з’яўляюцца ў небе.
Вясёлымі, мілымі і вельмі карыснымі былі гэтыя гадзіны як для войска, так і для цывільнага насельніцтва. Усе прайшло спраўна. Усе задаволеныя. Супрацьгазавая абарона таксама паказала сябе на вышыні дзякуючы высілкам войска і ўладаў LOPP (Ліга паветранай і супрацьгазавай абароны), а таксама ўсіх удзельнікаў гэтых вучэнняў.
Пасля заканчэння адбылося супольнае фатаграфаванне з гасцямі-лётчыкамі, каля помніка Невядомаму салдату (цяпер на месцы помніка клумба насупраць гатэля «Гарызонт». – Рэд.).
24 кастрычніка
Пераеханы аўтобусам
Аўтобус, які курсуе паміж Баранавічамі і Гарадзішчам, пераехаў Адама Панцэвіча, жыхара вёскі Мікулічы. Пацярпелага адвезлі ў гарадскі шпіталь, дзе дактары канстатавалі пералом нагі ў раёне сцягна.
Аматары патэфона
Да музычнай крамы пана Герца Цырынскага на вул. Шаптыцкага (цяпер Савецкая) 18 кастрычніка зайшлі два чалавекі і папрасілі паказаць мандаліну. Спрытнюгі доўга разглядалі розныя мандаліны, не могучы абраць нейкі пэўны інструмент. Гаспадар быў заняты іншымі кліентамі. Толькі праз некалькі хвілін, пасля выхаду з крамы вышэйзгаданых «кліентаў», пан Герц заўважыў адсутнасць швейцарскага патэфона коштам 140 злотых. Пагоня за злодзеямі не прынесла выніку.
26 кастрычніка
Крадзеж ровара
Пан Мацей Шукала пакінуў на падворку дома №2 па вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая) ровар фірмы Dürkopp рэг. №324, коштам 150 злотых. Якое ж было расчараванне гаспадара, калі ён не знайшоў ровар пазней на падворку. Пешкам падаўся пан Шукала да паліцыі, каб паведаміць аб крадзяжы. Паліцыя ўжо ўзяла след злодзея-раварыста.
28 кастрычніка
Харцэрства ў Баранавічах
Харцэры ў Баранавічах падзеленыя на тры дружыны. Першая дружына існуе ў дзвюх гімназіях: дзяржаўнай імя Рэйтана і прыватнай пані Шуліцкай; другая ахоплівае сярэдне-спецыяльныя установы: тэхнічную і гандлёвыя школы; трэцяя – усе пачатковыя школы. Акрамя таго, самыя малодшыя харцэры групуюцца ў дружыне «ваўчанят». Да нядаўняга часу баранавіцкія дружыны належалі да брэсцкай харугвы, а з нядаўняга часу перайшлі да віленскай харугвы, пасля чаго ў горадзе пачаўся значны рост арганізацыі і яе працы. Да ўзмацнення становішча харцэрства ў мясцовым грамадстве ў значнай ступені прычыніўся камандзір атрада настаўнік пан Матыяшук, які з дэвізам «не колькасць, а якасць» узяўся за энергічную работу ў дружынах. Дзякуючы яму, хаця колькасць харцэраў у трох дружынах не такая і вялікая – каля 70 асобаў, з пункту погляду выканаўства, дысцыпліны а таксама вартасці маральнай і фізічнай іх можна параўнаць нават са сталічным харцэрствам.
Першым важным выступам харцэраў была дапамога ў супрацьгазавай абароне падчас авіягазавай атакі на Баранавічы (маюцца на ўвазе вучэнні, апісаныя вышэй. – Рэд.). Харцэрства фактычна паказала, што не толькі ўмее з фантазіяй насіць мундзір харцэрскі і разбіраць намёты на прыгарадных падарожжах, але, можа, у разе патрэбы годна дапамагае сваім блізкім.
Таму зычым харцарству і яго камандзірам далейшей плённай працы да дапамогі грамадскасці і папулярызацыі 10 сваіх харцэрскіх запаветаў.
31 кастрычніка
З нажом на рынак
На Канстанціна Малевіча, жыхара вёскі Анісімовічы Навамыскай гміны, напаў 28 кастрычніка, а 19-й гадзіне, яго супернік Спірыдон. Ён ударыў Малевіча нажом у правае сцягно, а таксама дубінай некалькі разоў па галаве. Пацярпелы знаходзіцца ў амбулаторыі гарадской бальніцы. Паліцыя шукае злачынцу.
Цяжкія пашкоджанні цела
28 кастрычніка жыхары вёскі Шпакоўцы Захар Раманка і Мікалай Савіч вярталіся з Новай Мышы дадому. Раптам, невядома адкуль, на дарогу выйшла банда сялян з Цюхнавіч на чале з Ваўком, жыхаром той самай вёскі. Яны пачалі жорстка здеквацца з Раманкі, потым ударылі яго па галаве сякерай. Савіча, які абараняў суседа, білі палкамі і таксама сякерай па галаве. Цяжка параненага Раманку павезлі ў бальніцу, Савіч лечыцца дома. Хаўруснікаў з банды затрымалі і перадалі ў распараджэнне следчага суддзі.
Злодзей эмігрант у хаўрусе з мясцовым перакупшчыкам
15 кастрычніка абакралі кватэру пані Турэцкай па адрасе вуліца Каляёвая, 44 (цяпер Вільчкоўскага). Скралі жаночы і мужчынскі гардэроб на суму 2000 злотых. Адважны наш камісарыят паліцыі шмат працаваў, каб разгадаць загадку крадзяжу. Расследаванне і ператрус далі выдатныя вынікі. Учора былі затрыманыя эмігрант з Расіі Іваноў і «тутэйшы» перакупшчык скрадзенага Кіцун, у якога знайшлі ўвесь гардэроб. Пані Турэцкая на сёмым небе ад шчасця, а няўдзячны эмігрант-злодзей разам са сваім калегам сядзяць за кратамі.
Пажары
27 кастрычніка, а 23-й гадзіне, у вёсцы Мілавіды пачаўся пажар у гаспадарцы Аляксандра Брончыка. Полымя ахапіла дом разам з хлявом і гумном, дзе захоўваўся сёлетні ўраджай. Моцна абгарэлі конь і карова. З людзей ніхто не пацярпеў. Гаспадар падлічыў страты ў 850 злотых. Будынкі былі застрахаваныя на 2000 злотых. Прычына пажару не выяўлена. Расследаванне праводзяць паліцэйскія з пастарунка ў Мілавідах.
Naszprzyjaciel
4 кастрычніка
Былы вайсковец хоча змагацца, абараняючы жыдоў у Палестыне
Пан Раман Мушчак, інструктар асацыяцыі «Стралец» у Баранавічах, напісаў ліст да Саюза Жыдоў:
«Я гатовы ў любы момант паехаць з вамі ў Палестыну і змагацца за свабоду з тымі, хто змагаўся разам з намі за свабоду Рэчы Паспалітай. Як былы унтэр-афіцэр польскай арміі і інструктар стралковай асацыяцыі, я мог бы быць вельмі карысным і патрэбным у вашых шэрагах. Калі ласка, вазьміце мяне ў свае шэрагі, я гатовы ахвяраваць жыццём за вашу свабоду. Р. Мушчак».
На жаль, жыды пагардліва адмовілі шчырым намерам прапанаванай дапомагі з боку пана Р. Мушчака.
У 1929 годзе ў Баранавічах было 27 кавярняў, 4 гарбатні (чайных) і 5 цукерняў. А вось піва ў нашым горадзе разьлівавлі толькі ў 14 адмысловых установах. Сёньня ўсё перакруцілася – разьліўное піва знайсьці значна лягчэй чым дорую каву.
Самая знакамітая кавярня месьцілася на рагу сучасных’ вуліц Савецкай і Камсамольскай месьцілася кавярня “Złoty róg“. Яна патрапіла на некалькіх тагачасных паштоўках.
вул. Шаптыцкага (цяпер Савецкая), зьлева кавярня “Залаты кут”. Паштоўка міжваеннай Польшчы. Са збораў Руслана Равякі.
Дарэчы, шмат хто цяпер чытае тую кавярню – “Залаты рог” (трэба руг), што ў перакладзе з польскай – “Залаты кут“, бо месьцілася на рагу двух віліц.
Аптэка на рагу вул. Савекцкая й Камсамольская, кан. 40-х гг. Фота са збораў Руслана Равякі
Пасьля далучэньня Баранавічаў да БССР прыватная ўласнасьць была нацыяналізаваная. Па вайне ў будынку кавярні працавала аптэка.
Першамайскі парад на плошчы Леніна. Далей відаць будынак аптэкі. Фота са збораў Руслана Равякі
У 70-я гады ХХ ст. будынак зьнесьлі. А праз пэўны час там пабудавалі гатэль “Далягляд” (Горізонт).
Скрыжаваньне вул. Савецкай і Камсамольскай. Зправа відаць плот, якідзе павінна весьціся руйнаваньне аптэкі й будаўніцтва гатэлю “Далягляд”. фота з сайту bartrans.net