Некалі быў у Баранавічах вар’ят Дзіма, якога ведалі ўсе і які ніколі не маўчаў, а балбатаў тое, што думае. Цяпер няма яго – адыйшоў колькі год таму ў лепшы сьвет.
Але дзівакі ў горадзе не зьвяліся. Некалькі чалавек, шмат год спрабуюць неяк прыцягнуць увагу да праблемаў на якія хворы наш горад і грамадзтва. Зьбіраюць подпісы, падаюць заяўкі на пікеты. Усе яны ўспрымаюцца і ўрадоўцамі і шэраговымі грамадзянамі ў лепшым выпадку дзівакамі, які надакучваюць “разьдзьмутымі на пустым месцы” праблемамі. Нехта кажа, што яны так піярацца ці адпрацоўваюць грошы Захада. Нехта іх падтрымлівае, але толькі ў душы, ды на кухні за куфлям піва.
Нам, той большасьці. нічога ня трэба акрамя чаркі, шкваркі і іншамаркі. Калі б не прымушалі купляць квіткі на працы, большасьць спэктакляў і канцэртаў у Баранавічах праходзіла б пры пустых залях. Нягледзячы на папулярызацыю спорту – пустым застаецца і Лядовы палац, куды ходзяць адзінкі. І як ён будзе акупацца? Спробы аднаго мясцовага ксядза прывіць любоў вернікаў да клясычнай музыкі праваліліся. Большасьць прыхаджанаў пасьля нядзельнай службы зрывецца зь места і нясецца на кірмаш ці супермаркет побач, не затрымліваючыся на 20 хвілін каб паслухаць запрошаных музыкаў.
Усё павінна быць рацыянальна і спрошчана. Нашто нам нейкія складанасьці і дадатковыя праблемы. Няхай той самай экалёгіяй, АЭС, палітыкай, парадкам на лесьвінчай пляцоўцы займаецца нехта іншы, ня лезьце толькі да мяне ў душу.
Згадайце, кім мы хацелі стаць у дзяцінстве? Кім уяўляліся сябе? Кожны лічыў, што ён вырасьце героем, моцным духам, будзе трымацца праўды і справядлівасьці, рабіць толькі тое, што падкажа сэрца і душа. Змагацца з паскудствам… І кім мы сталіся?
Прыстасаванцамі, якія падладжаюцца пад начальства, выконваючы розныя дурныя і няправільныя загады. Мы маўчым, глытаем крыўды і спрабуем праяўляць “сапраўднае сбяроўства” з тымі людзьмі, што нам непрыемныя, але спатрэбяцца для нечага. Падстаўляем і забываем сяброў. Цягнем нешта з працы, пьем па закавулках. Пражыгаем жыцьцё за тэлевізрам і кампутарам. Але ў душы нам сьвярбіць, што робім нешта ня так, што марнуем сваё жыцьцё, ды спыніцца ўжо ня можам.
Таму і дзівяць, нават злуюць нас тыя адзінкі актыўных. Тыя актывісты, што соўваюцца з падпіснымі лістамі ў абарону нейкіх будынкаў, кабельных каналаў ці патрэбы асфальтаваньня вуліц. Ці журналісты, якія раскопваюць праўду пра здохлых сьвіней і лезуць з мікрафонам і камэрай, спрабуючы знайсьці праўду. Ці сусед, што ранкам накручвае кілямэтры на спартовай пляцоўцы. Ці знаёмы, што піша дэсэртацыю, падарожнічае на ровары, зьбірае маркі.
Злуемся, бо нам даўно зразумела – яны нешта змаглі пераламаць у сабе, а мы…